«Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь – гарант Канстытуцыi, правоў i свабод чалавека i грамадзянiна»

Общество

«Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь – гарант Канстытуцыi, правоў i свабод чалавека i грамадзянiна» – па гэтай тэме на мінулым тыдні прайшоў чарговы дзень інфармавання насельніцтва

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь займае асаблівае месца ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Згодна з арт. 79 Канстытуцыі ён з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

Ён увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Кіраўнік дзяржавы прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць.

Прэзідэнту прадстаўлена права ініцыяваць разгляд пытання ў Парламенце Рэспублікі Беларусь пра змены ў Канстытуцыі, а таксама выносіць адпаведнае пытанне на рэспубліканскі рэферэндум. За ўвесь час існаванні суверэннай Беларусі былі праведзены тры рэспубліканскія рэферэндумы. Першы прайшоў 14 мая 1995 г. па ініцыятыве Прэзідэнта. Па выніках галасавання была прынята дзеючая дзяржаўная сімволіка, а рускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай. Другі рэферэндум быў праведзены 24 лістапада 1996 г. З 7 пытанняў 4 былі ініцыяваны кіраўніком дзяржавы, 3 – парламентам. Па афіцыйных выніках рэферэндуму былі падтрыманы прапановы Прэзідэнта (пра перанос Дня Незалежнасці на 3 ліпеня і пра ўнясенне змен і дапаўненняў у Канстытуцыю) і адхілены ўсе прапановы парламента Рэспублікі Беларусь. Трэці рэферэндум адбыўся 17 кастрычніка 2004 г. Была падтрымана прапанова Прэзідэнта аб унясенні змен у Канстытуцыю.

Кіраўнік дзяржавы надзелены шырокімі норматворчымі паўнамоцтвамі. У адпаведнасці з арт. 85 Канстытуцыі Прэзідэнт выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, ён выдае дэкрэты, якія маюць сілу законаў. Прэзідэнт непасрэдна ці праз створаныя ім органы забяспечвае выкананне дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў.

Прэзідэнт штогод звяртаецца з Пасланнем да беларускага народа і парламента Рэспублікі Беларусь, у якім распавядаецца пра найважнейшыя змены, якія адбыліся ў свеце і ў краіне. Важным складальнікам забеспячэння з боку кіраўніка дзяржавы правоў і свабод чалавека і грамадзяніна выступаюць прэзідэнцкія праграмы. Гэтыя дакументы прымаюцца па надзённых сацыяльна-эканамічных праблемах. Прыкладамі такіх дакументаў з’яўляюцца: «Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады»; «Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады»; «Дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады» і іншыя.

Кіраўнік дзяржавы на падставе прадстаўленых яму паўнамоцтваў прымае актыўны ўдзел у жыцці народа. Ён вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляе памілаванне асуджаных і інш. Кіраўнік дзяржавы фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва падрыхтоўкай і прымяненнем ваеннай сілы з мэтай забеспячэння ваеннай бяспекі нашай краіны.

Законам ахоўваюцца гонар і вартасць Прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы валодае недатыкальнасцю. Публічная абраза Прэзідэнта ці паклёп у стаўленні да яго, у тым ліку з выкарыстаннем друку ці іншых сродкаў масавай інфармацыі, цягне ўстаноўленую законам адказнасць.

Супадзенне рэальнага жыцця грамадства і канстытуцыйных нормаў – гэта найважнейшая ўмова адзінства дзяржавы, грамадства і грамадзян. Падобнае супадзенне становіцца магчымым толькі пры наяўнасці моцнага дзяржаўнага дзеяча, які не застаецца ўбаку ад змен, якія адбываюцца ўнутры краіны і за яе межамі.



Добавить комментарий