Беларуская крынiца завядзе ў Скандынавiю

Общество

Міжнародны фонд падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны бор” запрашае паўдзельнічаць у конкурсе публікацый і сюжэтаў пра крыніцы Беларусі.

Удзельнікамі могуць быць як штатныя журналісты, так і фрылансеры. Галоўны прыз – творчая камандзіроўка ў адну са Скандынаўскіх краін з кампаніяй “Лацінсэрвіс-2000”.

Конкурс “Самая незвычайная крыніца рэгіёна” праводзіцца ў рамках праекта “Жывая вада”. Мэта рэспубліканскага прыродаахоўнага праекта – вярнуць паважлівае стаўленне да крыніц: паказаць іх гістарычнае, лячэбнае і турыстычнае значэнне. Плануецца правесці работу па ачыстцы і аднаўленні крыніц, уключыць найбольш цікавыя ў турыстычныя маршруты і выдаць даведнік па крыніцах Беларусі.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна напісаць матэрыял пра самую незвычайную крыніцу на тэрыторыі раёна, пра іншую вядомую ці, наадварот, незаслужана забытую крыніцу. Неабходна расказаць пра яе гісторыю ці звязаныя з ёй легенды, уласцівасці вады, магчыма, пра праблемы, а таксама пра тое, якім вам бачыцца гэта месца пасля правядзення аднаўленчых работ. Публікацыі павінны быць размешчаны ў любым друкаваным выданні, на сайце, а відэа- ці радыёсюжэты прагучаць у эфіры.

Друкаваныя матэрыялы, спасылкі на матэрыялы неабходна даслаць да 28 лютага 2016 года на адрас фонду “Чырвоны бор”: 220004, Беларусь, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 19А-18 ці на e-mail: priroda@tio.by. Відэа- і радыёсюжэты неабходна закачаць на файлаабменнік ці youtube.by і таксама даслаць спасылку на электронны адрас фонду.

У лісце неабходна ўказаць кароткую інфармацыю пра сябе (ПІБ, дату нараджэння, горад, нумар тэлефона, род дзейнасці, даслаць фатаграфію); месцазнаходжанне крыніцы (GPS-каардынаты, бліжэйшы населены пункт, арыенціры).

Аўтары пяці лепшых работ атрымаюць магчымасць пабываць у прыродным комплексе “Чырвоны бор”, паглядзець на аднаўленне крыніцы “Серабранка”, адпачыць у гасцініцы “Ізубрыца”.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаны вясной 2016 года на выставе “Адпачынак-2016”.

Наш кар.



Добавить комментарий