Звярнуць увагу i падтрымаць

Общество

У нашым раёне статус інваліда маюць 1418 чалавек, ці 4,16 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва раёна. З іх: 100 дзяцей-інвалідаў, 48 маладых інвалідаў (ва ўзросце ад 18 да 31 года), 312 інвалідаў працаздольнага ўзросту.

Згодна з заканадаўствам, у залежнасці ад групы інваліднасці, яны карыстаюцца адпаведнымі льготамі і атрымліваюць розныя віды дапамог. З пачатку года праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама 11 інвалідаў забяспечаны бясплатна тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі – крэсламі-каляскамі і хадункамі, на льготных умовах атрыманы ўстройствы для праслухоўвання агучанай літаратуры, прыложкавыя сталы, поручні.

Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі прадстаўлена 57 інвалідам на суму 85 мільёнаў рублёў – гэта шпрыцы інсулінавыя, тэст-палоскі для вызначэння ўзроўню цукру крыві, вочныя пратэзы, артапедычны абутак, пратэзы. Штомесячная адрасная сацыяльная дапамога выплачана 11 інвалідам на суму 18 мільёнаў рублёў, 2 інваліды атрымалі аднаразовую дапамогу на 4 мільёны рублёў. Назначана сацыяльная дапамога для вяртання затрат на набыццё падгузкаў 123 інвалідам 1-й групы і дзецям-інвалідам, на што выдаткавана 430 мільёнаў рублёў.

Са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога 174 інвалідам і 20 дзецям-інвалідам на суму 105 мільёнаў рублёў. Сем інвалідаў і адно дзіця-інвалід атрымалі матэрыяльную дапамогу на суму 13 мільёнаў рублёў з мясцовага бюджэту.

З пачатку года 9 інвалідаў па зроку прайшлі курс рэабілітацыі ў санаторыі “Пад’ельнікі”. Шэсць інвалідаў накіраваны ў дамы-інтэрнаты.

На ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знаходзяцца 65 інвалідаў 1-й групы, за якімі ажыццяўляецца догляд асоб, што атрымліваюць дапамогу па доглядзе.

Надомным абслугоўваннем сацыяльнымі работнікамі ахоплены 284 інваліды, 6 інвалідам аказваюцца паслугі сядзелкі. Гуманітарную дапамогу ў выглядзе адзення і абутку атрымалі 315 чалавек, 13 інвалідам аказана дапамога ў набыцці і дастаўцы бульбы.

 Штогод з нагоды Дня інваліда ў раёне праводзяцца розныя мерапрыемствы. У прыватнасці, на мінулым тыдні для выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў у Валожынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе прайшла спартландыя “Спорт – гэта жыццё”. У салоне “Міласэрнасць” РТЦСАН гуманітарную дапамогу аказваюць дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. За кошт сродкаў, сабраных у рамках дабрачыннага марафону “Рабі дабро”, прадуктовыя наборы, адзенне, абутак, паліва атрымаюць сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і маюць асаблівую патрэбу, а таксама адзінокія і адзінока пражываючыя інваліды. 2 снежня ў кінатэатры “Юнацтва” адбудзецца бясплатная дэманстрацыя кінастужкі для інвалідаў, а ў Ракаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце з канцэртам выступіць заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Гасцінец”. У Дзень інвалідаў, 3 снежня, у Доме сацыяльных паслуг вёскі Яхімоўшчына пройдзе культурна-масавае мерапрыемства “Ад усёй душы”. Таксама ў гэты дзень загадчык раённай паліклінікі правядзе Дзень адчыненых дзвярэй, а ў РЦК у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі з боку Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” пройдзе інклюзіўны фестываль “Асаблівы сусвет” для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. 4 снежня наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей правядуць дабрачынную акцыю “Бабулін пачастунак” для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. На гэтым тыдні канцэрты, вечары сустрэч, тэматычныя выстаўкі і кіналекторыі пройдуць ва ўсіх установах культуры.

Таццяна ХВЯДЧЭНЯ,

начальнік аддзела

матэрыяльна-бытавога забеспячэння

ўпраўлення па працы,

занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *