Загубiць можа i адна цыгарэта…

Закон и порядок

Курэнне – гэта адна з самых згубных звычак, ад якой залежыць велізарная колькасць людзей ва ўсім свеце. З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення ў раёне прайшоў першы этап акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!».

Работнікі Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з актывістамі клуба юных ратавальнікаў-пажарных з сярэдняй школы № 2 наведалі аўтавакзал у Валожыне, каб у чарговы раз нагадаць грамадзянам аб правілах пажарнай бяспекі. Месца для правядзення акцыі выбрана невыпадкова, бо менавіта тут можна адначасова сабраць вялікую колькасць жыхароў сельскай мясцовасці, якія, чакаючы свайго аўтобуса, з задавальненнем выслухаюць юных ратавальнікаў.

Для прыцягнення ўвагі людзей па радыёвузлу аўтавакзала прагучала інфармацыя аб мэтах і задачах акцыі. Далей актывісты КЮВП распавялі пра небяспеку курэння ў ложку, пра колькасць пажараў, якія адбыліся ў раёне, аб колькасці людзей, якія загінулі па гэтай прычыне ў мінулым і гэтым годзе. Заклікалі ўсіх весці здаровы лад жыцця, а тых, хто ўсё-такі курыць, рабіць гэта на вуліцы ў спецыяльна адведзеных месцах. Кожнаму пасажыру ўручылі наглядную агітацыю па дадзенай тэматыцы. Работнікі райаддзела не ўпусцілі магчымасць нагадаць жыхарам раёна аб правілах бяспечнай эксплуатацыі электрычнай праводкі і пячнога ацяплення. А каб грамадзяне нічога не забыліся, усім раздалі буклеты, дзе сфарміраваны асноўныя правілы бяспекі. Дзеці, што знаходзіліся разам з бацькамі, атрымалі размалёўкі “Вучым правілы бяспекі разам”. Пра неабходнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў ратавальнікі растлумачылі на канкрэтных прыкладах.

Пасажыры ўважліва выслухалі ўсю інфармацыю, якую ім прапанавалі арганізатары акцыі.

Спадзяёмся, што праца, праведзеная ў гэты дзень, не пройдзе бясследна. Можа быць, хто-небудзь задумаецца…

Алеся Радвіловіч



Добавить комментарий