Хвала рукам, што пахнуць хлебам

Официально

У суботу на цэнтральнай сядзібе СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” прайшла ўрачыстасць, прысвечаная Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці і раённаму святу “Дажынкі-2015”. Мерапрыемства сабрала багата рупліўцаў зямлі валожынскай: заслужаныя ўзнагароды ў той дзень атрымалі без малога 90 перадавікоў.

Да пачатку афіцыйнай часткі запрошаныя працаўнікі і госці свята мелі магчымасць пазнаёміцца з выставамі прадукцыі, прадастаўленымі структурнымі падраздзяленнямі райспажыўтаварыства і Валожынскім філіялам ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Пляцоўка перад Бабровіцкім домам культуры поўнілася палаткамі, дзе ўсіх жадаючых частавалі разнастайнымі прысмакамі і гарачым зёлкава-ягадным чаем калектывы ўстаноў адукацыі, якія прадстаўлялі свае сельсаветы. Запрошаныя змаглі таксама палюбавацца ў той дзень творчасцю самабытных валожынскіх майстроў-рамеснікаў. У гэты ж час настрой дадаткова стымулявалі і бадзёрыя, звонкія песні…

Урачыстасць пачалася з вынасу на сцэну самага дарагога сімвала нашага працавітага народа – духмянага, пульхнага каравая, спечанага з ураджаю 2015 года. Гэты скарб з трапяткім хваляваннем прыняў гаспадар валожынскай зямлі – старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Антонавіч Наумовіч. Неўзабаве яго запрасілі сказаць вітальнае слова.

Як адзначыў кіраўнік раённай вертыкалі, у аграпрамысловым комплексе сёння працуюць прыкладна дзве з паловай тысячы чалавек. Гэта людзі асаблівай загартоўкі, на якіх трымаецца самая важная справа – фарміраванне харчовай бяспекі нашай дзяржавы. Сёлета зямля аддзячыла хлебаробам. Нашы рупліўцы сабралі 98,5 тысячы тон збожжа. Ураджайнасць на гектар склала 38,5 цэнтнера – гэта дастаткова нядрэнны вынік, хаця рэзерваў яшчэ шмат. Валавой прадукцыі за бягучы перыяд выпусцілі на суму 750 мільярдаў рублёў. Да канца года гэта лічба абяцае вырасці да 900 мільярдаў. Усе гаспадаркі без выключэння павысілі валавы намалот, асабліва важкімі вынікамі могуць пахваліцца сёлета ў КСУП “Пяршаі-2014”, “Сугвазды-агра”, “Манькаўшчына-2014”, ААТ “Лоск” і інш.

У цэлым жа па раёне вал па намалоце павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам на 14 тысяч тон. З асаблівым гонарам старшыня райвыканкама адзначыў, што ў бягучым годзе на Валожыншчыне 40 камбайнерскіх экіпажаў перавысілі тысячатонны рубеж. Бясспрэчным лідарам тут выступае экіпаж Анатоля Іванавіча Жамоздзіка і Мікалая Васільевіча Абразенкі з КСУП “Пяршаі-2014”: іх паказчык – 2130 тон сабранага ўраджаю. Сёння завяршаецца ўборка салодкіх караняплодаў. Нядрэнны і ўраджай бульбы – 3,5 тысячы тон. Трохі горшая сітуацыя з рапсам – сказаліся вясновыя замаразкі.

У сваім выступленні Уладзімір Антонавіч выказаў словы падзякі і калектыву ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, які забяспечыў сябе работай на ўвесь будучы год. Што да агульнай сітуацыі па раслінаводстве, то кіраўнік раёна падкрэсліў стабільнасць умацавання гэтай галіны. Быў дасягнуты сапраўдны прарыў у кормавытворчасці. 4,5 тысячы гектараў заняла бялковая культура – люцэрна, якая разам з канюшынай служыць асновай трывалай кармавой базы і сытай зімоўкі для грамадскага статка. А вось недагляд некаторых тэхналагічных момантаў у развіцці жывёлагадоўлі прывёў да зніжэння вытворчасці малака і мяса. Таму ў будучым годзе ёсць над чым працаваць. Праўда, з праблемамі мірацца не ўсюды. У прыклад У. А. Наумовіч прывёў аператара машыннага даення з КСУП “Манькаўшчына-2014” Таццяну Баляславаўну Зянько, якая ўжо атрымлівае ад кожнай каровы больш як 6 тысяч кілаграмаў малака, або яе калегу з ААТ “Агра-Дубінское” Вольгу Міхайлаўну Чараповіч з паказчыкам 5513 кілаграмаў. Адзін з “маякоў”, на якіх патрэбна раўняцца, і Дзіна Канстанцінаўна Сапач – аператар па дарошчванні буйной рагатай жывёлы ААТ “Агра-Дубінское”. Сярэднясутачныя прывагі яе гадаванцаў склалі 960 грамаў, а валавая прывага і ўвогуле перасягнула 24,5 тоны. Старшыня райвыканкама прывёў у прыклад і яе калег – Леаніда Міхайлавіча і Надзею Аляксандраўну Шакуноў, а таксама Васіля Вацлававіча Кульваноўскага. Усе трое працуюць у СГУ “Бабровічы”.

За апошнія гады было тэхнічна пераўзброена шмат малочнатаварных ферм. Нават сёлета, у такі няпросты год, на Валожыншчыне рыхтуюцца да ўводу 5 клюшачнікаў, запушчана ў эксплуатацыю 35 новых дабротных сянажна-сіласных збудаванняў. За гэта асобную падзяку У. А. Наумовіч адрасаваў будаўнічым арганізацыям. Такія ж шчырыя словы атрымаў кіраўнік Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва” Міхаіл Ігнацьевіч Радына: прадпрыемства, якім ён кіруе, аказвала неацэнную дапамогу гаспадаркам падчас уборачнай кампаніі, а адзін з работнікаў – механізатар Віктар Іванавіч Саевіч – атрымаў Дыплом і грашовую прэмію за ўборку 4 тысяч 40 тон саломы.

Падзякаваў старшыня райвыканкама і ветэранам вытворчасці, якія фарміравалі базу, і моладзі, якая сёння дастойна працягвае закладзеныя традыцыі. А пасля правёў урачыстую цырымонію ўзнагароджання рупліўцаў. Варта зазначыць, што сёлета ўзнагарод былі ўдастоены 13 камбайнераў, 6 задзейнічаных на адвозцы зерня вадзіцеляў, 2 машыністы зернесушыльных комплексаў, 38 механізатараў, 21 работнік жывёлагадоўчай галіны. Акрамя таго, Ганаровыя граматы Мінаблвыканкама за плённую працу і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Міншчыны атрымалі аператар па штучным асемяненні вытворчага ўчастка “Пугачы” ТАА “Тарасава” Наталля Валер’еўна Варнаўская, вадзіцель КСУП “Пяршаі-2014” Анатоль Іванавіч Жамоздзік, а падзяка старшыні абласнога выканаўчага камітэта была аб’яўлена галоўнаму інжынеру ТАА “Адамова-агра” Казіміру Іосіфавічу Багуслаўскаму, трактарысту-машыністу ААТ “Агра-Дубінское” Юрыю Аляксандравічу Болваху, галоўнаму заатэхніку гэтай жа гаспадаркі Наталлі Васільеўне Жукоўскай і вадзіцелю КСУП “Сугвазды-агра” Валерыю Яўгенавічу Шэўчыку.

Пасля афіцыйнай часткі лепшых працаўнікоў і гасцей свята павіншавалі насычаным канцэртам работнікі РЦК, самадзейныя калектывы і артысты раёна. Уразлівым, незвычайным аказалася кожнае выступленне. Шчырае дзякуй паважаным работнікам культуры за падораны пазітыў.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *