Сяргей Сцяпанавіч ЗЯНЬКО – загадчык фермы «Нарэйшы» ААТ «Агра-Дубінское»

Культура

Залацістыя, як вясновае сонейка, бліны на сняданак часта бываюць на стале ў гэтай шматдзетнай сям’і. Частку інгрэдыентаў на іх прыгатаванне дае ўласная гаспадарка. Гэта любімы ранішні падмацунак і дзяцей, і дарослых. Толькі сабрацца за сталом усім разам удаецца рэдка. Бацька – Сяргей Сцяпанавіч – раней за ўсіх пакідае сцены роднай хаты: клічуць вытворчыя клопаты, якіх штодзень шмат на жывёлагадоўчай ферме.

Свой прафесійны шлях С. С. Зянько пачынаў з Брылькоўскай    фермы. Прыйшоў сюды працаваць заатэхнікам пасля заканчэння Ільянскага сельскагаспадарчага тэхнікума. На ферме ў Нарэйшах працуе ўжо 24-ы год. Загадчык кіруе калектывам з 5 даярак, 4 пастухоў, 2 механікаў і 1 вартаўніка.

Без перабольшання можна сказаць: працуе Сяргей Сцяпанавіч з раніцы да ночы. Апроч шматлікіх клопатаў на даручанай яму ферме, дома ў Нарэйшах таксама багата спраў. Зараз, напрыклад, трэба паспець закончыць да зімы пачаты капітальны рамонт бацькоўскай хаты, у якой жыве сямейства.

Рупліва і шмат працаваць С. С. Зянько заахвочвае бацькоўская адказнасць. Трэба выгадаваць і падтрымаць на жыццёвым шляху сваіх дзяцей. Падрастаюць 6-гадовая Паліна і 16-гадовы Вадзім, неабходна дапамагчы матэрыяльна і старэйшай 20-гадовай Надзеі, якая вучыцца ў Мінску, атрымліваючы прафесію перакладчыка.

Сям’я Зянько трымае дзвюх кароў, свіней, курэй – таму лёгка абыходзіцца без многіх прадуктаў з магазіннага прылаўка. Шматлікая жыўнасць патрабуе немалога клопату. Частку абавязкаў па доглядзе за свойскай жывёлай бярэ на сябе жонка Юлія, якая працуе прадаўцом магазіна “Гасцінец”, што ў райцэнтры. Зянько самааддана пільнуюць гаспадарку, таму ў гаршку не толькі бульба, але і скваркі.

Догляду патрабуюць і 50 сотак зямлі – столькі мае сям’я. Для апрацоўкі вялікага ўчастка дбайныя вяскоўцы трымаюць у сваёй падсобнай гаспадарцы надзейнага памагатага – каня. Як вядома, у тым полі ўродзіць, дзе гаспадар часта ходзіць, – за працавітасць шчодрая зямля аддзячвае багатым ураджаем агародніны.

Алена ПАШКЕВІЧ,

Фота аўтара



Добавить комментарий