Шкляныя цуды Лiлii Ляшнеўскай

Культура

Часам, зайшоўшы ў вясковую хату, дзіву даешся, наколькі хораша і ўтульна ладзяць свой быт гаспадары, на якія траты сродкаў, часу і сіл ідуць, каб ператварыць сядзібу ў сапраўдную жамчужыну. Падчас камандзіроўкі па ваколіцах Вішнеўшчыны карэспандэнтам пашчасціла завітаць да такога чалавека – Ліліі Пятроўны Ляшнеўскай з вёскі Круглая.

З першага погляду падворак вабіць завітаць туды і абавязкова пазнаёміцца з жыхарамі, якія, падаецца, нават у сне думаюць пра тое, як падтрымаць і яшчэ больш выразна падкрэсліць наведзеную прыгажосць. Акуратная, дагледжаная і падкошаная тэрыторыя. Шматлікія дэкаратыўныя дрэўцы і кветкавыя ландшафтныя кампазіцыі. Са з душой зладжанай пры двары каплічкі ўсіх сустрэчных благаслаўляе скульптурная выява Маці Божай. Пакуль любаваліся, упрыгожаныя налічнікамі дзверы прасторнага дома расчыніліся, і на двор выглянула сама гаспадыня – увішная, рухавая жанчына з прыемнай усмешкай. Запрасіла нечаканых гасцей на агледзіны.

Аказалася, далёка не ўсе сюрпрызы хараства адкрыла нам незапланаваная сустрэча на падворку. Асноўныя два скарбы, дзівосная сумесь багатага эстэтычнага густу і шматдзённай карпатлівай працы на вынік, тояцца ўнутры дома. Першае – люстэркавы пакой. Сотні, калі не тысячы шкляных пялёсткаў самых розных форм “аселі” на бусцілатна-гіпсавых сценах прыхожай ад верху да самага нізу, ствараючы суцэльную кампазіцыю з кветак, грыбоў, усемагчымых абстрактных узораў. Другое – імправізаваны алтар на чырвоным куце хаты, перад якім Лілія Пятроўна спраўляла з благаславення пробашча касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Вішневе з аднавяскоўкамі маёвыя вячэрнія службы, а цяпер ладзіць асабістыя штодзённыя набажэнствы…

Гаспадыня сёмы год жыве сярод гэтай прыгажосці адна. Мужа не стала, старэйшы сын Віктар (дарэчы, афганец, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі) жыве ў сталіцы, а дачка Іна працуе ў Бярозаўцы на заводзе шкляных вырабаў. Сама жанчына ўсё жыццё аддала гэтай зямлі, была поварам у вясковай школе, пазней працавала паштальёнам. А імкненне да творчасці як частка натуры Ліліі Пятроўны перадалося ёй ад матулі. Яшчэ ў маладыя гады яна ўсялякім чынам намагалася ператварыць свой дом у скарбніцу хараства. Ажыццяўляцца мара пачала пасля паездкі ў Гомель да залвіцы. На люстэркавай фабрыцы тая набрала адходы вытворчасці – шкляныя рэшткі. З гэтым скарбам і вярнулася дадому. Пасля працы ў школе і завіханняў па гаспадарцы, догляду за дзецьмі, гатавання ежы, вырашэння іншых спраў, без якіх не абыходзіцца ніводны дзень вясковага жыцця, наступала пара творчасці. Да позняй ночы Л. П. Ляшнеўская рыхтавала паверхню сцен, наносіла гіпсавую аснову і акуратна, падбіраючы адно да аднаго, клеіла шкло. Да працы далучаліся і сын з дачкой. Але нават аб’яднанымі сіламі рэалізацыя задуманага расцягнулася на некалькі гадоў.

Цяпер Лілія Пятроўна з гонарам дэманструе творчыя набыткі: бачна, жанчыне прыемна, што імі захапляюцца. А затым запрашае прайсці ў святліцу. На сцяне фотаздымкі, на адным з якіх гаспадыню абдымае за плечы малады чалавек у чорным адзенні з белым варатнічком. Гэта ўнук жанчыны, Артур. Зараз ён вучыцца на святара. Як прыгадала бабуля, з дзяцінства ён цягнуўся да Бога. Калі астатнія дзеці гулялі з машынкамі, ён будаваў цацачныя касцельчыкі. Вера, а потым і жаданне служыць Усявышняму нарадзіліся і акрэплі ў маладзенькай душы пасля выпадку, калі па вёсцы насілі ікону Маці Божай Фацімскай. Тады Артуру даверылі ісці наперадзе працэсіі з крыжам…

Лілія Пятроўна – чалавек набожны. У Вішнеўскім касцёле, які знаходзіцца за 7 кіламетраў ад вёскі, жанчына бывае кожную нядзелю. Ніводзін дзень яна не праводзіць без засяроджанай малітвы. Ёсць гэтаму і свая прычына. Некаторы час таму Ліліі Пятроўне прыслалі асаблівую рэлігійную кнігу. Лічыцца, што змешчаныя там тэксты валодаюць такой дзівоснай сілай, што, калі на працягу 12-і гадоў без пропускаў маліцца па ёй, выпрасіш жыццё вечнае аж за 4 пакаленні наперад. Вось і адбівае жанчына штовечар паклоны Уладару Сусвету, па меры сваіх сціплых сіл будуючы для родных дарогу ў неба…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий