Дарослы сын умее прабачаць

Культура

 Яны выгадавалі траіх дзяцей. Шчасліва дачакаліся пенсіі. З задавальненнем займаліся прыватнай гаспадаркай. І жылі ў такой сялянскай ідыліі гадоў з дзесяць. Працай нагружалі сябе па сілах. Бераглі здароўе. І аказалася, што нездарма. Бо каварны лёс на старасці гадоў нечакана падкінуў ім новыя выпрабаванні…

Нявестка запіла, грашыў гэтым і сын. Сям’я распалася. Мяня  ючы партнёраў, маладыя жылі грамадзянскім шлюбам. Родны, некалі ўтульны дом сына ператварыўся ў разбуранае гняздо. Дзеці, нібы тыя нясмелыя птушаняты, балюча перажывалі дэградацыю бацькоў. Ім былі патрэбны іх падтрымка і дапамога, а ў адказ – халодныя хвалі раўнадушша. Так цягнулася год за годам. Нічога да лепшага не мянялася.

Антон вучыўся ў школе ў старэйшых класах, Наташа паступіла ў Маладзечанскі каледж. Дзяўчына часта прыязджала ў родную вёску. Суседзі бачылі, як яна блукала ля хаты ў пошуках роднай маці, а тая дзесьці ў чарговы раз бесклапотна балявала ў шумнай кампаніі такіх жа сяброў-сабутыльнікаў. Давячыся горкай крыўдай, так і не трапіўшы ў родны дом, са слязамі на вачах, галодная і стомленая з дарогі Наташа спяшалася на зваротны рэйс аўтобуса і ехала ў Маладзечна. І так да наступных выхадных. З надзеяй, што можа на гэты раз маці нарэшце апомніцца і не будзе працягваць піць.

Антон перабіваўся ў аднакласнікаў. Цягнула і яго ў родны дом, хоць там заўсёды было голадна і холадна. Хлопец абмяжоўваўся тымі харчамі, якія вялікімі сумкамі з вёскі за некалькі кіламетраў перыядычна перадавалі спагадлівыя бабуля з дзядулем. Здараліся і такія выпадкі, калі ён ішоў пасля ўрокаў з вудачкай на рэчку, а затым з добрым уловам шчаслівы вяртаўся дахаты. Зладзіўшы ў зацішным падворку печку з некалькіх цаглін, смажыў на старой патэльні злоўленую рыбу. Цікаўная суседка аднойчы пракантралявала, што рыба смажыцца на… вадзе. З адчаю прынесла алею і яшчэ тое-сёе з прадуктаў. А праз некалькі дзён яна выпадкова на рынку ўбачыла бабулю Антона. Са скрухай у сэрцы расказала пра тое, як гаруе яе ўнук, як па-ранешаму ў запоі знаходзяцца бацькі.

Бабуля з дзядулем ведалі, што ўнукам жывецца нясоладка, але, каб дайшло да такога, не маглі нават паверыць. Таму невыпадкова, каб «перад Богам граху не мець, і каб людзі іх не асуджалі», вырашылі, нягледзячы ні на якія цяжкасці, забраць унукаў-гаротнікаў у свой дом. Жылі яны за дзесяць кіламетраў. Няпроста было дабірацца Антону на ўрокі ў школу. Складана ў аддаленую вёску стала прыязджаць на выхадныя і канікулы і Наташы. Да бацькоўскага дому дабірацца было куды прасцей ды і больш звыкла…

Сціплай пенсіі старым людзям удосталь хапала на дваіх, а тут нечакана дабавіліся яшчэ два члены сям’і. Акрамя харчавання, трэба было зрэдку спраўляць унукам і неабходныя абноўкі. Так цягнулася 10 доўгіх і няпростых гадоў. Родныя бацькі выракліся сваіх крывінак, супакоеныя, відаць, тым, што дзеці апынуліся пад дахам спагадлівых продкаў. Маці яшчэ больш стала залежнай ад гарэлкі. Бацька праз нейкі час афіцыйна жаніўся другі раз і паціху стаў наладжваць асабістае жыццё. Неўзабаве ў яго з’явіліся і «новыя» дзеці, таму клопат пра старэйшых свядома пераклаў на плечы састарэлых бацькоў.

Бабуля нечакана захварэла. Пе           ранесла складаны інсульт. Пат            рэбны былі дарагія лекі. Сямейны бюджэт перажываў зацяжны крызіс. Калі Антон аднойчы нясмела сказаў, што пасля школы хоча паступаць вучыцца далей, яго старыя апекуны вельмі расстроіліся, бо разумелі, што вывучыць унука яны не змогуць. Але з Божай дапамогай усё абышлося. Вучобу Антон паспяхова скончыў. Гэта стала для ўсіх радаснай падзеяй і шчаслівай уцехай. Займеў добрую спецыяльнасць, а зараз і прэстыжную працу.

