Сельскi ўчастковы

Закон и порядок

Як і прадстаўнікі розных прафесій, участковыя інспектары міліцыі таксама маюць сваё свята, якое адзначаецца 17 лістапада.

Маёр Ігар Уладзіміравіч СУХАДОЛЕЦ – адзін з самых вопытных участковых інспектараў міліцыі ў раёне, служыць ім больш за чвэрць стагоддзя, прайшоўшы папярэднюю загартоўку ў разнастайных міліцэйскіх аддзелах і падраздзяленнях, не раз атрымліваў падзякі і граматы, узнагароджваўся медалямі і адзнакамі, яго партрэт размяшчаўся на раённай Дошцы гонару.

Між тым, пра міліцэйскую работу Ігар Уладзіміравіч напачатку самастойнага жыцця не думаў. Як і большасць вясковых юнакоў, ён пасля школы атрымаў сельскагаспадарчую спецыяльнасць у прафтэхвучылішчы. Спадзяваўся, што ўладкуецца на працу ў калгасе, а жыць будзе калі не ў родных Жураўцах, то ў суседняй Сакаўшчыне. Але карэктывы ў планы ўнесла армія. Служыць давялося ў Маскве, у войсках, звязаных з міліцыяй. Вярнуўшыся дадому і маючы спецыяльныя навыкі, без цяжкасцей залічваецца ў штат РАУС.

Нялёгкім аказаўся “старт” Ігара Сухадольца. Далёкія 90-я гады мінулага стагоддзя нярэдка называюць “ліхімі”. Эканамічная разруха цягнула за сабой рост злачыннасці і правапарушэнняў. Узбалацкая зона і вёска Забрэззе, дзе ён пачынаў, ціхімі не былі. Амаль у кожным доме гналася самагонка, сямейныя скандалы адбываліся ледзь не штодня, учыняліся крадзяжы асабістай і грамадскай маёмасці, нікога ўжо не здзіўлялі “налёты” на магазіны… Вялікай заставалася рызыка “схапіць” пры затрыманні злачынцы кулю ці атрымаць нажавое раненне.

Але ўсё ж большасць людзей імкнуліся да стабільнасці, законапаслухмянасці. Устанаўліваць парадак міліцыі дапамагалі прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, настаўнікі. Зараз у І. У. Сухадольца ўчастак большы (ад Гардынава да Дубіны), а схільных да супрацьпраўных паводзін можна на пальцах пералічыць. Як лічыць Ігар Уладзіміравіч, у гэтым заслуга і праваахоўных органаў, і актыўнасці грамадзян.

Участковы кажа, што зло, як пустазелле, цалкам выкараніць немагчыма, але там, дзе з “благой травой” змагаюцца, у яе няма шансу буйна раскусціцца. Не спрачаецца ён і з народнай прымаўкай, што “яблык аб яблыні недалёка падае”. Ёсць прозвішчы, якія характарызуюцца адмоўнымі “дынастыямі”: бацька ўсё жыццё не вылазіў з ЛПП, і сыны п’яніцы горкія. Здараецца, што прадстаўнік кожнага пакалення роду ў турме пабываў і не па адным разе.

Ігар Уладзіміравіч гатоў прывесці безліч аргументаў на карысць таго, што галоўную выхаваўчую функцыю нясе сям’я. Школа, міліцыя, грамадскасць могуць толькі дапамагчы чалавеку не збочыць з правільнага шляху.

Таму, нягледзячы на пастаянную занятасць, І. У. Сухадолец заўсёды стараўся як мага больш часу правесці з дзецьмі. Разам з жонкай, якая працуе загадчыцай аддзялення паштовай сувязі ў Дубіне, выгадавалі дачку і сына. Дачка, дарэчы, таксама звязала свой лёс з праваахоўнымі органамі і зараз працуе ў Маладзечанскай пракуратуры.

Свайму бацьку, трапнаму паляўнічаму і ўдачліваму рыбалову, Ігар Уладзіміравіч удзячны калі не за выбар прафесіі, то за хобі: любіць пахадзіць з ружжом па лесе, пасядзець з вудай. Яму як патомнаму селяніну энергію і сілы можа даць толькі непасрэдная блізкасць з прыродай, яе хараство і гармонія.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий