Беларусь: падзеі і факты

Официально

Рашэнне аб заснаванні міжнароднага дня Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ), ініцыіраванага Беларуссю, будзе прынята на юбілейнай 20-й сесіі Канферэнцыі дзяржаў – членаў АЗХЗ, якая праходзіць з 30 лістапада па 4 снежня ў Гаазе (Нідэрланды).

З ідэяй аб заснаванні такога дня ўпершыню выступіла Беларусь у пачатку 2014 года. Беларуская ініцыятыва была поўнасцю падтрымана генеральным дырэктарам арганізацыі Ахметам Узюмджу, а таксама дзяржавамі – членамі АЗХЗ. Міжнародным днём Арганізацыі па забароне хімічнай зброі будзе аб’яўлена 29 кастрычніка – дзень уступлення ў сілу Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі. Устанаўленне такога памятнага дня будзе садзейнічаць вырашэнню міжнароднай супольнасцю шэрага сур’ёзных задач, сярод якіх універсалізацыя канвенцыі, процідзеянне з’яўленню хімічнай зброі, павышэнне бяспекі прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці, а таксама пашырэнне адукаванасці і інфармацыйнай дзейнасці па лініі арганізацыі.

У рабоце сесіі плануецца ўдзел беларускай дэлегацыі на чале з пастаянным прадстаўніком Беларусі пры АЗХЗ, паслом Беларусі ў Нідэрландах Мікалаем Барысевічам. Запланавана выступленне беларускай дэлегацыі на канферэнцыі, у час якога будзе агучана пазіцыя Беларусі па пытаннях нацыянальнай рэалізацыі канвенцыі і міжнароднага супрацоўніцтва ў яе рамках, а таксама іншых актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня па лініі арганізацыі.

 

Беларусь і Кітай павінны аб’яднаць намаганні для інавацыйнага развіцця нацыянальных эканомік.

Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін у час пленарнага пасяджэння беларуска-кітайскага маладзёжнага інавацыйнага форуму “Новыя гарызонты-2015”. Паводле яго слоў, мэта стратэгіі інавацыйнага развіцця абедзвюх краін супадае. “Мы ўскладаем надзею ў дасягненні пастаўленых мэт на новае пакаленне, у тым ліку на маладых вучоных”, – сказаў пасол.

Цуй Цымін таксама нагадаў, што ў маі бягучага года адбыўся гістарычны візіт у Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна, што стала новым імпульсам для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва на больш высокім узроўні. Гэты візіт адкрыў новую главу ў паглыбленні і пашырэнні беларуска-кітайскага партнёрства, у тым ліку ў галіне адукацыі, навукі і тэхнікі, культуры, эканомікі, гандлю і інш.

Арганізатарамі форуму «Новыя гарызонты-2015» выступілі Міністэрства адукацыі Беларусі і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ), Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ, Рэспубліканскае інавацыйнае ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік». З кітайскага боку ў арганізацыі ўдзельнічаюць Міністэрства па навуцы і тэхніцы, Міністэрства адукацыі, Галоўнае ўпраўленне Інстытутаў Канфуцыя ў Кітаі (Ханьбань), урад правінцый Хэнань і Хэйлунцзян, Паўночна-Усходні ўніверсітэт горада Шэньян.

 

 

Беларусь можа выступіць у якасці пляцоўкі для перагавораў у сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе.

Такое меркаванне выказаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ў час цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу маладых літаратараў СД “Мост дружбы”.

“Беларусь ужо абазначыла сябе ў якасці пляцоўкі для перагавораў па пытаннях дыялогу Расіі, Украіны і Заходняй Еўропы. Гэта бясспрэчны ўклад. Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь можа быць зручнай пляцоўкай для любых дыялогаў, накіраваных на стабілізацыю і ўстанаўленне міру, у тым ліку для перагавораў па сітуацыі на Блізкім Усходзе”, – сказаў Рыгор Рапота.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий