Каб мацнела сувязь пакаленняў

Культура

Так мы назвалі сустрэчу з Марыяй Антонаўнай Шакун – настаўнікам, паэтам, добрым, шчырым, мудрым чалавекам, якая адбылася ў Івянецкай школе.

На сустрэчу сабраліся вучні старэйшых класаў і педкласа. Гучалі вершы “Не шкадуйце добрых слоў”, “Жыццёвае поле”. Марыя Антонаўна гаварыла пра дабрыню, справядлівасць, любоў да сваіх блізкіх і родных, да роднай Беларусі. Яна вучыла нас быць працавітымі, мудрымі, быць сапраўднымі сябрамі, гатовымі прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну. Шмат твораў гучала пра маці, яе навуку. Не прамінулі і тэму Вялікай Айчыннай вайны. Верш “Загінуўшых чакаюць вечна” аўтар прысвяціла жыхарам вёскі Доры, спаленым жывымі.

Цікава расказвала госця пра свае падарожжы, асабліва пра паездку ў Грузію. І мы чыталі вершы: «Я живу в гостинице Шекспира», «Восхищенный храмом Святой Анны», «Вильнюсская главная святыня». А потым Ганна Рудовіч і Марыя Казакова выканалі песню на верш Марыі Антонаўны “Турысцкая песня”. Затаіўшы дыханне, мы слухалі верш «Перед иконою», які можа служыць малітвай для кожнага з нас. М. А. Шакун распавядала пра працу настаўніка, яго ролю ў жыцці, чытала вершы на гэту тэму.

Заключнае слова сказала наш класны кіраўнік Г. Б. Субач. Яна не толькі падзякавала Марыі Антонаўне Шакун, але звярнулася і да нас з просьбай запомніць сустрэчу, тыя добрыя, мудрыя, пяшчотныя словы, якія гучалі ў творах. Ганна Браніславаўна заклікала нас зразумець, што самае важнае ў жыцці – рабіць дабро, гаварыць толькі добрыя словы. А гэтаму можна вучыцца ў Марыі Антонаўны, у старэйшага пакалення.

Сняжана БУЛАКЕВІЧ,

 Юлія КЛЮЧНІК,

вучаніцы 10 “А” класса



Добавить комментарий