Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728  

Выконваючы дзяржаўную праграму “Дарогі Беларусі”, сёлета ў нашым раёне ўстанавілі некалькі новых інфармацыйна-ўказальных дарожных знакаў. Кожны з іх праектаваўся індывідуальна. Кошт аднаго вагаецца ў памерах да двух мільёнаў рублёў.

Работнікі філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” устанавілі 4 дарожныя знакі ля вёскі Каліварыя, 8 – ля вёскі Адамова Вішнеўскага сельсавета, 2 – ля вёскі Юржышкі Ракаўскага. Як прызналася адна з жыхарак вёскі Алешчаняты, ёй ужо 42 гады, а дарожны знак ля населенага пункта з’явіўся ўпершыню, праезджыя пастаянна блукалі. Дарэчы, таксама непадалёк вёскі з’явіўся ўказальнік “рака Заходняя Бярэзіна”. Нагодай стала ўзвядзенне моста праз раку, які быў здадзены ў бягучым годзе.

 

З 16 па 19 лістапада сярод работнікаў аддзелаў па надзвычайных сітуацыях рэспублікі прайшла акцыя аб шкодзе курэння, прымеркаваная да Сусветнага дня некурэння і прафілактыкі анкалагічных захворванняў.

Акцыя праходзіла па падраздзяленнях райаддзела. Гутаркі, “круглыя сталы” і лекцыі аб шкодзе курэння падмацоўваліся відэаролікамі.

 

Па ініцыятыве ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане неўзабаве на ўездзе ў Валожын з боку Мінска, непадалёк СШ № 2, будзе ўстаноўлена баявая дэсантна-разведвальная машына (невялікі сапраўдны танк на гусеніцах).

На гэтым тыдні баявую машыну, якая ўжо адпрацавала свой тэрмін, са складоў Міністэрства абароны краіны даставілі ў райцэнтр. Засталося толькі падрыхтаваць для ўстаноўкі “п’едэстал”. Але гэта ўжо справа часу. Таксама дапрацоўваюцца асобныя дэталі памятнага знака, устаноўленага да 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана на плошчы райцэнтра. Плануецца дарабіць барэльефы.

 

Раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа атрымала гуманітарны груз ад Дацкага Чырвонага Крыжа на суму больш за 16 мільёнаў рублёў.

У раён дастаўлены 435 кілаграмаў новага вязанага дзіцячага аддзення, 100 кілаграмаў жаночага і 40 – мужчынскага, якое было ва ўжыванні. Гуманітарную дапамогу атрымаюць інваліды, малазабяспечаныя жыхары раёна, мнагадзетныя сем’і і людзі, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

 

Спартыўнага інвентару на 20 мільёнаў рублёў набыта гэтай восенню для фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Надзея”.

Для трэніровак баскетбалістаў закупілі 15 мячоў, у трэнажорным зале з’явіліся 6 новых разборных гантэляў, для заняткаў шэйпінгам набылі дыванкі. Для Івянецкага філіяла ФАЦ “Надзея” прыдбалі стэпы і невялікія гантэлі. Да канца бягучага года мяркуюць закупіць таксама 12 камплектаў баскетбольнай формы, некалькі трэнажораў: нажны прэс, “Гак”, “Звядзенне ног”.

 

Па запрашэнні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама на нядзелю 22 лістапада запланаваны гастрольны тур народнага ансамбля народнай песні “Сваякі” раённага цэнтра культуры па населеных пунктах суседняга раёна.

Нашы самадзейныя артысты дадуць тры канцэрты – у аграгарадку Солы, у Крэве і вёсцы Белкаўшчына.

 

Шэсць мужчынскіх каманд прынялі ўдзел у адкрытым першынстве раёна па валейболе, якое прайшло на спартыўнай базе прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя.

Па дзве каманды выставілі Валожын і Івянец, таксама ў першынстве ўдзельнічалі каманды з Мінска і КСУП “Пяршаі-2014”. Першае месца заваявалі сталічныя валейбалісты. Другое заняла каманда СКІВ (Івянец), трэцяе – зборная моладзі райцэнтра. Тройка прызёраў адзначана граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі.



Добавить комментарий