Для тых, хто любiць спорт

Общество

Напачатку лістапада ў аграгарадку Ракаў на тэрыторыі сярэдняй школы адкрыта сучасная шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка.

Яе ўзвядзенне і абсталяванне абышлося ў 1 мільярд 40 мільёнаў рублёў. Сродкі выдзелены з мясцовага бюджэту Ракаўскага сельвыканкама на чале са старшынёй А. А. Мякінкам. Менавіта яму належыць і ідэя будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі. Па словах Аляксандра Антонавіча, яго натхнілі вынікі спартсменаў-валейбалістаў – прызавыя месцы не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўнях. Унушальным перамогам паспрыяла будаўніцтва ў 2010 годзе першай у Ракаве спартыўнай пляцоўкі для пляжнага валейбола ля ракі Іслач. Уразіла і пляцоўка Мінскай абласной спартыўнай базы “Галактыка”: захацелася мець не горшую, але нават і лепшую.

Падтрымалі добрае пачынанне і дапамаглі ў многіх арганізацыйных пытаннях раённы выканаўчы камітэт, раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму. А ўсе будаўнічыя работы праводзіла КУП “Валожынскае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне”. Будаўнікам спатрэбілася паўтара месяца, каб увесці аб’ект у эксплуатацыю.

З урачыстым адкрыццём пляцоўкі прысутных павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. У падарунак ад раённага выканаўчага камітэта ён уручыў прафесійныя баскетбольныя мячы.

Сярод ганаровых гасцей урачыстага мерапрыемства быў намеснік начальніка Упраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама В. М. Шыпароў. У сваім вітальным слове ён адзначыў, што ракаўская спартыўная пляцоўка стала 31-й па ліку ў вобласці і 3-й – у нашым раёне. Нават не ўсе сталічныя школы могуць пахваліцца такой спартыўнай базай, дзе можна займацца футболам, валейболам і баскетболам. Высокую ацэнку зробленаму далі таксама старшыня ГА “Федэрацыя футбола Мінскай вобласці” А. В. Чыкун і старшы трэнер Нацыянальнай каманды Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці, майстар спорту па футболе Д. А. Рудненка.

Старшыня Ракаўскага сельвыканкама А. А. Мякінка выказаў спадзяванні, што, дзякуючы будаўніцтву новай спартыўнай пляцоўкі, з’явяцца і новыя імёны беларускіх спартсменаў з ракаўскай зямлі, і важкія дасягненні. Ад імя кіраўніцтва адзінаццацігодкі, настаўнікаў і вучняў дырэктар Ракаўскай школы Г. Г. Віктаровіч падзякавала ўсім, хто прычыніўся да такой важнай справы.

У той дзень на новай пляцоўцы адбыўся і першы турнір па футболе на Кубак COCA-COLA сярод вучняў СШ № 1 і № 2 Валожына, Багданаўскай і Івянецкай школ.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий