Людзі з невылечнымі хваробамі

Официально

Людзі з невылечнымі хваробамі… Як балюча гучаць гэтыя словы! І як страшна, калі прысуд – інваліднасць – медыкі выносяць дзіцяці. Але ж кожны дарослы, кожны хлопчык ці дзяўчынка, у незалежнасці ад таго, здаровыя яны ці хворыя, імкнуцца жыць поўным жыццём, радавацца і сумаваць побач з равеснікамі, мець камфортнае ва ўсіх сэнсах асяроддзе.

Менавіта такія ўмовы створаны ў дзённым аддзяленні пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут арганізавана работа па адаптацыі і рэабілітацыі маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Юнакі і дзяўчаты маюць магчымасць атрымліваць прафесійныя навыкі, рэалізоўваць свой творчы патэнцыял. Для гэтага створаны дзве працоўныя майстэрні: “Майстэрня-кухня” і “Сувенірны вернісаж”. Арганізавана работа гурткоў. Асаблівай папулярнасцю ў выхаванцаў карыстаюцца “Чароўныя ніткі”, “Натураліст”, “Зрабі сам” і інш. Вопытныя педагогі знаходзяць падыход да кожнага і прапаноўваюць толькі тыя заняткі, якія пад сілу маладым людзям і могуць зацікавіць іх.

Зараз у аддзяленні пануе перадсвяточны настрой – ідзе падрыхтоўка да калядных і навагодніх урачыстасцей. Хлопцы і дзяўчаты, што называецца, з галавой пагружаны ў справу. Яны ствараюць пано метадам ручнога ткацтва, калядныя кампазіцыі, снегавікоў і анёлаў з дрэва, тканіны, паперы.

20 маладых людзей з рознымі ступенямі інваліднасці знаходзяць у аддзяленні любімыя заняткі, чалавечыя зносіны і сяброўскую падтрымку.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *