Аўтамабiлям – зiмовы “абутак”

Закон и порядок

У вобласці праходзіць Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху “Жыццё – даражэй за шыны!”. Пад такой жа назвай да 4 снежня будзе доўжыцца і рэспубліканская акцыя.

Падчас акцыі супрацоўнікі ДАІ правядуць тлумачальную работу ў працоўных калектывах, арганізацыях і ўстановах адукацыі. Найперш увага будзе ўдзелена неабходнасці замены шын згодна з умовамі надвор’я.

Пункт 207-1 Правіл дарожнага руху прадугледжвае, што з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобус павінны мець зімовыя шыны з вышынёй малюнка пратэктара не менш за 4 міліметры, якія ўстанаўліваюцца на ўсіх колах.

Аналіз ДТЗ паказвае, што невыкарыстанне зімовых шын часта прыводзіць да няшчасных выпадкаў на дарозе. Так, 23 студзеня 2015 года непадалёку Выганічаў вадзіцель, які рухаўся на легкавушцы “Рэно” ў бок Ракава, няправільна выбраў хуткасць, не ўлічыў асаблівасці надвор’я, у выніку чаго не справіўся з кіраваннем. Аўтамабіль занесла ў правы бок па ходу руху, і ён перакуліўся. Пасажырка атрымала цялесныя пашкоджанні. На задняй восі транспартнага сродку была ўстаноўлена зімовая рызіна з рэштавай вышынёй малюнка пратэктара менш за 4 міліметры. 3 лютага 2015 года ў Ганчыцах мясцовы жыхар ехаў па вясковай вуліцы на высокай хуткасці і ўрэзаўся ў дрэва. Нягледзячы на зімовы час, на яго аўтамабілі стаялі летнія шыны.

У якасці зімовых шын неабходна прымяняць тыя, што маркіраваны знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі са сняжынкай унутры ці знакамі “M+S”, “M@S”, “M.S”, “M S”, “All seasons”. Адказнасць за невыкарыстанне на транспартным сродку зімовых шын прадугледжана часткай 5 артыкула 18.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і караецца штрафам у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь. У выпадку, калі на аўтамабілі ўстаноўлены зімовыя шыны з пратэктарам менш за 4 міліметры, адказнасць наступае па частцы 3 артыкула 18.12 – кіраванне транспартным сродкам з няспраўнасцямі, што прадугледжвае штраф у памеры 1 базавай велічыні.

Акрамя шын, уладальнік аўтамабіля павінен паклапаціцца пра абагрэў шкла, наладжанасць “дворнікаў”, тармазоў. Праверце таксама ўзровень антыфрызу і заліце незамярзаючую вадкасць у бачок. Варта нанесці сіліконавую змазку на замкі, завесы дзвярэй, капота, багажніка. Звярніце ўвагу на стан “запаскі”, дамкрата, буксіровачнага троса і знака аварыйнага прыпынку. Калі ёсць сумненні наконт надзейнасці акумулятара, то лепш яго замяніць перад наступленнем маразоў. А калі несвоечасова памяняць паліўны фільтр (асабліва дызель), то першая мінусавая тэмпература надвор’я стане прычынай адказу рухавіка.

Памятайце, што летняя рызіна пры маразах неэфектыўная, і аўтамабіль можа стаць некіруемым. У галалёд тармазны шлях павялічваецца ў некалькі разоў. Перыядычна правярайце стан тармазной сістэмы і рулявога кіравання. Зношаны пратэктар шын пакідае вам мала шансаў для бяспекі на абледзянелай дарозе. Рухаючыся зімой на аўтамабілі, выбірайце карэктную хуткасць і правільную дыстанцыю.

Міхаіл ЛІШТВАН, начальнік АДАІ РАУС



Добавить комментарий