Калі ўнукі сталі пастаяннымі членамі іх сям’і, старыя людзі вырашылі прыкметна павялічыць сваю падсобную гаспадарку. Працавалі шмат і дружна. Трымалі карову, каб мець масла і сыр і даваць пакункі ўнукам у кожны іх прыезд. Гадавалі свіней, свойскую птушку. Садзілі шмат бульбы. Паступова звыклыя да шчырай ласкі і прыхільнасці сваіх продкаў унукі прыязджалі дадому на выхадныя з вялікімі сумкамі, нават ужо і калі пайшлі працаваць самастойна. Бабуля і дзядуля шчодра напаўнялі сумкі рознымі запасамі, часта свядома абдзяляючы саміх сябе. Адна пенсія была поўнасцю ахвяравана нашчадкам, калі не ставала грошай, дабаўлялі і з другой пенсіі. Дапамагаць іншым лягчэй, калі табе хаця б пяцьдзясят гадоў, а калі семдзесят, то гэта ўжо зусім іншая нагрузка. Але выпрабаванне лёсу пажылыя людзі вытрымалі дастойна.

Прайшоўшы па пакутах бязлад            нага сямейнага жыцця сваіх бацькоў, лёс нібы спецыяльна захацеў узнагародзіць памяркоўнага, стараннага і разважлівага Антона – звёў яго з добрай дзяўчынай. Яе таксама пакінуў гора-бацька, і маці выгадавала дачку адна, дапамагала ёй матэрыяльна і ў час вучобы ў ВНУ. Калі на жыццёвых пуцявінах сустрэліся дзве родныя душы, справа паступова закончылася вяселлем. Усе блізкія і далёкія сваякі ахвярна скінуліся грашамі на тое багатае застолле, на вясельныя падарункі. Хацелася, каб у Антона асабістае свята не было горшае, чым у яго равеснікаў. Вяселле спраўлялі ў горадзе нявесты. Невядома адкуль, але пра яго дзень і час даведалася родная маці Антона. І нечакана прыехала на тую ўрачыстасць. Маршчыністая, бяззубая, дрэнна апранутая, па выгляду старэйшая за бабулю. Сярод шматлікіх гасцей Антон адразу пазнаў яе, хоць не бачыў мінімум дзесяць гадоў. Маці сама не шукала гэтых сустрэч, а бесклапотна жыла ў сваёй тлумнай стыхіі.

Прыгажун сын, не саромеючыся, першы падышоў да яе. Яна збянтэжана працягнула падарунак: пакамечаную, змакрэлую ад поту пяцідзесяцідоларавую банкноту. Ён у разгубленасці аднекваўся, прапаноўваў пакінуць грошы самой, бо здагадваўся, што яна нідзе, відаць, не працуе. Маці разгублена то сціскала тую валюту ў загрубелых пальцах, то зноў неяк крыху фарсліва прасоўвала сыну. І ў гэтай псіхалагічна гнятлівай мітусні яна, сарамліва апусціўшы вочы, сваім гучна-сіпатым голасам не папрасіла, а прашаптала: «Даруй мне, калі зможаш!»

Яго сэрца адтаяла перад гэтай аголенай мацярынскай віной, віной, якая ляжала як на адкрытай далоні. Шматлікія вясельныя госці з дапытлівым інтарэсам міжволі назіралі за жаніхом і старой жанчынай, што стаяла насупраць яго. І Антон не дзеля людскіх вачэй, а па шчырасці свайго добрага сэрца прытуліў яе да сябе і неяк па-дзіцячаму радасна прашаптаў: «Дзякуй за твой падарунак, ён мне вельмі дарагі, бо першы ў маім жыцці… Дзякуй, што прыехала павіншаваць». Жанчына, сорамна змахваючы з апалай шчакі слёзы, вінавата прамовіла: «Які ты ў мяне дарослы! Усё разумееш». І доўга-доўга з любасцю і непрыхаваным гонарам глядзела на сына, якога пакінула на волю лёсу яшчэ падлеткам, і, здавалася, ніяк не магла налюбавацца. У той дзень яна не выпіла ні кілішка за шчасце маладых, бо, відаць, нарэшце прыйшло ўсведамленне, што спакуслівая гарэлка развяла яе з сынам па розныя берагі жыцця. І толькі два надзейныя «вёслы» – старэнькія бабуля з дзядулем – не далі яму патануць у моры адчаю і выпрабаванняў.

У той дзень на вяселлі такому             прыгожаму, такому шчасліваму жаніху было вельмі-вельмі горка. І родная маці, магчыма ўпершыню за многія гады вызваліўшыся ад наркатычнага дурману гарэлкі, не магла не адчуць гэтага настрою свайго дарослага сына…

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий