ПРАЦАВАЦЬ ДАВЯДЗЕЦЦА ЎДВАЯ БОЛЬШ

Общество

     На мінулым тыдні прайшла сёмая сесія раённага Савета дэпутатаў XXVI склікання. Асноўнае пытанне, якое было вынесена на парадак дня, — “Аб ходзе выканання ў раёне Праграмы адраджэння вёскі на 2006-2010 гады”.

    У эканоміцы нашага раёна асноўнае месца належыць сельскай гаспадарцы, развіццё якой ажыццяўляецца згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2006-2010 гады. Праграма накіравана на комплекснае вырашэнне праблем у аграрным сектары, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, эфектыўную вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання. Падрабязную справаздачу аб тым, як выконваюцца пастаўленыя задачы ў аграпрамысловым комплексе раёна, трымаў выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама П. У. Жалняровіч.

    За перыяд 2006-2010 гадоў вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгаспрадпрыемствах раёна пры плане 187,3 працэнта чакаецца на ўзроўні 138,6 працэнта, недабор складзе 48,8 працэнта. З васьмі асноўных паказчыкаў развіцця сельскагаспадарчай галіны выкананы толькі два: вытворчасць агародніны і рэалізацыя жывёлы і птушкі жывой вагой. Заданне па вырошчванню зерневых і зернебабовых культур выканана на 94,5 працэнта, бульбы – на 89,1, цукровых буракоў – на 96,1, план вытворчасці малака складае 98,3 працэнта, ільновалакна – 67,7 і масланасення рапсу – 88,7 працэнта. Асноўная прычына невыканання прагнознага паказчыка па тэмпах росту валавой вытворчасці – зніжэнне вытворчасці прадукцыі раслінаводства, якое дапусцілі 17 сельгаспрадпрыемстваў раёна з 19. На 117,7 працэнта да адпаведнага ўзроўню мінулага года справіліся з заданнем толькі ў СГУ “Бабровічы” і на 113,1 – у СВК “Суднікаўскі”.

     Разам з тым, упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання прымаецца комплекс мер для забеспячэння прыбытковасці і канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчай прадукцыі, дасягнення ўзроўню самаакупнасці і самафінансавання. У прыватнасці, вялікая ўвага надаецца тэхнічнаму пераўзбраенню: так, за апошнія пяць гадоў набылі 1110 адзінак складанай сельскагаспадарчай тэхнікі. Разам з тым з 45 наяўных камбайнаў “Палессе” і “КЗР-10” дваццаць адзінак адпрацавалі вызначаны тэрмін эксплуатацыі, што замаруджвае тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Даволі значнай праблемай з’яўляецца зношанасць і ўстарэласць зернесушыльных комплексаў.

    З мэтай павелічэння вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі праведзены рэканструкцыя і тэхналагічнае пераабсталяванне 70 жывёлагадоўчых памяшканняў, уведзены ў эксплуатацыю сучасныя малочнатаварныя комплексы з СГУ “Бабровічы” і СВК “Пяршаі-2003”. Завяршаецца мантаж абсталявання даільнай залы на МТФ “Сакаўшчына”.

    На новую пяцігодку сельскагаспадарчай галіне пастаўлена задача дасягнуць 160 працэнтаў росту валавой вытворчасці прадукцыі. Як запэўніў прысутных П. У. Жалняровіч, аграрыям нашага раёна гэта пад сілу. Тым больш што падтрымка з боку дзяржавы па-ранейшаму застаецца даволі значнай: толькі на наступны год, згодна з Указам № 480 Прэзідэнта нашай краіны, раёну выдзелена 45 мільярдаў рублёў, якія будуць накіраваны на далейшую мадэрнізацыю вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

    Старшыня раённага Савета дэпутатаў М. А. Іода ўзняла набалелую для ўсіх старшыняў сельвыканкамаў праблему аб перадачы артсвідравін і воданапорных вежаў, якія знаходзяцца на балансе гаспадарак, у веданне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Як толькі надараецца якая-небудзь паломка і ўзнікаюць перабоі з падачай вады, жыхары населеных пунктаў адразу ж звяртаюцца ў сельвыканкам, а там нічым дапамагчы не могуць, бо “загадваюць” вадой сельгаспрадпрыемствы. Давесці да ладу тую ж калонку ці замяніць водаправод у аграрыяў ніколі не хапае сродкаў. Атрымліваецца замкнёнае кола, а ў выніку нязручнасці церпяць людзі.

    Сапраўдную дыскусію сярод прысутных выклікала і пытанне па інвентарызацыі зямельных участкаў. За апошнія гады шмат зроблена па навядзенню парадку на зямлі, аднак непрыглядную карціну ствараюць участкі зямлі, што былі выдзелены некаторым грамадзянам для пасадкі бульбы і агародніны.

    На пасяджэнні сесіі райсавета таксама былі разгледжаны і прааналізаваны вынікі зваротаў грамадзян, якія паступілі ў райвыканкам за 11 месяцаў бягучага года. Справаздачу па гэтаму пытанню зрабіў кіраўнік спраў райвыканкама А. М. Уланчык.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.



Добавить комментарий