Хулiган разбушаваўся

Закон и порядок

Апошнім часам сярод крымінальных спраў, якія разглядаюцца судом Валожынскага раёна, усё часцей сустракаюцца тыя, што кваліфікуюцца як хуліганства. Ад нахабнай бравады і алкагольнага “падагрэву” падлеткі, маладыя людзі і нават грамадзяне паважанага ўзросту парушаюць грамадскі правапарадак: псуюць чужую ці грамадскую маёмасць, учыняюць бойкі.

У пачатку лістапада пад старшынствам суддзі Анатоля Васільевіча Зянько разглядалася справа па абвінавачванні 22-гадовага юнака ў крадзяжы і хуліганстве. Па прыгаворы злачынцу вынесена пакаранне ў выглядзе абмежавання волі і прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму.

Акт справядлівасці адбыўся, пакінуўшы падставу для роздуму…

“Герой” гэтай справы – сацыяльны сірата. Магчыма, цяжкае дзяцінства і стала прычынай супрацьпраўных паводзін у дарослым жыцці. Хаця добры старт у самастойнасць дзяржава юнаку забяспечыла: скончыў школу, меў пэўную спецыяльнасць, бясплатна атрымаў добраўпарадкаваную кватэру ў сучаснай шматпавярхоўцы. Што больш трэба? Жыві, працуй, дбай пра дабрабыт, займайся самаадукацыяй, стварай сям’ю… Але ўсё гэта не прываблівала маладога чалавека. Шчасце ў яго разуменні было ў тым, каб не хадзіць на работу і піць штодня гарэлку за грошы з чужой кішэні.

З работы яго і сапраўды даволі хутка звольнілі, любоў да гарэлкі перарасла ў залежнасць, а прага да чужога прывяла на лаву падсудных. У маі бягучага года яго першы раз судзілі, прыгаварылі да 180 гадзін грамадскіх работ. Не адбыўшы пакаранне, у пачатку ліпеня хлопец зноў узяўся за сваё.

Вось што чытаем у крымінальнай справе: “Прыкладна каля 23.30, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, свядома, з мэтай учынення хуліганскіх дзеянняў, груба парушаў грамадскі парадак, дэманструючы браваду, пагражаў нажом як зброяй для нанясення цялесных пашкоджанняў у адносінах да двух грамадзян, якія мірна сядзелі на лаўцы ля пад’езда…”

Адзін з напалоханых даў такога драпака, што за хвіліну апынуўся перад будынкам РАУС, а вось другі зрушыцца з месца не мог па прычыне інваліднасці. Хуліган добра ведаў аб тым, што яго сусед хворы з дзяцінства, не можа хадзіць, пастаяць за сябе ці абараніцца…

Пройдзе няшмат часу, і прозвішча гэтага “сіраты” зноў пачне фігурыраваць у міліцэйскіх зводках. У начны час ён па дамоўленасці з такім жа аматарам “прапальваць” жыццё ў пустую нанясе візіт у адзін з гарадскіх інтэрнатаў, дзе “абчысціць” некалькі пакояў. Украдзены будуць барсетка, кашалёк, грошы, некалькі пачкаў цыгарэт, два мабільныя тэлефоны. Пакуль праваахоўнікі запаўнялі пратаколы, афармлялі належным чынам розныя паперы і займаліся зборам неабходных дакументаў, злачынец у шапку не спаў. Каб наталіць смагу, прыйшоў у магазін і нахабна, не хаваючыся, зняў з паліцы бутэльку гарэлкі, бутэльку віна і выбег на вуліцу.

Злодзея і хулігана арыштавалі, доказная база яго вінаватасці сумненняў не выклікала, і праз паўгода ён ужо зноў чуў: “Устаць! Суд ідзе!”

Зазірнуць бы ў будучыню і даведацца, ці адбудзецца цуд ператварэння гэтага крымінальнага “элемента” са схільнасцямі да рэцыдыву ў законапаслухмянага грамадзяніна…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий