Вясельныя картэжы

Общество

На плошчы Свабоды райцэнтра ў пятнічныя і суботнія дні ля будынка ЗАГСа нярэдка можна бачыць вясельныя картэжы. Найчасцей гэта фешэнебельныя і сціплыя, дарагія і не вельмі легкавушкі розных марак. Некалькі разоў тут у час вяселля прыпаркоўваўся і рэспектабельны даўжэзны белы лімузін.

А ў апошні час у Ракаве, Валожыне можна было падзівіцца на конную запрэжку з важным фурманам. А як ЗАГС размешчаны паблізу нашай рэдакцыі, то не складала цяжкасці зрабіць на вуліцы здымкі чарговага восеньскага вяселля. Не так даўно пара чатырохногіх скакуноў-прыгажуноў была дастаўлена ў Валожын спецыяльным крытым грузавым транспартам з аграсядзібы “Коні-Поні”, што размешчана ля вёскі Міхалова Ракаўскага сельсавета. Прыгожы дыліжанс таксама “прыбыў” сюды з аграсядзібы рэйсам як “груз асобага прызначэння”. І неўзабаве конікі, паважна цокаючы падковамі, пад’ехалі да ЗАГСа і спыніліся тут у чаканні маладажонаў, якія ў тую пятніцу ўрачыста рэгістравалі свой шлюб.

Раней вясельны поезд, а менавіта так называлі святочны картэж маладажонаў, складаўся выключна з гужавога транспарту. Прычым лік павозак абавязкова павінен быць цотным. Грацыёзных коней-асілкаў, самаробныя карэты ўпрыгожвалі яркімі стужкамі, саламянымі лялькамі. А над грывамі скакуноў на каляровай дузе сваімі спевамі радавалі слых шматлікія медныя званочкі. Паездка на вянчанне да храма на парцы ці тройцы коняў была распаўсюджанай з’явай і ў вёсцы, і ў горадзе, а вось легкавыя аўтамабілі тады маглі сабе дазволіць толькі заможныя людзі… Але імклівы час усё перамяніў. Сёння заказаць маладым на рэгістрацыю шлюбу спрытную парку коней і здзівіць гэтым “прынтам” шматлікіх гасцей і прахожых лічыцца ўжо раскошай, дазволіць сабе якую зможа далёка не кожны. Але гэта паслуга на аграсядзібе “Коні-Поні” досыць запатрабаваная і ў сталічных грамадзян, і на перыферыі. Аказваецца, брытанскія прынц Уільям і яго абранніца Кейт Мідлтан таксама ехалі ў карэце на сваё пампезнае вяселле. І ў нашых землякоў таксама не слабее жаданне быць арыгінальнымі ў час урачыстай рэгістрацыі шлюбу, яны імкнуцца справіць гэты абрад амаль па-каралеўску.

 Ірына ПАШКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий