ПРАЗ РАСКРЫТЫЯ ВОКНЫ ТАЛЕНТУ

Люди и судьбы

«У Беларусі створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі творчага чалавека», лічыць мастак  лаўрэат прэміі Прэзідэнта краіны «За духоўнае адраджэнне» Ігар БАРХАТКОЎ.

Ён карэнны мінчанін, але даўно свядома перабраўся са сталіцы ў вёску Харужы Валожынскага раёна.

“Ціхая мая Радзіма” – услед за сваім любімым рускім паэтам Мікалаем Рубцовым Ігар Антонавіч Бархаткоў можа паўтарыць гэты лірычны радок, маючы на ўвазе вёску Харужы, з якой былы сталічны жыхар паспеў цесна парадніцца. Чужая некалі вёска стала сваёй, бо тут б’юць бясконцыя крыніцы натхнення, без якіх сапраўднаму мастаку няўтульна і пуста ў свеце. Можа  так ніколі і не зведаў бы Ігар Антонавіч магічнай красы нашай валожынскай зямлі, калі б аднойчы не паклікалі яго сюды сцежкі кахання. У канцы 80-ых гадоў па размеркаванню ў Валожынскі раён накіравалі яго абранніцу Алену. Працавала яна мастаком у Івянецкім кінатэатры. Для  закаханых маладых людзей звыклым стаў аўтобусны маршрут “Івянец-Мінск”, бо ездзілі адзін да аднаго на спатканні амаль штодзень. Дзіўныя краявіды за акном пасажырскага аўтобуса заўсёды лавілі дапытлівыя вочы мастакоў. Запала ў душу і мілая сваёй сціпласцю драўляная праваслаўная царква ў Кіяўцы…

Калі стварылі сям’ю, доўгі час пасля развалу Савецкага Саюза Бархатковы жылі за мяжой. Усё там мелі яны: і прызнанне, і ўплывовыя знаёмствы, і прэстыжныя выставы, і высокія заробкі. Але ўсё роўна неяк не камфортна было на душы. Пастаянна нешта далёкае-мілае магічна клікала да сябе, не давала спакою сэрцу. Усё часцей і часцей усплываў у памяці вобраз  драўлянага храма ў незнаёмай валожынскай вёсцы. Калі Бархатковы вярнуліся з-за мяжы, вырашылі купіць домік на перыферыі. Не раздумваючы паехалі ў Валожынскі раён, нібы за сваімі ўспамінамі пра светлыя маладыя гады…  Шукалі дом па суседству з той драўлянай царквой. Аднак мінскія дачнікі аказаліся больш спрытныя – усе пустыя хаты былі даўно раскуплены. Таму і падаліся Бархатковы ў суседнюю вёску Харужы. Далягляды, якія неўзабаве адкрыліся перад імі, былі найлепшай натурай для мастакоў – такія краявіды можна было расцаніць як рэдкую ўдачу. Вось што ўспамінае Ігар Антонавіч: “Ландшафт  адразу “зачапіў” сэрца. Спадабалася, як толькі ўбачыў стары домік, а ўдалечыні стаяў вялікі хлеў, якому было, можа, сто гадоў. А такія будыніны я заўсёды любіў маляваць. І яшчэ вельмі хацеў, каб з акна майго дома абавязкова была бачна царква. А тут усе жаданні супалі! Калі купілі ў Харужах жыллё, спачатку былі наездамі. А калі прайшло 7-8 гадоў, зразумелі, што маляўнічыя  краявіды  тут можна пісаць бясконца, што гэтыя мясціны сапраўдная знаходка для творчай фантазіі. Да таго ж тут жывуць цудоўныя людзі. Мы падружыліся з айцом Валерыем – настаяцелем Кіявецкай царквы. Лепшыя іконы, напісаныя намі, перадалі ў гэты храм і ў Жыровіцкі манастыр”.

