Вялiкi патэнцыял турыстычных магчымасцей

Общество

20-21 лістапада ў Мінску прайшла Міжнародная канферэнцыя па тэме: “Аграэкатурызм-2015”: інавацыя і тэрытарыяльнае развіццё”. У ёй прынялі ўдзел эксперты з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Славакіі і нашай краіны. У рамках канферэнцыі ўдзельнікі наведалі лепшыя аграсядзібы Валожыншчыны, каб ацаніць узровень іх абслугоўвання і вызначыць прыярытэтныя напрамкі далейшага развіцця турыстычнага бізнесу на вёсцы.

Наш раён выбраны невыпадкова. Па меркаванні арганізатараў сустрэчы, ён з’яўляецца наглядным прыкладам паспяховай рэалізацыі крэатыўных ідэй у галіне аграэкатурызму ў Беларусі. Дзякуючы сумеснай рабоце зацікаўленых структур турыстам прапаноўваюць не толькі ўнікальныя паслугі, але і ствараюць новыя: экамузей, музычныя і гастранамічныя фестывалі.

Гасцей запрасілі на навучальную экскурсію па зялёным маршруце “Валожынскія гасцінцы”. Яны пабывалі ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”, азнаёміліся з экалагічнай сцежкай, даведаліся пра асаблівасці зялёнага палявання, прагуляліся пехатой па дзікіх месцах Налібоцкай пушчы.

Далейшы шлях ляжаў на аграсядзібу народных інструментаў “Хутар Дудара”, якая, дарэчы, з’яўляецца адзіным у краіне ў сваім родзе музеем, дзе прадстаўлены рэдкія старажытныя музычныя інструменты. Таму нездарма яны выклікалі вялікую цікавасць у прысутных. У экамузеі “Свет пчол” наведвальнікам паказалі анімацыйны фільм пра асаблівасці жыцця разумных і працавітых насякомых, а таксама пачаставалі блінамі з мёдам і духмяным травяным чаем. Захапіў усіх музычны вечар, які прапанавалі на аграсядзібе “Ганка”. Даспадобы прыйшліся і нацыянальныя стравы.

Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Башаркевіч, уражаны ўбачаным былі не толькі замежныя госці, але і ўдзельнікі канферэнцыі з іншых абласцей нашай краіны. Напрыклад, у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці ўвогуле няма аграсядзіб, таму такі вопыт яны лічаць карысным і вартым пераймання. Эксперты з іншых рэспублік падзякавалі за магчымасць пабываць у самых зацішных кутках Беларусі, пазнаёміцца з цікавымі ініцыятыўнымі людзьмі, якія самі знайшлі сябе і ўмеюць паказаць сваю работу. Ацанілі яны і істотную падтрымку дзяржавы для тых, хто хоча распачаць уласную справу на вёсцы. Па іх словах, у нашай краіне ёсць вялікі патэнцыял і неабмежаваныя магчымасці для развіцця аграэкатурызму.

Усяго ў нашым раёне працуюць 33 аграсядзібы. Іх колькасць павялічваецца штогод. Напрыклад, сёлета адкрыліся дзве новыя – “Малыя Налібокі” ў вёсцы Яцкава-Млынавыя, дзе прапануюць экстрэмальныя віды спорту, і “Росы” ў вёсцы Петрусоўшчына, дзе аказваюць экскурсійныя паслугі і прапагандуюць экалагічна чыстае земляробства.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий