Узоры рукатворныя…

Общество

Валянціна Уладзіміраўна ВАСІЛЬЕВА, майстрыха з Валожына, запэўнівае: вышыванне – лепшы антыдэпрэсант, што ўлагоджвае нервовую сістэму.

Атрымаўшы з тысячы дробных крыжыкаў гарманічны пейзаж на палатне, доўга знаходзішся пад заспакаяльным гіпнозам гэтай эстэтычнай “пілюлі”. А яшчэ карпатлівы “hand made” выхоўвае цярпенне. Напрыклад, на стварэнне вялікай карціны ў вышывальшчыцы ідзе каля 3 месяцаў.

Пазнаёміцца з творчасцю Валянціны Уладзіміраўны можна на выставе “Магія каляровых нітак”, што адкрыта на базе народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца” па вуліцы Партызанскай райцэнтра.

Тут прадстаўлена больш за 20 работ – толькі частка са шматлікай хатняй калекцыі В. У. Васільевай. Белакаменныя храмы, пейзажы з тонкімі беластволымі бярозкамі, якія здзіўляюць сваёй рэалістычнасцю, бойкія коні, Рамэа і Джульета, што прытуліліся адзін да аднаго ў пяшчотных абдымках, трапяткая рэпрадукцыя “Старой вежы” К. Каро.

Вышыўкай крыжыкам Валянціна Уладзіміраўна аздабляе маленькія падушкі, дадаючы яркіх нот утульнасці хатняму інтэр’еру. Некалькі накідак на падушкі таксама можна ўбачыць на выставе.

Па спецыяльнасці В. У. Васільева тэхнік-тэхнолаг харчовай прамысловасці. Аднак рэалізавацца ў абранай прафесіі не давялося. Валянціна Уладзіміраўна 30 гадоў працавала ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Адкуль цяга да творчасці? Родная цётка была швачкай, упрыгожвала адзенне цудоўнымі ўзорамі, вышытымі на машынцы. Тата хоць і працаваў манцёрам у раённым вузле сувязі, у той жа час быў мастаком-самавукам. Часта браўся за пэндзаль і алейныя фарбы, пісаў рэпрадукцыі вядомых жывапісцаў. Як тут не праявіцца мастацкім здольнасцям у дачкі?!

Валянціна Уладзіміраўна добра малявала ў школьныя гады, захаплялася вязаннем. Вышываць жа пачала перад выхадам на пенсію. Прыйшлося датэрмінова звольніцца з працы, каб дзяжурыць пры хворым бацьку. Чым заняць сябе доўгімі вечарамі? Трапілася ў часопісе вышыўка брыганціны, знайшлося прыхаванае ў шафе маміна мулінэ, і на канве за некалькі дзён з’явіліся мора і рамантычны паруснік. Рукадзелле надзвычай захапіла, стаўшы галоўным хобі. І вось караблік хэнд-мэйда плыве па акіяне творчасці ўжо 9 гадоў.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий