Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

НЕ ПАЖАДАЎ ЖЫЦЬ ДАЛЕЙ

11 лістапада звёў рахункі з жыццём пенсіянер з Валожына. Аб трагедыі ў сям’і ў міліцыю паведаміла жонка загінуўшага. Па яе словах, раніцай няшчаснага дня яна пайшла на працу, а муж застаўся дома. Ніякіх сварак ці крытычных сітуацый, якія б сталі прычынай для такога сумнага фіналу, у іх хаце напярэдадні не было. Да таго ж мужчына характарызаваўся станоўча, не злоўжываў спіртнымі напоямі. Аднак пасля полудня жонка знайшла сваю другую палавіну на падворку за хатай з пятлёй на шыі – яму было 63 гады.

Усяго ж з пачатку гэтага года ў раёне закончылі жыццё праз павешанне 7 чалавек. Сярод недарэчных смерцяў – 4 выпадкі атручвання чадным газам, 3 – алкаголем, адзін чалавек патануў у вадзе.

 

СВАРКА ЗАКОНЧЫЛАСЯ ЗАБОЙСТВАМ

Адзінаццаты лістападаўскі дзень стаў апошнім у жыцці 46-гадовага жыхара вёскі Забрэззе, вартаўніка малочнатаварнай фермы “Вялікі Двор” ААТ “Лоск”. Па папярэдніх звестках, смерць наступіла ў выніку ўдушвання. За здзяйсненне злачынства затрыманы мясцовы жыхар, 1994 года нараджэння, які працаваў на ферме рабочым. У ходзе правядзення следства стала вядома, што апошні ў стане алкагольнага ап’янення завітаў на ферму, па яго словах, без ніякіх злосных задумаў. Аднак паміж ім і вартаўніком адбылася сварка. Чым не дагадзіў яму вартаўнік – зараз узгадаць не можа, але ў нейкі момант ён схапіў металічны провад і заціснуў на шыі крыўдзіцеля. А калі зразумеў, што ахвяра ўжо не дыхае, з месца злачынства ўцёк. Аб тым, што на рабочым месцы знойдзены труп вартаўніка, у дзяжурную часць паведаміў загадчык МТФ.

Па словах следчых, злачынца даўно не сябруе з законам, злоўжывае спіртнымі напіткамі, водзіць сяброўства з раней асуджанымі. Сам неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за крадзяжы, але асуджаны не быў ні разу. А зусім нядаўна яго затрымалі за выкраданне трактара. Па гэтай справе на 18 лістапада быў назначаны суд, але за розум ён так і не ўзяўся.

 

ЧУЖОЕ ДАБРО БЯРЭ ЗА РАБРО

8 лістапада жыхар вёскі Адамоўцы звярнуўся да праваахоўнікаў, каб дапамаглі знайсці яму злодзея, што ўкраў грошы. Напярэдадні ў прамежак часу з 12 да 18 гадзін ён пакінуў на стале, які стаяў у двары ўласнага дома, партманет, дзе знаходзіліся 506 тысяч рублёў, 50 долараў ЗША і 8 грывен. Калі ўвечары адкрыў кашалёк – ён аказаўся пусты. Зварот у міліцыю, напэўна, напалохаў невядомага зламысніка, бо вельмі хутка прапажа знайшлася: купюры рознай вартасці былі раскіданы па траве ля дома пацярпеўшага.

Адшукаць злодзея па гарачых слядах удалося і дачніку з вёскі Падневічы. 1 лістапада ён звярнуўся з заявай у міліцыю аб прапажы бензапілы замежнай вытворчасці коштам 2,5 мільёна рублёў, а ўжо на наступны дзень стала вядома, што крадзеж здзейсніў 28-гадовы мясцовы жыхар. Няцяжка зразумець, навошта спатрэбілася чужая маёмасць маладому чалавеку, які нідзе не працуе. Чамусьці зарабляць законным шляхам, уладкаваўшыся на работу, ён не жадаў. Цяпер небараку давядзецца думаць не толькі пра тое, як пражыць, але і як выплаціць немалы штраф.

А вось сталічнаму жыхару, які мае дачны дом у садаводчым таварыстве “Заранак”, што ля вёскі Пялікшты, не пашанцавала. За тыдзень, пакуль гаспадар не наведваўся туды, былі ўзламаны замкі на дзвярах лазні, у хляве, а таксама пашкоджаны аконныя рамы ў нежылым доме. У выніку гаспадар недалічыўся маёмасці ажно на 23 мільёны рублёў. Пералік украдзенага склаў 26 найменняў, у асноўным зніклі дарагія інструменты.

Шукаць таго, хто паквапіўся на 123 лісты профнасцілу, вымушаны і гаспадары сумеснага прыватнага прадпрыемства, якое размешчана ў вёсцы Паморшчына. Будаўнічы матэрыял быў складзены на агароджанай тэрыторыі, аднак гэта не стала перашкодай для тых, хто любіць жыць за чужы кошт. Матэрыяльны ўрон, нанесены прыватніку, ацэнены ў 7,5 мільёна рублёў.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий