Прывiвае дзецям iдэалы шчасця

Культура

Калі Таццяна Міхайлаўна замуж выходзіла, ім, маладым, па тутэйшай традыцыі пад ногі кажух слалі. Быць можа, таму жыццё ў сям’і БОЛВАХ такое цёплае і ўтульнае?..

Таццяна Міхайлаўна з Дубіны Юрздыцкай уласным прыкладам прывівае ідэалы шчасця сваім дзецям – сыну і траім дочкам. Яна ўмее радавацца дробязям, самазабыўна спявае старажытныя песні, ветлівая і спагадлівая. Невыпадкова яе называюць душой кампаніі.

Новы дзень для шматдзетнай маці пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Да таго, як дзяцей забярэ школьны аўтобус на ўрокі, яна паспявае прыгатаваць суп, напячы бліноў, паставіць на стол апетытную курыцу, каб як мае быць накарміць сваіх непасед гарачым сытным сняданкам перад доўгай вучобай.

Услед за малымі адпраўляецца ў ААТ “Агра-Дубінское” муж Юрый Аляксандравіч. Ён 13-ы год працуе механізатарам.

Зараз ранішніх клопатаў па гаспадарцы ў сям’і Болвах не так шмат. Ужо тры гады не трымаюць карову і каня. Догляду патрабуюць толькі свінні ды куры. Ды і жыць у вёсцы стала камфортна. У 2009 годзе гаспадарка выдзеліла працавітай сям’і катэдж. Сучасны дом па выгодах не ўступае ўтульнай гарадской кватэры: ёсць тут і прыродны газ, і гарачая вада. Асабліва хораша на прысядзібным участку ўлетку, калі ён патанае ў кветках, пасаджаных гаспадыняй. Перавагу сярод квітнеючай флоры Таццяна Міхайлаўна аддае высакародным лілеям, не толькі за іх вытанчаную прыгажосць, але і за яркі мядовы водар. Прайсціся басанож па роснай траве, глынуць чыстага ранішняга паветра, паслухаць шчабятанне птушак – ці гэта не шчасце?

Да 9 раніцы Таццяне Міхайлаўне трэба паспець у магазін. Але не за пакупкамі. У дубінскім магазіне райспажыўтаварыства Т. М. Болвах – прадавец 5-га разраду. Спецыяльнасць зборшчыка фотаапаратуры, атрыманая ў Вілейскім вучылішчы, на жаль, у жыцці не спатрэбілася. У 7 гадзін вечара, скончыўшы працоўны дзень, шматдзетная маці спяшаецца дахаты.

Першакласніца Паліна, 8-гадовая Дзіяна, 9-гадовы Мікіта з парога дзеляцца з любімай матуляй навінамі. Кожнаму патрэбна ўвага – запас клопату і пяшчоты маці невычарпальны. І толькі ў 11 вечара шматдзетная мама кладзецца спаць. Але неспакойнае матчына сэрца не перастае турбавацца і трывожыцца. Як там старэйшая 15-гадовая Віялета? Дзяўчына вучыцца ў Мінскім гандлёва-эканамічным каледжы. Мамін гонар – на «выдатна» скончыла Гародзькаўскую базавую школу. Таццяна Міхайлаўна радуецца не толькі поспехам дзяцей. Яе апора і абарона – працавіты муж, які знаходзіцца ў ліку перадавікоў гаспадаркі.

Адпачыць ад сямейных клопатаў атрымліваецца рэдка. За час замужжа, напэўна, выпала толькі тры дні, калі Таццяна Міхайлаўна адсунула ўсе справы на другі план. Гэты час заняў нядаўні экскурсійны тур ад прафсаюза ў Санкт-Пецярбург. За межы краіны выехала ўпершыню. Горад на Няве хоць і зачараваў сваёй архітэктурнай пышнасцю і шармам, але зайздрасці да яго жыхароў не выклікаў. Захацелася дадаць каменнаму мегаполісу трохі яркіх фарбаў і пабольш зеляніны. Быць можа, такое спакойнае ўспрыманне чужой раскошы і ад таго, што каштоўнасці ў Таццяны Міхайлаўны зусім іншыя: залаты цялец для яе ніколі не быў цэнтрам свету.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий