На п’едэстале заслужанай славы мiншчыны

Официально

Вілейка ў мінулую пятніцу стала эпіцэнтрам хлебаробскай славы Міншчыны. Сюды на «Дажынкі» прыехалі працоўныя дэлегацыі з усіх куткоў сталічнай вобласці. Ужо па шляху да гэтага горада можна было зразумець, якое знамянальнае свята тут ладзіцца: у прыдарожных зонах былі ўстаноўлены шматлікія арыгінальныя кампазіцыі, зробленыя з рулонаў саломы і іншых матэрыялаў. Мастацкай выдумцы, бязмежнай фантазіі стваральнікаў гэтых скульптурных кампазіцый можна было здзіўляцца бясконца. А ўпрыгажэнне сталіцы абласных «Дажынак-2015» увогуле нагадвала яркую маштабную дэкарацыю. Некалькі клапатлівых дзён затрацілі арганізатары свята на аздабленне цэнтральнай часткі горада.

Кульмінацыяй абласных «Дажынак», вядома ж, была цырымонія ўзнагароджання перадавікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны АПК. Пераможцы, якія занялі ў абласным спаборніцтве другія і трэція месцы, прымалі Ганаровыя дыпломы з рук першага намесніка старшыні аблвыканкама Ігара Мікалаевіча Макара. У ліку тых, хто ўдастоіўся гэтага гонару, былі і нашы землякі: аператар па штучным асемяненні жывёлы вытворчага ўчастка «Пугачы» ТАА «Тарасава» Наталля Валер’еўна Варнаўская, аператары па вырошчванні БРЖ з ААТ «Агра-Дубінское» Дзіна Канстанцінаўна Сапач і Алена Леанідаўна Карзюк, а таксама іх калегі з СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» – Сяргей Віктаравіч Пуставы і Надзея Аляксандраўна Шакун.

Галоўнай часткай святочнай праграмы стала ўрачыстае пасяджэнне, якое пачалося ў 14.30 у Вілейскім палацы культуры. Шаноўную публіку, якая прысутнічала ў вялікай зале абноўленага пасля капітальнага рамонту Палаца культуры, шчыра вітаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра. Каля сотні працаўнікоў вёскі, лепшых хлебаробаў, а таксама галоўных спецыялістаў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, старшынь райвыканкамаў былі ўзнагароджаны ў той дзень на галоўнай сцэне «Дажынак». Да выніковага хлебаробскага свята аграрыі сталічнай вобласці прыйшлі з добрымі працоўнымі здабыткамі. Міншчына і сёлета захавала рэпутацыю галоўнай жытніцы краіны. На палетках сельгаспрадпрыемстваў сталічнага рэгіёна ў гэтым годзе намалочана 2 мільёны 177 тысяч тон зерня.

Парадавала хлебная ніва сабраным ураджаем: з аднаго гектара атрымана ў сярэднім па 41,5 цэнтнера зерня. Гэта другая пазіцыя ў рэспубліцы пасля Гродзеншчыны. Цешыць, што на Міншчыне ёсць гаспадаркі, дзе збіраюць на зайздрасць рэкордныя ўраджаі. А бясспрэчным флагманам лічыцца СВК «Агракамбінат Сноў», якім кіруе славуты М. В. Радаман. У гэтай гаспадарцы сёлета на круг у сярэднім было сабрана па 101,6 цэнтнера зерня. На другой пазіцыі ў абласным рэйтынгу таксама гаспадарка з Нясвіжчыны – ААТ «Новае жыццё». У дзясятцы самых лепшых па намалотах сярод сельгаспрадпрыемстваў вобласці знаходзяцца аж 6 з Нясвіжшчыны. Высокім намалотам на 1 гектар могуць пахваліцца і Мінскі, Дзяржынскі, Клецкі раёны. А вось пераканаўчым лідарам у індывідуальным спаборніцтве сярод старшых камбайнераў ужо каторы год становіцца неаднаразовы прызёр рэспубліканскіх «Дажынак» хлебароб з агракамбіната «Ждановічы» Мінскага раёна Віктар Васільевіч Стэльмах. У сёлетняе засушлівае лета яму пакарыўся намалот у 7,5 тысячы тон.

Хлебны каравай Міншчыны досыць важкі. Больш за 100 тысяч тон ураджаю-2015 сабралі ў Нясвіжскім, Мінскім, Слуцкім, Салігорскім, Пухавіцкім, Дзяржынскім, Капыльскім, Клецкім раёнах. Сёлета да правафланговых рэгіёнаў далучыліся і Стаўбцоўскі, Барысаўскі раёны, дзе забяспечана вялікая прыбаўка ўраджаю. Значны плюс па намалоце каласавых культур мае Вілейшчына, яна невыпадкова стала месцам правядзення абласнога фестывалю-кірмашу.

З галоўнай святочнай сцэны кіраўнік абласной вертыкалі ўлады С. Б. Шапіра шчыра павіншаваў пераможцаў спаборніцтва, уручыў ім Ганаровыя дыпломы. Прыемна было глядзець, як разам са сталымі людзьмі на сцэну выходзілі і маладыя прадстаўнікі сельскагаспадарчай галіны. Некаторыя з іх – радавыя працаўнікі, а некаторыя, нягледзячы на юны ўзрост, асілілі нялёгкую кіраўніцкую ношу. Лепшым маладым кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў вобласці старшыня аблвыканкама ўручыў Падарункавыя сертыфікаты на 1 мільярд рублёў. Шчырымі словамі прызнання і падзякі за адданасць выбранай справе, роднай зямлі С. Б. Шапіра вітаў лепшыя працоўныя дынастыі Міншчыны. Былі на «Дажынках» удзячным словам прыгаданы і старшыні аблвыканкамаў, якія ў свой час працавалі на гэтай адказнай пасадзе.

Важныя моманты дажынкаўскага святочнага дня былі ўвасоблены ў фотаздымках для стварэння летапісу сталічнага рэгіёна. У той дзень папоўніўся і спіс Ганаровых грамадзян Міншчыны. Да гэтай кагорты заслужаных людзей 13 лістапада афіцыйна далучыліся брыгадзір малочнатаварнай фермы са Стаўбцоўшчыны Зінаіда Ярашэвіч, мастак з Лагойшчыны Сяргей Давідовіч і ветэран сельгасвытворчасці са Слуцкага раёна Мікалай Васілевіч.

Уразіла сваім выразным тэматычным афармленнем святочная сцэна Палаца культуры. Выкарыстоўваючы магчымасці камп’ютарнай графікі, мастакам-дызайнерам удалося стварыць асаблівую дажынкаўскую атмасферу. Відэазамалёўкі пра пераможцаў абласнога спаборніцтва, фотахроніка пра жыццё і працу галоўных герояў «Дажынак» таксама сталі адным з яркіх элементаў афармлення сцэны.

Акрамя Ганаровых дыпломаў, прэмій, цёплых і зычлівых слоў віншавання, удзельнікі абласных «Дажынак» атрымалі ў падарунак і вялікі святочны канцэрт. Лепшыя калектывы Міншчыны арганізатары свята сабралі і ў адзін яркі творчы вянок, каб артысты парадавалі гледачоў сваім бліскучым выканальніцкім майстэрствам. Сапраўдным падарункам гледачам стаў удзел у святочным канцэрце Дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята», а таксама папулярнай спявачкі Жанэт, Анатоля Ярмоленкі і іншых зорак.

Атмасфера свята адчувалася не толькі ў глядзельнай зале, але і на вуліцах горада. Візітнай карткай кожнага раёна былі абсталяваныя на «Дажынках» імправізаваныя падворкі. Тут размясціліся гандлёвыя кропкі, майстэрні рамеснікаў, выставы творчых прац, рэалізоўвалася і разнастайная прадукцыя прадпрыемстваў. У прыватнасці, гандлявалі наша райспажыўтаварыства, ільнокамбінат, фермерская гаспадарка «Дзіўны сад», лясгас. Падворкі нібы спаборнічалі паміж сабой у арыгінальнасці афармлення, ва ўменні прыцягнуць увагу шматлікіх удзельнікаў свята. Дастойна выглядала і наша Валожыншчына.

Мінулая пятніца ў Вілейцы была афіцыйна аб’яўлена выхадным днём, а рабочы дзень было вырашана перанесці на адзін з суботніх. Таму і 27-тысячны горад, і сотні гасцей, якія прыехалі сюды, маглі паўнавартасна адпачыць, пасядзець у імправізаваных кафэ пад адкрытым небам, наведаць шматлікія гандлёвыя кропкі, якія доўгім ланцужком расцягнуліся на многія-многія кіламетры. На цэнтральнай плошчы была абсталявана сцэна, на якой выступалі самадзейныя творчыя калектывы і прафесійныя артысты са сталіцы. А завяршыўся гэты святочны дзень яркім феерверкам.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий