Агляд падзей у раённай газеце за лiстапад 1970 года

Культура

ПРАЦОЎНЫ ЭНТУЗIЯЗМ

Аб выніках сацыялістычнага спаборніцтва працоўных раёна за 9 месяцаў бягучага года.

Пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва прызнаны калектыў раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”, які выканаў дзевяцімесячны план рэалізацыі прадукцыі на 109,4 працэнта. Яму ўручаны пераходны Чырвоны сцяг райкама КПБ і выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных.

Лепшых вынікаў у сацыялістычным спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці малака дабіўся калгас імя К. Маркса. На 100 гектараў сельгасугоддзяў тут атрымана па 473,1 цэнтнера малака. У павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса лепшых паказчыкаў дасягнуў саўгас “Ракаўскі”. На 100 гектараў сельгасугоддзяў рэалізавана па 87,6 цэнтнера мяса.

Пераможцам прызнаны:

даярка калгаса “17 верасня” М. У. Фурс (надаіла па 3052 кілаграмы малака ад каровы);

свінарка па вырошчванні парасят з калгаса імя Леніна С. В. Каранеўская (ад асноўнай свінаматкі атрымала па 19,5 парасяці);

свінарка па адкорме свіней з калгаса “Краіна Саветаў” С. І. Сняжко (сярэднясутачная прывага адкормачнікаў склала па 432 грамы);

даглядчык па вырошчванні цялят з калгаса імя Чапаева М. У. Дурко (сярэднясутачная прывага склала 678 грамаў);

даглядчык па адкорме буйной рагатай жывёлы з калгаса “Верны шлях” П. А. Пупко (сярэднясутачная прывага склала 810 грамаў);

трактарыст калгаса імя Гастэлы В. А. Пратасевіч (на трактары Т-74 выпрацаваў 1581 гектар умоўнага ворыва);

птушніца Івянецкага дзяржаўнага племзавода Я. М. Савіцкая (ад 3230 курыц-нясушак атрымала па 209,6 яйка ад кожнай).

 

 

 

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

Медалі “За бездакорную службу ў органах МУС” атрымалі В. І. Тамашэўскі, што праслужыў у міліцыі 20 год, У. І. Сіман, М. М. Сівы, І. А. Жураўкін, якія маюць дзесяцігадовы стаж работы. Загадам міністра ўнутраных спраў БССР аб’яўлена падзяка за выдатную службу ўчастковаму інспектару Г. І. Шумскаму. Лепшым супрацоўнікам аддзела ўнутраных спраў у вобласці прызнаны Я. П. Дудко. Яму ўручаны Чырвоны вымпел і грашовая прэмія.

У гонар XXIV з’езда КПСС змена майстра Т. А. Сарокі Ракаўскага нізавога сырзавода справілася з выкананнем гадавога задання, выпусціўшы тры тоны звышпланавай прадукцыі. З ахвотай купляюць сыр гандлюючыя арганізацыі Масквы, Ленінграда, Мінска. Гэтымі днямі ў сталіцу нашай Радзімы адпраўлена 36 тон сыру “Пікантны”.

 Свята ўраджаю ў Гародзькаўскай дзесяцігодцы падвяло вынікі работы на прышкольным доследным участку. Напрыклад, Валянцін Бартош прынёс паўкілаграмовы кабачок, Анатоль Шумскі – васьмісотграмовы яблык, Мікалай Маліноўскі – трыстаграмовую моркву. З першага класа вучням прывіваецца любоў да працы. Сёлета першакласнікі збіралі насенне дрэў для закладкі школьнага гадавальніка, клапатліва даглядалі кветкі. Старэйшыя вучні саджалі яблыні ў школьным садзе, дапамагалі калгасу ўбіраць ураджай.

 У 1969 годзе за зімовы перыяд у раёне адбылося васямнаццаць пажараў. Сёлета за час ацяпляльнага сезона зарэгістравана сем выпадкаў гэтага бедства. Некаторыя нават вынайшлі спосаб абагрэву прыбудоў, выносячы ў пуні і хлявы палаючыя вугалі. Жыхарка Ракава запаліла печку ў хаце, а сама лягла адпачыць, пакінуўшы яе без нагляду. У выніку ўзнік пажар, які знішчыў дом. Грамадзянін з вёскі Даўгулі Яршэвіцкага сельсавета смаліў парсюка: з-за няспраўнасці ўзарвалася паяльная лямпа, ад чаго загарэўся хлеў.

 

 

УПЕРШЫНЮ Ў ГIСТОРЫI

КАСМАНАЎТЫКI

Пра гэта пісала “Працоўная слава” з паметкай ТАСС:

17 лістапада ў 6 гадзін 47 хвілін па маскоўскім часе аўтаматычная станцыя “Месяц-17” зрабіла мяккую пасадку на паверхню Месяца ў раёне мора Дажджоў.

Упершыню ў гісторыі касманаўтыкі на Месяц дастаўлены і пачаў навуковыя даследаванні аўтаматычны месячны самаходны апарат, кіруемы з Зямлі, “Месяцаход-1”. На ім і на пасадачнай ступені ўстаноўлены флагі і вымпелы з малюнкамі Дзяржаўнага герба Савецкага Саюза і барэльефам У. І. Леніна. Самаходны апарат перамяшчаецца з дапамогай васьміколавага шасі. Ён абсталяваны навуковай апаратурай, прыборамі і сістэмамі кіравання, радыёсувязі і тэлевізійнага назірання. У адпаведнасці з савецка-французскім пагадненнем аб супрацоўніцтве ў вывучэнні і асваенні касмічнай прасторы ў мірных мэтах на борце месяцахода ўстаноўлены французскі адбівальнік для лазернай лакацыі Месяца.

 

 

 

Кароткім радком

Пачалася заліўка фундамента для новага будынка Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання.

 Лекцыі, прысвечаныя 150-годдзю з дня нараджэння Фрыдрыха Энгельса, прачытаны перад хлебаробамі калгаса “Праўда”. Сакратар партыйнай арганізацыі калгаса Ф. А. Пашкоўскі і аграном Ф. П. Пятровіч выступілі перад паляводамі з дакладам “Вялікі тэарэтык навуковага камунізму”. Сходы працоўных прайшлі ва ўсіх калгасах і саўгасах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

 На пасяджэнні літаратурна-мастацкага аб’яднання пры рэдакцыі нашай газеты абмеркаваны новыя творы старэйшых членаў аб’яднання Ганны Рубацкай і Яўгена Цыганкова. На пасяджэнні выступілі таксама вучаніцы Забрэжскай СШ Раіса і Наташа Пятроўскія, Таня Жамойдзіна, таваразнаўца Тамара Марціноўская.

 Другі том Вялікай Савецкай Энцыклапедыі атрымалі падпісчыкі нашага раёна. Як і першы, ён надзвычай багата ілюстраваны, уключае разнастайныя гістарычныя і геаграфічныя карты.

 “Слова аб савецкай музыцы” – гэтай тэме прысвяцілі лекцыю ва ўніверсітэце культуры. Яе прачытала музыказнавец І. Зубрыч. Да аматараў музыкі, якія сабраліся ў раённым Доме культуры, прыехалі артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яны выканалі на фартэпіяна, цымбалах шэраг музычных твораў. Апладысментамі ўзнагародзілі слухачы саліста тэатра оперы і балета, заслужанага артыста БССР В. Ганчарэнку.

 

 

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Па турыстычных пуцёўках у Венгрыю і Чэхаславакію выязджае група працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна. Сярод іх эканаміст калгаса “Чырвоны партызан” Г. Рубацкая, шафёр калгаса “Верны шлях” В. Гуд, загадчыца фермы калгаса “Радзіма” А. Бядзінская, трактарыст калгаса імя Чарняхоўскага І. Клімовіч і іншыя – усяго больш як 30 чалавек.

 Ільнаводы вытворчага ўчастка “Анцэлеўшчына”, які ўзначальвае камуніст З. М. Задора, першымі ў саўгасе “Падбярэззе” пачалі апрацоўку трасты новага ўраджаю. Як паказваюць падлікі, з кожнага гектара будзе атрымана не менш за 6,3 цэнтнера валакна.

Урачыстыя провады на службу ў Савецкую Армію прайшлі ў раённым Доме культуры. Яўген Траццяк, слесар аўтабазы № 14, Віктар Гардынец, піянерскі важак, Фелікс Машко, рабочы Валожынскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, Іосіф Чэрнік, Аляксандр Качынскі, Эдуард Казак і многія іншыя васямнаццацігадовыя юнакі перанялі эстафету бацькоўскай мужнасці.

Вялікую работу па выхаванні падлеткаў праводзіць савет дзіцячага пакоя пры Белакорацкім сельвыканкаме. Кіруе саветам Надзея Вікенцьеўна Дон – загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта. Яна выявіла і ўзяла на ўлік тых дзяцей, якія ўхіляліся ад заняткаў у школе, дрэнна паводзілі сябе на вуліцы. Неаднаразова гутарыла з іх бацькамі, сустракалася з гэтымі рабятамі. Праца не прапала марна. Парушэнні дзецьмі правапарадку рэзка знізіліся. Такіх энтузіястаў у нас нямала. Добра зарэкамендавалі сябе на грамадскай рабоце намеснік дырэктара Багданаўскай СШ Анатоль Васільевіч Барахоўскі, дырэктар Вішнеўскай СШ Віктар Іосіфавіч.

 

 

 

ВЕРНЫЯ РАДЗIМЕ, НАРОДУ

За 53 гады свайго існавання савецкая міліцыя прайшла слаўны баявы шлях. У гады Вялікай Айчыннай вайны людзі ў сініх шынялях мужна змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

 У першыя ж дні вайны загінулі, але не пакінулі баявога паста супрацоўнікі Валожынскага райаддзела міліцыі П. Кароль, І. Жукоўскі, І. Шакун.

Сёння добрасумленна працуюць былыя франтавікі і партызаны ўчастковыя інспектары Іван Антонавіч Більдзюк, Сяргей Аляксеевіч Руткевіч, Іван Мацвеевіч Барысевіч, міліцыянер Мікалай Антонавіч Несцераў.

У пасляваенны перыяд міліцыянерам не адзін раз прыходзілася ўступаць у смяротную сутычку з узброенымі бандытамі. Так, у 1948 годзе ўчастковы ўпаўнаважаны былога Івянецкага райаддзела Мікалай Аляксандравіч Рэвуцкі пры выкананні баявога задання трапіў на засаду бандытаў і ў няроўнай сутычцы загінуў. Аддалі сваё жыццё, застаўшыся вернымі службоваму абавязку, работнікі райаддзела браты Шчуцкія, Каждан, Турскі, Кудлач і інш.

Сённяшняя міліцыя – гэта юрысты, інжынеры, педагогі. Большасць супрацоўнікаў аддзела – высокакваліфікаваныя і палітычна адукаваныя людзі. Сярод іх І. Жураўкін, В. Сянько, В. Лебедзева, Е. Дурко, С. Марцінкевіч, І. Більдзюк, С. Руткевіч і інш.

 

 

Работнікі Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання працягваюць выпуск новых мадэлей да зімовага сезона. Выдатную адзнаку на абласным аглядзе ўзораў мод на 1971 год атрымала маладзёжнае паліто з чорнай тканіны букле. Аўтар гэтай мадэлі – закройшчык швейнага атэлье ў Валожыне Расціслаў Барахоўскі.

 Работа па водазабеспячэнні населеных пунктаў вядзецца на тэрыторыі Пяршайскага сельсавета. Напрыклад, у калгасе імя Мічурына пракладзена каля трох кіламетраў водаправода. Толькі ў вёсцы Семернікі ўстаноўлена восем водазаборных калонак.

Калектыў Івянецкага прамкамбіната аднадушна рашыў у гонар XXIV з’езда КПСС выканаць пяцімесячны план за тры месяцы на сто дваццаць працэнтаў. У мэблевым цэху працуюць 60 чалавек. У першай шарэнзе перадавікоў сацыялістычнага спаборніцтва за дастойнае выкананне гадавога і пяцігадовага заданняў ідуць Адам Іванавіч Равяка, Іван Андрэевіч Янушкевіч, Іосіф Іванавіч Матусевіч.

 

 

 У калгасе імя Чарняхоўскага закончана тэлефанізацыя гаспадаркі. Цяпер у кожнай брыгадзе, на фермах устаноўлены тэлефонныя апараты.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий