Хто не ленаваўся, той i красаваўся

Общество

Раённы маладзёжны форум “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”, які адбыўся 25 лістапада ў раённым Цэнтры культуры, сабраў тых школьнікаў і ліцэістаў, хто на канікулах працаваў у студэнцкіх будаўнічых атрадах.

Словы падзякі ў адрас маладых актывістаў выказалі намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Канановіч, старшыня каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднянняў і палітычных партый раёна І. С. Каваленка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, першы сакратар райкама ГА БРСМ А. В. Грыбоўскя. Кожны з выступоўцаў выканаў яшчэ і такую ганаровую місію, як узнагароджанне лепшых будатрадаўцаў і іх камандзіраў.

Больш за 300 школьнікаў і навучэнцаў ліцэя працавалі сёлета ў сэрвісных, сельскагаспадарчых, экалагічных і будаўнічых атрадах. Будатрад – не толькі магчымасць зарабіць грошы, гэта сапраўдны курс “маладога байца”, дзе на трываласць правяраецца дружба, дзе вучацца стойка пераносіць цяжкасці, дзе ад кожнага залежыць агульны вынік і дзе ў вольную хвіліну ёсць месца песням, смеху, радасці. А каб усё прайшло ярка і запамінальна, побач з маладымі заўсёды былі старэйшыя таварышы. Колькі апладысментаў “сарваў” камандзір студэнцкага сельскагаспадарчага атрада, майстар вытворчага навучання М. А. Камінскі, выйшаўшы на сцэну атрымаць Грамату за выхаваўчую работу і арганізацыйны талент! Дзякуючы камандзірскім якасцям свайго кіраўніка М. М. Аліноўскай, добра папрацавалі і адпачылі члены экалагічнага атрада “Грэнада”.

Вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў час самага гарачага часу частку клопатаў сваіх бацькоў узялі на сябе. І яны маюць поўнае права сказаць, што ў сёлетнім хлебным караваі ёсць і іх уклад. Не шукалі цяньку летам удзельнікі будатрадаў са школ у Сівіцы і Івянцы, Гародзьках і Вішневе, Пяршаях і Судніках. Сярод самых руплівых – Дзяніс Бібік з Сівіцы. Летам ён дапамагаў бацьку на камбайне, а ўвосень старанна ўбіраў другі “хлеб” у КУП “Сівіца”.

Але ўсё ж самымі актыўнымі ўдзельнікамі будатрадаўскага руху сталі, бясспрэчна, ліцэісты. Яно і не дзіўна: усё-такі людзі прафесійна зарыентаваныя, ды і па ўзросту больш сталыя. Не ўступяць дарослым у рабоце навучэнцы ліцэя Дзмітрый Загорскі, Ігар Арлоўскі, Павел Язерскі.

На форуме наогул найчасцей выходзілі на сцэну выкладчыкі і навучэнцы ліцэя. Нават у канцэртнай праграме без іх не абышлося. Каманда КВЗ “Экстрэмалы”, якая сёлета стала другім прызёрам рэгіянальных гульняў, паказала некалькі музычных нумароў і пародый. Святочную атмасферу стваралі таксама юныя артысты з гімназіі і СШ № 2 г. Валожына.

З падарункамі, Ганаровымі граматамі і Падзякамі раз’ехаліся па дамах актыўныя ўдзельнікі працоўнага семестра. Агульны будатрад раёна сёлета быў бадай што самым шматколькасным і прадстаўнічым на Міншчыне. Ёсць надзея, што і на будучы год моладзь Валожыншчыны пры падтрымцы БРСМ зноў прыйдзе туды, дзе патрабуюцца працавітыя рукі і нераўнадушныя сэрцы.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий