Забыты абрад

Культура

Антаніна Пракопаўна РЫНКЕВІЧ жыхаркай вёскі Ганчыцы стала ў 1949 годзе, як выйшла замуж за мясцовага хлопца Рыгора. Працавала кладаўшчыцай у калгасе “Зара”, была спраўнай гаспадыняй і клапатлівай маці. Выгадавалі з мужам дзвюх дачок, поспехамі якіх можна толькі ганарыцца, дачакаліся цудоўных унукаў, праўнукаў.

85 зім і вёснаў сустрэла Антаніна Пракопаўна, даўно аўдавела, але да адзіноты прывыкнуць не можа, таму ўсміхаецца рэдка. Жыццёвую энергію даюць ёй толькі візіты дзяцей і ўнукаў. Для іх падтрымлівае ў доме ўтульнасць. Нягледзячы на паважаны ўзрост, ёй гэта ўдаецца, бо змалку прывучана дбаць пра парадак. У Савяцевічах, дзе яна нарадзілася, жанчыны заўсёды вызначаліся акуратнасцю. Там нават печы будавалі прыпечкам да ўваходу, бо лічылася, што распазнаць, добрая гаспадыня ці не, можна найперш па качарэжніку. Абавязковы атрыбут каля печы – падвешанае вядро з пітной вадой і кубак на кручку над ім. Антаніна Пракопаўна і ў мужавым доме такую звычку завяла, а чысцюткія вядро і кубачак так і заахвочваюць наведвальніка пачаставацца калодзежнай вадзіцай.

Зраднілася за шмат дзесяцігоддзяў А. П. Рынкевіч з Ганчыцамі, але пра Савяцевічы не забылася, любіць іх, час ад часу вяртаецца думкамі ў гады далёкага дзяцінства і маладосці…

…Самым трывожным успамінам адгукаецца вайна. Адзінаццаць гадоў споўнілася Антаніне летам 1941 года. Дзіцячы розум не мог усвядоміць у поўнай меры непазбежнасць гора і вялікіх страт, але трывога сціскала сэрца. У вёсцы з’явіліся чырвонаармейцы, якія адсталі ад сваіх. Людзі хавалі іх па хатах, хоць і ведалі, што фашысты за такое могуць расстраляць. Праз нейкі час прытулак у Савяцевічах знайшлі і ўцекачы з яўрэйскага гета ў Валожыне. Вяскоўцы смяротна рызыкавалі, але адмовіць няшчасным у дапамозе не маглі. А хацелася ж зберагчы дзяцей, уратавацца самім.

Хтосьці са старэйшых савяцеўцаў нагадаў, як некалі продкі засцерагліся ад эпідэміі халеры: у пачатку вуліцы паставілі крыж, зроблены ўсімі жыхарамі разам за адну ноч… Тады суседнія вёскі хвароба пакасіла, а Савяцевічы ўцалелі. Людзі памеркавалі, што фашысцкая навала нічым не лепшая за чуму ці халеру, у моцы даўнейшага рытуалу не сумняваліся і вырашылі ажыццявіць яго.

У тую ноч не да сну было і дзецям. Антаніна Пракопаўна памятае, як надвячоркам мужчыны выправіліся ў Пяслівіцу, як прывезлі з лесу ачышчанае ад голля дрэва, як габлявалі ў святле газнічак, распілоўвалі і збівалі. Працавалі з малітвамі, без перакураў і адпачынкаў. Жанчыны ў гэты час пралі лён, ткалі палатно на ручнік, вышывалі кветкі. Да ўсходу сонца работа была завершана. Праваслаўны крыж, упрыгожаны ручніком, паважна панеслі ў пачатак вёскі. Там, на перасячэнні вуліц, яго і паставілі, добра замацаваўшы пяском і камянямі ў глыбокай яме. Потым і старыя, і малыя ўкленчылі, схілілі галовы ў супольнай малітве, шчыра просячы ў Бога заступніцтва…

Вёска Савяцевічы ў вайну не была ні спалена, ні разбурана. “Апалчэнцы”, як называлі адсталых ад сваіх чырвонаармейцаў, да восені сарганізаваліся ў партызанскі атрад, пайшлі ў лес. Пазней да іх далучыліся ўратаваныя яўрэі.

У 1944 годзе Савецкая Армія пагнала немцаў на Захад. Мужчын з Савяцевічаў прызвалі ваяваць, а праз год яны вярнуліся ў свае сем’і. Пахаванкі абмінулі вёску. Людзі верылі, што і тут не абышлося без заступніцтва цудатворнага крыжа.

У 50-я гады, калі Антаніна Пракопаўна ўжо жыла ў Ганчыцах, камуністы актывізавалі антырэлігійную дзейнасць. Савяцеўцы, адчуваючы, што іх святыню-абярэг могуць проста знішчыць на сметнік, пахавалі ў зямлі крыж на тым месцы, дзе ён узвышаўся. Зверху ж паставілі магільны камень…

Потым атэістычныя часы мінуліся. Парушаць пакой закапанага крыжа новае пакаленне савяцеўцаў не рашылася, яны сабралі грошы і ўстанавілі новы.

Расказаўшы пра крыж, Антаніна Пракопаўна ўздыхнула, памаўчала хвілін колькі, а потым сказала: “Даўнейшы, правераны практыкай спосаб аховы ад смяротнай небяспекі траціць нельга. Вось толькі ці збяруцца цяперашнія людзі агулам супраць бяды? Свой крыж кожны нясе ў адзіночку…”

І блакіт вачэй жанчыны напаўняецца вільгаццю. Ёсць што аплакваць Антаніне Пракопаўне, але нараканняў на лёс з яе вуснаў так і не прагучала…

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара



Добавить комментарий