Палiўнае “меню”

Общество

З надыходам зімовага перыяду забеспячэнне палівам печаў і катлоў становіцца першачарговай задачай. Яе вырашэнне – галоўны клопат Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва”.

Дровы і торфабрыкет застаюцца асноўным “пастаўшчыком” цяпла ў многіх жылых дамах, у вытворчых і офісных памяшканнях камерцыйных прыватных прадпрыемстваў, а таксама ва ўстановах культуры і сацыяльнай сферы. Штомесяц дрэванарыхтоўчая брыгада пад кіраўніцтвам майстра Аляксандра Вайцяхоўскага пастаўляе на рэалізацыю 260-280 кубічных метраў драўніны. Усе этапы, пачынаючы з дзялянкі і заканчваючы выгрузкай, на філіяле ажыццяўляюць уласнымі сіламі. Няма нараканняў і на тэрміны выканання. Праўда, пра прымаўку “рыхтуй сані летам, а зімой калёсы” людзі часам забываюць: летам у паліўшчыкаў ёсць магчымасць нарыхтаваць і даставіць дровы за адзін дзень, але заказаў мала. А вось узімку тэлефоны прадпрыемства пачынаюць “разрывацца” ад званкоў. І ўсё ж, нягледзячы на вялікі наплыў работы, на прадпрыемстве стараюцца не марудзіць з выкананнем заявак: яшчэ не было выпадку, каб кліенты чакалі дровы больш за тры дні.

Са Стаўбцоўскім заводам “Нёман” філіял заключыў сёлета дагавор на закупку 6000 тон торфабрыкету. Менавіта ў такой колькасці гэтага мясцовага віду паліва мае патрэбу наш раён. Перавозкі даручаны вадзіцелям Канстанціну Бобрыку, Міхаілу Рудовічу, Уладзіміру Зянько, Міхаілу Гутару. Гэтыя мужчыны неаднойчы адзначаліся кіраўніцтвам за старанне і сумленнае выкананне працоўных абавязкаў. Ды ў калектыве філіяла па-іншаму ставіцца да работы не прынята.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий