Спадчына славутага Рушчыца

Культура

(Працяг. Пачатак чытайце тут)

10 снежня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца – мастака, графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога. 

Ён вымушаны дзяліць свой час паміж Вільняй і Багданавам. У 1912 г. мастак знаёміцца са сваёй будучай жонкай Гінай Рэуцкай (Gina Rouck), якая была малодшай за мастака на 22 гады. 25 лістапада 1913 г. яны бяруць шлюб. Гіна нарадзіла Фердынанду чатырох дзяцей (Яніна – 1914, Багдан – 1915, Оскар – 1917, Эва – 1922). Ад вялікіх філасофскіх абагульненняў, якімі былі адзначаны яго работы ранняга перыяду, пераходзіць да пошукаў каляровых і кампазіцыйных эфектаў. Піша інтэр’еры сваёй багданаўскай сядзібы, робіць замалёўкі і эцюды любімых куткоў прыроды.

Часы ліхалецця. Пачатак Першай сусветнай вайны заспеў Рушчыца ў Багданаве, які ў 1915-1918 гг. аказаўся ў прыфрантавой паласе на адлегласці 8-9 км ад перадавой лініі акопаў. У самым маёнтку размясціўся штаб нямецкага корпуса, а Фердынанду Рушчыцу, яго шматлікай сям’і і прыслузе засталіся толькі два пакоі і кухня.

У канцы снежня 1918 г. усю Усходнюю Віленшчыну, уключна з Ашмянскім поветам, заняла Чырвоная Армія, якая 5 студзеня 1919 г. пасля некалькіх дзён баёў з польскімі атрадамі самаабароны ўвайшла ў Вільню. Жадаючы зарыентавацца ў сітуацыі, што склалася, у сярэдзіне красавіка 1919 г. мастак падводай едзе ў Вільню.

 Віленскі перыяд. У гэты час пасля 90-гадовага забыцця набыло актуальнасць пытанне адраджэння Віленскага ўніверсітэта, які на працягу 1919-1939 гг. меў назву Універсітэт Стэфана Баторыя (USB). Арганізацыйная камісія даручае Рушчыцу вярнуць да жыцця мастацкі факультэт. Рушчыц з імпэтам бярэцца за працу: шукае кандыдатаў на вакансіі выкладчыкаў кафедры і дадатковыя сродкі, сочыць за вяртаннем сценам універсітэта іх гістарычнага выгляду, стварае інтэр’ер калоннага зала і памяшкання мастацкага факультэта, праектуе ўніверсітэцкія рэгаліі, мантыі, памятныя шыльды, пячаткі, запрашэнне і праграмы. Паралельна з дзейнасцю па адраджэнні ўніверсітэта Рушчыц займае пасаду старшыні камітэта па ахове помнікаў гісторыі, што дазваляе яму дэталёва вывучаць замкі ў Крэве, Міры, Лідзе, Гродне, рабіць замалёўкі, эцюды гістарычных мясцін. Па іх ён стварыў некалькі запамінальных твораў (напрыклад, пейзаж «Крэва»). У 1921-1923 гг. ён ставіць тэатральныя спектаклі па ўласных сцэнарыях, якімі пазней штогод адкрываліся студэнцкія балі. Да сумеснай працы ён заклікае маладых паэтаў, мастакоў, архітэктараў, музыкантаў, дэкаратараў.

Інфармацыя ўзята з сайта http://spadczyna.com/



Добавить комментарий