Сустрэча прайшла з карысцю

Закон и порядок

У нашым жыцці існуе шмат такога, пра што мы ўспамінаем толькі ў крайнім выпадку. Напрыклад, правілы бяспечнага пражывання. У Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця ўсе, пачынаючы ад дырэктара Алены Сігізмундаўны Петрашкевіч і заканчваючы самымі маленькімі выхаванцамі, гэтыя правілы выконваюць, як належыць. Але, каб чаго-небудзь не забыцца, трэба час ад часу паўтараць.

Вось і нядаўна ў інтэрнат, акурат на гадавіну Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў і пажарных, наведалася дэлегацыя на чале з начальнікам Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Максімам Міхайлавічам Шышканавым. Цікава, даступна, змястоўна напомнілі яны нам, як сябе паводзіць у надзвычайных сітуацыях, прадэманстравалі павучальныя фільмы, у гульнявой форме правялі практычныя заняткі, кожнаму выхаванцу падарылі кніжкі і буклеты. А затым майстар-клас правялі байцы ПАВЧ-1 горада Валожына: навучылі, як працаваць са спецабсталяваннем, дазволілі “пагаспадарыць” у пажарнай машыне і расказалі пра яе, прымералі на хлопчыкаў і дзяўчынак касцюмы выратавальнікаў. Уразіла гэта ўсіх вельмі моцна!

Напрыканцы мерапрыемства нашы самадзейныя артысты разам з вучнямі Івянецкай сярэдняй школы паказалі, на што яны здольныя.

Сустрэча прайшла для нас з вялікай карысцю, але дай Бог, каб надзвычайных сітуацый у нас не было і тэлефанаваць па нумары 101 не прыйшлося ніколі!

Яўген БАЕШКА,

вучань 11 класа



Добавить комментарий