Зямля – яго лёс

Культура

Генрых Маркавіч Арцішэўскі 54 гады прысвяціў сельскай гаспадарцы Валожыншчыны. Аграном ад Бога, ён ніколі не здраджваў служэнню зямлі-карміцельцы і зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, душой хварэе за справу, якой аддадзены час, сілы, вопыт.

Нарадзіўся ён у 1936 годзе ў вёсцы Доры. У бацькоў было шмат дзяцей, але выжылі толькі Генрых і яго брат. Дзяцінства хлопчыкаў праходзіла прыблізна так, як у большасці сялянскіх дзяцей. Але за будзённымі клопатамі не забываліся ў гэтай сям’і пра карысць навукі. Вучыцца браты Арцішэўскія хадзілі ў вёску Зарэчча. Будынак школы адсутнічаў, заняткі праводзіліся ў звычайнай хаце. Аднак адукацыйны працэс быў пастаўлены на даволі высокім узроўні, аб чым сведчаць вынікі – хто скончыў сямігодку, лічыўся высокаадукаваным чалавекам.

Калі на беларускую зямлю прыйшла фашысцкая навала, Генрых быў падлеткам, але добра памятае той дзень, калі вяскоўцы даведаліся аб нападзенні фашыстаў. А страшная трагедыя роднай вёскі нясконцым болем суправаджае яго праз усе пражытыя з той пары гады. Сям’я Арцішэўскіх выжыла ў страшны дзень. Бацькі прадчувалі бяду, таму разам з дзецьмі начавалі ў жыце. Але сярод спаленых у царкве знаходзіліся сваякі і суседзі, проста добра знаёмыя людзі. Генрых Маркавіч сцвярджае, што час не сцёр з яго памяці твары землякоў і не прытупіў нянавісці да акупантаў.

У ваенны і пасляваенны час выжываць прыходзілася з цяжкасцямі. Каб зводзіць канцы з канцамі, працавалі, як кажуць, не разгінаючы спіны. Генрых Маркавіч памятае, як голадна было, калі заканчваліся прыпасы збожжа, а да ўборкі новага ўраджаю заставалася яшчэ шмат часу. Перад вачамі паўстаюць заплаканы твар маці і разгублены позірк бацькі. Але ж, нягледзячы ні на голад, ні на холад, сям’я выжыла, а ў падлетка сфарміравалася цвёрдая ўпэўненасць: “Буду вырошчваць хлеб!”

Пасля школы трохі працаваў механізатарам, але хутка атрымаў павестку ў армію. Служыў у Германіі. Служба дала многае: уменне падпарадкоўвацца, ладзіць з людзьмі, выконваць нават тое, што на першы погляд здаецца немагчымым. Калі вярнуўся дадому, амаль адразу атрымаў назначэне – стаў брыгадзірам. Абавязкі стараўся размяркоўваць з улікам здольнасцей, працалюбства і характара. Такі падыход у хуткім часе дазволіў вывесці брыгаду ў перадавікі. Добра ўсведамляў неабходнасць спецыяльнай адукацыі – паступіў у Мар’інагорскі сельгастэхнікум. Неўзабаве атрымаў прапанову заняць новую пасаду. Калгасу імя Карла Маркса быў патрэбен галоўны аграном. Адсутнасць вопыту кампенсавалася апантанасцю аграрнай навукай і вялікім, нягледзячы на маладыя гады, працоўным вопытам. Пазней была вучоба ў Ленінградскай сельскагаспадарчай акадэміі, дыплом з адзнакай і мноства прапаноў для далейшага кар’ернага росту, але… Генрых Маркавіч дзесьці ў той час душой адчуў – пагоня за пасадамі не для яго. Да таго ж Г. М. Арцішэўскі з вялікай павагай ставіўся да кіраўніка калгаса, лічыў яго сваім настаўнікам. Таму вырашыў працягваць працу ў гаспадарцы, якую у той час узначальваў Канстанцін Вікенцьевіч Захарэвіч.

Трыццаць гадоў адпрацаваў Генрых Маркавіч галоўным аграномам на Пяршайшчыне. Стабільным аказалася і асабістае жыццё Г. М. Арцішэўскага. У 1967 годзе сустрэў ён сваё першае і адзінае каханне – Алену Вікенцьеўну. Дзяўчына прыйшла ў калгас на пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. Лёс звёў маладых людзей у калгаснай канторы. Сорак восем гадоў гэта пара разам. Выгадавалі сына, зараз цешацца з унучак.

Генрых Маркавіч любіць глядзець старыя фільмы, цэнтральнымі героямі якіх з’яўляюцца спецыялісты сельскай гаспадаркі. Самы дарагі яго сэрцу – “Дело было в Пенькове”. Паважае творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа, упэўнены, лепш за беларускіх класікаў аб роднай зямлі ніхто не напісаў. Не здраджвае аграном-пенсіянер і любімай прэсе – у яго паштовай скрынцы з году ў год – “Савецкая Беларусь” і родная “Працоўная слава”. Разам з жонкай шмат часу ўдзяляюць уласнай гаспадарцы. Даўно стаў спецыялістам у вытворчасці “фірменных” мясных кансерваў. “Былых аграномаў не бывае”, – сцвярджае ветэран працы і шчодра дзеліцца прафесійным вопытам з тымі, хто просіць парады. Ён шчыра ганарыцца сваімі ўзнагародамі, якія і падлічыць цяжка. Самыя значныя – ордэны Кастрычніцкай рэвалюцыі і “Знак Пашаны”. Г. М. Арцішэўскі – заслужаны калгаснік былой гаспадаркі імя Карла Маркса, зараз КСУП “Пяршаі-2014”. Часта задумваецца аб тым, як склаўся б яго прафесійны лёс, каб камп’ютары і іншыя тэхнічныя сродкі з’явіліся раней.

Генрых Маркавіч больш за ўсё цэніць у людзях уменне паважаць чужую думку, вернасць дадзенаму слову, граматнае стаўленне да набыткаў старэйшых пакаленняў. А ўсім калегам-аграномам, былым і тым, хто абраў справай свайго жыцця гэту галіну сельскай гаспадаркі зусім нядаўна, жадае цярпення і павагі да роднай зямлі, якая, па яго сцвярджэнні, і пракорміць, і жыццю навучыць, і шчаслівым зробіць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий