Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

Падведзены вынікі месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, які працягваўся з 15 кастрычніка па 15 лістапада бягучага года.

Работнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з актывістамі раённай арганізацыі БРСМ, работнікамі лясгаса, ДУП “Валожынскае ПМС” і жылкамунгаса займаліся ачысткай тэрыторый зон масавага адпачынку, якіх у раёне налічваецца тры: Жоўты Бераг, Сакаўшчынскае і Валожынскае (ля вёскі Гардынава) вадасховішчы. Там ліквідаваны стыхійныя звалкі смецця, адрамантаваны малыя архітэктурныя формы. Наведзены парадак на палігоне цвёрдых бытавых адходаў ля вёскі Клерымонты, міні-палігонах і прылеглых да іх тэрыторыях, зроблены рамонт агароджаў, шлагбаумаў, інфармацыйных указальнікаў. Падчас месячніка ліквідавана 31 несанкцыянаваная звалка смецця, выдалены 148 адзінак драўнінна-хмызняковай расліннасці, таксама высаджаны 125 дрэў. За гэтыя дні знесены 3 старыя пабудовы (2 – у Івянецкім сельсавеце і 1 – у Пяршайскім).

 

Работнікі філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” сёлета ўстанавілі два металічныя прыпыначныя павільёны: у аграгарадках Адамова і Пяршаі. Пасажырам стала больш зручна чакаць рэйсавых аўтобусаў.

У Адамове абсталявана пасадачная пляцоўка ля павільёна. Кошт работ па яго ўстаноўцы абышоўся арганізацыі ў суму больш за 74 мільёны рублёў. Каштарысны кошт павільёна ў Пяршаях – 29 мільёнаў рублёў. Работы па яго ўстаноўцы завершаны ў мінулым месяцы.

 

З мэтай папярэджвання пажараў і гібелі людзей з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення ў раёне з 13 па 28 лістапада праводзіцца акцыя “Не прапальвай сваё жыццё!”. Статыстыка сведчыць, што асноўная прычына гібелі людзей на пажарах – курэнне ў ложку ў нецвярозым стане.

Акцыя праходзіць у некалькі этапаў. У ёй задзейнічаны не толькі штатныя супрацоўнікі РАНС, але і актывісты Беларускай маладзёжнай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. Стартавала акцыя на аўтавакзале ў Валожыне, дзе з пасажырамі аўтобусаў праводзіліся гутаркі, ім раздавалі лістоўкі-папярэджванні. Другі этап праходзіць у працоўных калектывах. Трэці – у прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі. Для навучэнцаў падрыхтавана тэматычная праграма з дэманстрацыяй прафілактычных і навучальных відэафільмаў. Падчас заключнага этапу акцыі да членаў маладзёжнай арганізацыі падключацца актывісты БРСМ, яны выйдуць на вуліцы райцэнтра і будуць раздаваць гараджанам памяткі і лістоўкі супрацьпажарнай тэматыкі. У той дзень можна будзе памяняць цыгарэту на цукерку.

 

За 2015 год на рамонт раённай паліклінікі выдаткавана 496 мільёнаў рублёў. Вядзецца ён гаспадарчым спосабам.

Гэтымі лістападаўскімі днямі цалкам завяршыўся рамонт усіх кабінетаў і калідора, дапаможных памяшканняў на трэцім паверсе, дзе вядуць урачэбны прыём вузкапрофільныя спецыялісты і назіраецца найбольш масавы прыток наведвальнікаў. Выраўнаваны і пафарбаваны сцены, зроблены падвясныя столі, устаноўлены святлодыёдныя свяцільні. Таксама сёлета адрамантаваны некаторыя кабінеты на першым, другім і чацвёртым паверхах. На гэтым рамонт не спыняецца.

 

Каўбасны цэх райспажыўтаварыства скараціў выпуск паўвэнджаных, сыравэнджаных і сыравяленых каўбас. Хаця па-ранейшаму яны карыстаюцца попытам у насельніцтва, асабліва прадукт рублены сыравэнджаны “Дзеравенскі”.

Аднак невялікаму цэху ўсё цяжэй вытрымліваць канкурэнцыю з вялікімі мясакамбінатамі. Магчыма, з новага года нашы кааператары наогул адмовяцца ад вырабу каўбас. Апошнім часам робяць стаўку на вытворчасць мясных паўфабрыкатаў. На працягу года павышаным попытам карыстаецца аднасартавое замарожанае жылаванае блочнае мяса. Ялавічына, расфасаваная ў блокі вагой 20 кілаграмаў, адпраўляецца на Пінскі мясакамбінат і камерцыйным структурам. У месяц адпраўляюць такога мяса больш за 10 тон.

У цэху вядуцца рамонтныя работы. Для работнікаў абсталёўваецца санпрапускнік па ўсіх ветэрынарна-санітарных нарматывах.



Добавить комментарий