Юбiлей у рэканструяваным храме

Культура

150-годдзе царквы Святых бяссрэбранікаў Касьмы і Даміяна ў Вішневе было нядаўна адзначана ў рэканструяваным будынку. Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел правёў чын Вялікага асвячэння храма. Затым ён узначаліў літургію.

Удзел у богаслужэнні прынялі сакратар епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Віталій Багданёнак, благачынны цэркваў Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый Агіевіч, настаяцель храма Праабражэння Гасподня ў аграгарадку Ракаў протаіерэй Сергій Лепін, настаяцель Вішнеўскай царквы протаіерэй Аляксандр Чурыла. На святочнай службе маліліся шматлікія госці і прыхаджане.

Пасля літургіі адбыўся Хрэсны ход вакол храма з малебнам Святым бяссрэбранікам Касьме і Даміяну.

Пасля заканчэння богаслужэння епіскап Павел звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам і ўручыў тым, хто ўнёс найбольшы ўклад у правядзенне аднаўленчых работ у храме каштоўныя падарункі, граматы і падзякі. Кожны, хто прыняў удзел у службе, атрымаў ад Уладыкі на памяць ікону Святых Касьмы і Даміяна. Настаяцель храма падзякаваў епіскапу Паўлу і падарыў ікону з выявай Святых. Ён выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто дапамог у рэканструкцыі.

Царква Святых бяссрэбранікаў Касьмы і Даміяна была пабудавана ў Вішневе ў 1865 годзе. Да юбілейнай даты рыхтаваліся загадзя. Была праведзена рэканструкцыя знадворку і ўнутры храма, а таксама добраўпарадкавана тэрыторыя. Работы вяліся на сродкі вернікаў і дабрачынцаў з Вішнева. Матэрыяльную дапамогу аказалі і прыватныя прадпрыемствы, і людзі, нераўнадушныя да спраў храма з раёна і вобласці.

Анжэла РАДЫНА

Фота з сайта Маладзечанскай епархіі



Добавить комментарий