Жыццёвая нiва не лягла крыва

Общество

Механізатар СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» Віктар ТУР працаваць у сельскую гаспадарку прыйшоў не па закліку сэрца, хоць у свой час і скончыў Валожынскі сельгасліцэй, тады яшчэ вучылішча, па адпаведнай спецыяльнасці. Доўга імкнуўся “зачапіцца” ў горадзе, змяніў некалькі работ, нават ваеннай службы паспытаў, але, як кажуць людзі, усё адно жыццё складзецца так, як наканавана лёсам…

Амаль адразу пасля арміі Віктар ажаніўся. Разам з жонкай Ларысай удосталь зведалі “смак” здымных кватэр. Марылі пра ўласнае жыллё, але ў горадзе будавалі тады мала, а ў вёсках дамы для работнікаў узводзіліся. Вось і пераехалі ў Бабровічы. Ён уладкаваўся трактарыстам, знайшоўся занятак па душы і жонцы, якая зараз працуе загадчыцай мясцовага клуба. Пераход да вясковага ўкладу абаім даўся лёгка, што і не дзіва – яны ж нарадзіліся і выраслі ў сельскай мясцовасці, а гэтыя карані моцныя. Прывялі ў парадак прысядзібны ўчастак, канчаткова шкадаваць аб горадзе перасталі тады, як сабралі першы ўраджай з уласнага агарода. Неўзабаве абзавяліся і жыўнасцю. Прымальнымі аказаліся і заробкі ў гаспадарцы. За некалькі гадоў атрыманы будынак Віктар давёў да “розуму”: ёсць гарачая вада, каналізацыя, газавае ацяпленне. Потым пры першай жа магчымасці дом прыватызавалі, каб стаў ён радавым гняздом для іх дзяцей.

Старэйшы сын, шаснаццацігадовы Ягор, збіраецца стаць праграмістам; малодшаму, дзесяцігадоваму Руслану, аб будучай прафесіі задумвацца пакуль рана. Але ёсць адно, што збліжае хлопцаў, – вялікая ахвота дапамагаць бацьку. Разам пабудавалі альтанку, цяпер вось зруб пад лазню рыхтуюць.

Шкада толькі, што графік вольнага часу ў сыноў і бацькі не супадае: у іх – канікулы, а ў таты на рабоце – самая гарачая пара. Водпуск у Віктара звычайна зімой. Склаўшы рукі ён не сядзіць. Сёлета, напрыклад, запланаваў шпалеры пераклеіць, падлогу падрамантаваць. Дарэчы, як прызнаецца Віктар, гэтыя будзённыя справы па дому сталі для яго і адпачынкам, і хобі. Цяжкая праца хлебароба не дазваляе мець шмат захапленняў. Бывае, што месяцамі няма часу паглядзець тэлевізар, пачытаць. А пра сяброўства з “зялёным змеем” і гаварыць няма чаго: будзеш у чарку заглядаць – тэхніку ніхто не даверыць.

Зараз Віктар працуе на трактары “МТЗ 1025”. Пасля цяжкай змены ў майстэрні ёсць магчымасць прывесці сябе ў парадак – пераапрануцца, прыняць душ, папіць чаю. Тут часам выпадае магчымасць перакінуцца словам з калегамі, абмеркаваць работу, падзеі ў свеце, мясцовыя навіны. А яшчэ гаворкі вясковых жыхароў вядуцца і аб тым, што хвалюе і гараджан: якія легкавушкі больш надзейныя, скідкі на бытавую тэхніку, модныя тэндэнцыі на адзенне і мэблю.

Той паварот лёсу, калі Віктару прыйшлося злучыцца са спрадвечнай справай сваіх продкаў, ён лічыць шчаслівым і зусім не крыўдуе, што так і не стаў гараджанінам…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий