Вайны суровыя старонкi

Культура

З вялікім хваляваннем, з радасцю за калегу прачытала кнігу Юльяна Станіслававіча Высоцкага “За край бацькоўскі, за Радзіму”. Мы заканчвалі адзін і той жа факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, разам працавалі ў рэдакцыі газеты “Працоўная слава”. Юльян Станіслававіч адрозніваўся лёгкім пяром, пісаў многа і хораша. Ён вылучаўся высокай начытанасцю, любіў паэзію, асабліва вершы Сяргея Ясеніна, а паэму “Ганна Снегіна” ведаў на памяць.

І вось трымаю ў руках яго кнігу. Яна добра аформлена, ілюстравана, складаецца з сямі дакументальных аповесцей. Пачынаецца ўступным зваротам аўтара да чытачоў, дзе ён тлумачыць, чаму ўзяўся за тэму Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўды, аб гэтым часе напісана шмат. Але колькі яшчэ нязведанага, колькі трагічных старонак у гісторыі нашай Беларусі, колькі паламаных лёсаў людзей, загубленых жыццяў. І як балюча бачыць і чуць, калі спрабуюць перакрэсліць ролю СССР, яе народаў у Вялікай Перамозе над лютым ворагам. Генералы, салдаты, партызаны, падпольшчыкі – усе ўзняліся на свяшчэнную барацьбу за свабоду і незалежнасць.

Героі кнігі – рэальныя асобы. Першая аповесць – пра нашага земляка Міхаіла Фаміча Букштыновіча. Яна так і называецца “Генерал з вёскі Жомайдзь”. У свой час “Працоўная слава” друкавала артыкулы пра гэтага мужнага чалавека, які прайшоў праз франты грамадзянскай, праз рэпрэсіі, праз усю Вялікую Айчынную вайну. Шмат несправядлівасці выпала на яго долю, але не абвастрыла боль і жорсткасць, усе нягоды перамагла любоў да Радзімы, надзеі на тое, што жыццё можа стаць іншым. Аўтар многа спасылаецца і прыводзіць вытрымкі з дакументаў, якія цяпер рассакрэчаны і праліваюць святло на асобныя факты.

Трэцяя частка аповесці прысвечана штурму рэйхстага, у якім непасрэдна ўдзельнічала 3-я ўдарная армія, яе начальнікам штаба быў генерал-маёр М. Ф. Букштыновіч. За ўзяцце рэйхстага ён узнагароджаны палкаводчым ордэнам Суворава, хаця яго прозвішча было ў ліку тых, каго прадстаўлялі да звання Героя. Чаму не далі Героя? З меркаваннямі аўтара на гэты конт чытачы могуць азнаёміцца на старонках кнігі.

Расказ пра генерала з Жомайдзі плаўна пераходзіць на другую выдатную гістарычную асобу – Героя Расіі, чэкіста Аляксея Мікалаевіча Бацяна, родам з вёскі Чартавічы нашага раёна. Мне пашчасціла бачыць і слухаць гэтага сціплага чалавека, калі ён наведваў свой родны край, сустракаўся з насельніцтвам. Легенда спецназа, агент савецкай знешняй разведкі. Пра яго лёс і подзвігі Ю. Высоцкі распавядае ў аповесці “Без права на славу…”.

На 60 старонках кнігі паказваецца няпросты шлях героя. Вось ён навучэнец гімназіі, педагагічнага вучылішча, памочнік бацькі ў працы на зямлі, капрал польскай арміі. Пасля паражэння Польшчы настаўнічаў у вёсцы Роўкавічы на Валожыншчыне. Здольны пісьменны камсамолец, які дасканала валодаў нямецкай і польскай мовамі, нядаўні унтэр-афіцэр трапіў у поле зроку адміністрацыйных органаў. З мая 1940 года пачалася яго разведвальная і дыверсійная эпапея. Я не буду пераказваць далейшы складаны шлях. Скажу толькі, што Аляксей Мікалаевіч не раз быў на валасок ад гібелі, цудам застаўся жывы. Так, жыццё і смерць на вайне крочаць побач.

Аповесць пра А. М. Бацяна чытаецца з вялікім інтарэсам, хоць мне і падалося, што яна мае некаторыя стылістычныя недапрацоўкі. Здзіўляе і той факт, што нічога не расказваецца пра паплечніцу разведчыка радыстку Зінаіду Літвіненка, а толькі мелькам упамінаецца гэта прозвішча, чамусьці аўтар называе яе Галяй, а не Зінай. Але, як абяцае Ю. Высоцкі, аповесць будзе працягнута, бо аперацыі, у якіх удзельнічаў А. М. Бацян, застаюцца пад грыфам “сакрэтна”. Што ж, дачакаемся новай кнігі.

Спынюся яшчэ на адной аповесці, што носіць назву “Маладзечанскія маладагвардзейцы”. У гісторыка-дакументальнай хроніцы нашага раёна “Памяць” змешчаны артыкул А. Міхайлічэнкі “Бралі прыклад з “Маладой гвардыі”. У ім расказваецца аб дыверсійнай рабоце падпольнай камсамольскай арганізацыі чыгуначнай станцыі Маладзечна пад кіраўніцтвам юнака з вёскі Шнуры Данііла Гярновіча (падпольная клічка “Марак”). У сваёй аповесці Ю. С. Высоцкі, спасылаючыся на даследаванні краязнаўцаў Маладзечанскага палітэхнікума, больш падрабязна апісвае дзейнасць маладых змагароў, прыцягвае імёны раней невядомых мсціўцаў. Прыкладам ім служыла работа падпольнай камсамольскай арганізацыі Краснадона “Маладая гвардыя”. Прысланая з Вялікай Зямлі кніга “Героі Краснадона” хадзіла з рук у рукі сярод моладзі. Не толькі рамантыка кіравала ёй, але і агромністае жаданне ўнесці свой уклад у перамогу. Падпольшчыкі аказвалі вялікую дапамогу партызанам. Яны пусцілі пад адхон 20 варожых чыгуначных эшалонаў, пераразалі кабель і рвалі сувязь Берліна з Усходнім фронтам, збіралі і перадавалі каштоўныя разведданыя. З лютага 1943 года і да канца акупацыі ўсе ўдзельнікі групы ваявалі храбра, умела і не пацярпелі правалу.

Захапляльна чытаюцца і іншыя раздзелы кнігі, яны таксама вельмі цікавыя, праводзяць чытача праз цяжкія выпрабаванні, якія вынес народ на вайне. Завяршаецца яна апісаннем гісторыі маладога нямецкага рабочага Ганса Куласа, які добраахвотна перайшоў на бок партызан. Калі не падводзіць мяне памяць, штосьці пісалася пра гэта і ў нашай “Працоўнай славе”.

Кніга прачытана, асэнсавана, не шкадую добрых слоў творцу і жадаю яму далейшых поспехаў. Было б добра, калі б наша літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” наладзіла прэзентацыю кнігі, з вуснаў Ю. С. Высоцкага мы змаглі б шмат чаго даведацца аб працы над ёй.

Софія КАВЯЗА,

член Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь

 



Добавить комментарий