Дысцыплiна на дарогах “Кульгае”

Закон и порядок

Падчас прафілактычна-комплекснага мерапрыемства “Пешаход”, што праходзіла з 11 па 15 лістапада, у раёне затрыманы 33 чалавекі, якія знаходзіліся ў цёмны час сутак на праезнай частцы дарогі без святлоадбівальных элементаў.

 Восем з іх былі ў стане алкагольнага ап’янення. 31 пешаход аштрафаваны, раскашэліцца ім давядзецца на сумы ад 1 да 5 базавых велічынь.

Здаецца, ужо і не адшукаеш чалавека, які б не ведаў, што неабходна абазначаць сваё адзенне флікерам. Неаднаразова супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС выступалі ў сродках масавай інфармацыі і тлумачылі, што ў цёмны час сутак абазначаныя святлоадбівальнымі элементамі пешаходы, веласіпедысты або гужавыя павозкі заўважаюцца вадзіцелем здалёк і даюць магчымасць своечасова зменшыць хуткасць.

Патрабаванні Правіл дарожнага руху ігнаруюць і гараджане, і вяскоўцы. У горадзе часта фіксуюцца такія правапарушэнні, як пераход у нявызначаным месцы, у сельскай мясцовасці – выхады на праезную частку ў стане алкагольнага ап’янення. Сёлета пад аўтамабільнымі коламі загінулі двое п’яных пешаходаў. Нядаўна на аўтатрасе рэспубліканскага значэння затрымалі жыхара вёскі Рум на добрым падпітку. Мужчына ўжо збіраўся прылегчы прама на асфальце, але быў своечасова заўважаны супрацоўнікам міліцыі. Улічваючы хуткасць, з якой імчацца аўтамабілі па той дарозе, можна пэўна сцвярджаць, што гэта ўратавала чалавеку жыццё.

Хочацца звярнуцца і да кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу з напамінам аб неабходнасці забеспячэння работнікаў спецадзеннем, на якім прадугледжаны святлоадбівальныя ўстаўкі.

Тым жа грамадзянам, хто ўпраўляе гужавымі павозкамі ці ездзіць на веласіпедзе, неабходна абавязкова паклапаціцца пра ўстаноўку святлоадбівальных элементаў на дадзеных транспартных сродках.



Добавить комментарий