Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лістапада бягучага года за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў значная група супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначана ўзнагародамі.

Сярод іх ёсць і прадстаўнік нашага раёна. Медалём “За бездакорную службу” III ступені ўзнагароджаны прапаршчык унутранай службы Казімір Эдуардавіч Краскоўскі, вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 15 РАНС.

 

Мінскі філіял РУП “Белпошта” сумесна з абкамам галіновага прафсаюза правялі двухдзённы навукова-тэхнічны і культурна-асветны маладзёжны форум “Думай! Развівайся! Дзейнічай!”, у якім прымалі ўдзел супрацоўнікі да 35-гадовага ўзросту. Сярод больш чым 50 удзельнікаў з раёнаў Міншчыны быў і інжынер-электронік Валожынскага РВПС Яўген Макарэвіч.

Прадстаўнік нашага вузла паштовай сувязі стаў удзельнікам камунікацыйна-сітуацыйнай ролевай гульні “Стаўкі зроблены”. У якасці дамашняга задання Яўген падрыхтаваў прэзентацыю з відэаролікам, дарэчы, на беларускай мове, звязаную з 70-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Асноўны матыў яе: дзеці і вайна, а гераіняй прэзентацыі стала работніца Івянецкага аддзялення паштовай сувязі Ксенія Піліпаўна Рэвуцкая. Маладыя супрацоўнікі наведалі сучасны комплекс абсталявання для сартавання стандартнай пісьмовай карэспандэнцыі РУП “Белпошта”, праслухалі спецыялізаваныя лекцыі, сталі ўдзельнікамі флэшмоба. Яўген Макарэвіч атрымаў Дыплом за ўдзел у гульні “Стаўкі зроблены”, увайшоў у склад абласной каманды, што прыме 19-20 лістапада ўдзел у рэспубліканскім маладзёжным форуме.

 

Раённая бальніца атрымала па лініі гуманітарнай дапамогі з Германіі аўтамабіль “Мерседэс-Бэнц” 2005 года выпуску.

Пасля правядзення мытных працэдур аўтамабіль медыцынскай дапамогі выкарыстоўваецца для дастаўкі цяжкахворых пацыентаў на камп’ютарную тамаграфію, пры пераводзе ў іншыя медыцынскія ўстановы, на кансультацыі ў абласную клінічную бальніцу.

 

Напярэдадні гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі першы сакратар РК Камуністычнай партыі Беларусі Ірына Каваленка ўручыла расійскія юбілейныя медалі ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі старшыні раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскаму, ветэранам кампартыі, якія прымалі актыўны ўдзел у якасці назіральнікаў падчас выбараў Прэзідэнта нашай краіны, – С. І. Кавязе, В. І. Карзюку, члену ўчастковай выбарчай камісіі і ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Н. П. Лоўчай, старшыні Валожынскага сельвыканкама Д. К. Карачуну.

Падзяка была аб’яўлена Ж. М. Жывіцкай. Медалём “95 гадоў ВЛКСМ” узнагароджана загадчыца Дубінскога ФАПа Кацярына Грынкевіч, якая таксама была назіральнікам на выбарах. Граматай абкама Кампартыі Беларусі і каштоўным падарункам адзначана дырэктар Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу С. Л. Ламака за дапамогу ў правядзенні пасяджэння абласнога каардынацыйнага савета. Граматай ЦК КПБ і каштоўным падарункам адзначана сама І. С. Каваленка.

 

Сямейны ансамбль Лямбовічаў “Крона” з Ракава стаў удзельнікам IV Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, які прайшоў 13 лістапада ў Магілёве.

Народны майстар Хрысціна Лямбовіч як прадстаўнік Мінскай вобласці выступіла з дакладам пра ткацтва паясоў і адметнасць нашага раёна: тканне іх на ніту. Адначасова праводзіўся майстар-клас па ткацтве на ніту, таксама ўдзельнікі форуму змаглі пазнаёміцца з элементамі народных абрадаў, дзе ўжываюцца паясы.

 

 Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларуская ліга танцаў сталі арганізатарамі міжнароднага фестывалю танца, які прайшоў 7 лістапада ў Мінску.

У адной з намінацый – “вулічны танец” – выступалі выхаванцы інструктара-метадыста фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Надзея” з Івянца Людмілы Генавай. Паліна Рыдзеўская, Вольга Шчарбінская і Кірыл Мазанік занялі першае месца.



Добавить комментарий