Ігар і Алена Бархатковы працавалі ў Галандыі, Італіі, Германіі, Польшчы, іншых заходніх краінах. Там яны ў поўнай меры адчулі, што такое вялікі поспех, высокія заробкі. Але ўсё роўна яны не паддаліся меркантыльнай спакусе, бо былі перакананыя, што, чым больш ты атрымліваеш грошай, тым ясней разумееш, што яны ніякіх праблем не вырашаюць. Бо ёсць на зямлі  духоўныя каштоўнасці, якія не купіш ні за якія грошы. Таму пасля глыбокіх разваг і вырашылі вярнуцца ў Беларусь, і не шкадуюць аб сваім выбары: “У фінансавым плане мы, вядома ж, прайгралі, але затое ў астатнім выйгралі ў сто разоў больш, чым на Захадзе. Тут маем больш магчымасцей для творчасці і прызнання, тут шмат калекцыянераў, сяброў, хапае ўвагі да нашай творчасці і з боку СМІ… Тут мы свае, тут мы на роднай зямлі, якую вельмі любім! Мы з’яўляемся часткай Беларусі. Людзі культуры, таленавітыя людзі – у любой дзяржаве гэта самы вялікі нацыянальны скарб”.

І. А. Бархаткоў, выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута і творчых майстэрняў Акадэміі мастацтваў СССР, вучань знакамітага Міхаіла Савіцкага і М. Данцыга, і сёння ўдала працягвае сваю прафесіянальную дзейнасць.  У ліку нядаўніх яго прэстыжных тытулаў – лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва “За духоўнае адраджэнне” за серыю карцін “Ціхая мая Радзіма”.

У сваім інтэрв’ю адной з газет Ігар Антонавіч расказваў, што, жывучы ў Галандыі, Аўстрыі, аднойчы захацеў напісаць горы, аднак спроба аказалася няўдалай. Майстар-клас для яго правёў стары тамтэйшы мастак: два мазкі пэндзлем – і горы на карціне, як жывыя. І тады наш зямляк зразумеў: каб дакладна перадаць усе тонкасці пейзажу, каларыт краіны, там трэба нарадзіцца і пражыць усё жыццё. А сціплая беларуская  вёска Харужы, як пазней аказалася, менавіта і стала тым месцам на зямлі, дзе ўдалося стварыць свой космас творчасці і натхнення.

Жонка Алена, калі пераехала ў Харужы, толькі пачынала сваё актыўнае прафесіянальнае жыццё. Цяпер жа яна адна з лепшых майстроў у свеце. Яе работы імкнуцца мець многія прэстыжныя галерэі (а тым больш мінскія), наперабой за яе карціны спрачаюцца маскоўскія і еўрапейскія арганізатары вернісажаў і калекцыянеры.

Вось што расказвае пра сваю жон-ку Ігар Антонавіч: “Гэта чалавек, які вельмі шмат працуе. Устае ў пяць раніцы, займаецца хатняй гаспадаркай. Мы трымаем курэй розных парод, ёсць добрыя сабакі, каты, нядаўна купілі двух арабскіх чыстакроўных коней.

Штодзень Алена абавязкова праводзіць некалькі гадзін за мальбертам…”

…Наша сустрэча з І. А. Бархатковым адбылася ў Мінску ў галерэі “Мастацтва”, якая размешчана па праспекце Незалежнасці. Тут у лістападзе бягучага года праходзіла выстава карцін Алены і Ігара. Нам, людзям, далёкім ад прафесіянальнага ўспрыняцця і ацэнак мастацкай вартасці карцін, гэты вернісаж таксама быў карысны. Ён узбагаціў эмацыянальна і эстэтычна.

Здаецца, усе поры года ў мяккіх фарбах і вобразах увасоблены ў палотнах, напісаных у Харужах. Пышныя гронкі бэзу, старыя зубчатыя агароджы, працавіты араты за плугам, задуменныя хаты і вельмі шмат спелых  бурштынава-жоўтых яблыкаў – быццам шчодрая восень спецыяльна разарвала свае пацеркі і пакінула іх на голым стале, каб мы любаваліся яе дарамі… А пэндзаль  таленавітага мастака падхапіў гэтыя вобразы і назаўсёды ўвасобіў няўлоўны водар восені для людзей, якія ў спешцы, можа, гэту прыгажосць у восеньскія дні так і не мелі часу прыкмеціць.

Карціны мастакоў, як вокны вялікага таленту, праз якія мы з цікавасцю і са здзіўленнем глядзім на знаёмы нам свет, і часта ўпершыню адкрываем для сябе хвалюючую таямніцу звычайных рэчаў і з’яў. І бела-сіні снег, і спелы яблык, і аксамітная гронка бэзу – усё гэта, як нектарная радасць зямных дароў, якія  ляжаць на пяшчотных руках ціхай нашай Радзімы.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея Бобрыка.



Добавить комментарий