Служыць iнтарэсам клiента

Общество

Сёлета спаўняецца 94 гады з дня ўтварэння Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства.

Слоган страхавой кампаніі: “Цешцеся спакоем!” Ён азначае, што, застрахаваўшыся сёння, можна адчуваць сябе спакойна заўтра. Галоўная задача Белдзяржстраху – служыць інтарэсам кліента. За дзесяцігоддзі працы мы займелі давер з боку страхавальнікаў, з якімі сёлета заключана 24143 дагаворы і атрымана каля 11 мільярдаў узносаў.

Наша прадстаўніцтва прадстаўляе сваім кліентам больш за 100 варыянтаў паслуг страхавання па 76 відах дабравольнага і абавязковага страхавання. Асноўныя віды абавязковага страхавання добра вядомыя насельніцтву: страхаванне будынкаў і страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Дагаворы страхавання па гэтых відах заключаюцца амаль з усімі гаспадарамі, у якіх ёсць ва ўласнасці дамы ці транспарт. Сярод самых распаўсюджаных і папулярных у насельніцтва дабравольных відаў страхавання – страхаванне будынкаў і маёмасці грамадзян. У прыватнасці, за дзесяць месяцаў гэтага года мы заключылі 8866 дагавораў па страхаванні будынкаў і 5504 – маёмасці. Запатрабаваным застаецца і такі від, як страхаванне хатняй жывёлы: кароў і коней. Нягледзячы на тое, што колькасць пагалоўя БРЖ ва ўласных падворках зніжаецца, у нашым раёне ў параўнанні з усімі раёнамі Мінскай вобласці заключана больш за ўсё такіх дагавораў – 503.

Паступова набіраюць абароты дабравольнае страхаванне жылых памяшканняў, а таксама страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў кватэр. Гэтыя віды страхавання з’яўляюцца прыярытэтам у рабоце на бліжэйшыя гады: стараемся патлумачыць людзям, наколькі важна застрахаваць сваё жыллё, а таксама засцерагчы сябе ад непажаданых расходаў у непрадбачаных сітуацыях.

Сярод новых відаў – страхаванне медыцынскіх расходаў. Пакуль стрымлівае жадаючых застрахавацца немалы ўзнос – ад 3 да 5 мільёнаў рублёў у залежнасці ад пераліку паслуг. Аднак, заплаціўшы раз у год такую суму, пры патрэбе можна атрымаць лячэнне і на 30 мільёнаў.

Адзначу, што, заключыўшы з кліентам дагавор страхавання, мы няўхільна выконваем умовы і ўзятыя абавязацельствы. У прыватнасці, у момант узнікнення страхавога выпадку ацэньваем страхавую рызыку і размер урону; займаемся аглядам маёмасці і выдаём заключэнні аб яе стане; выплачваем страхавое забеспячэнне і страхавое пакрыццё. Толькі сёлета прадстаўніцтвам выплачана 6,5 мільярда страхавога пакрыцця. З гэтай сумы: 1 мільярд – на пакрыццё паследкаў пасля пажараў, 1 мільярд 700 мільёнаў атрымалі сельгаспрадпрыемствы ў выніку гібелі пасеваў, 1 мільярд 750 мільёнаў выдаткаваны па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў і захворванняў на вытворчасці. У выніку стыхійных бедстваў – моцнага парывістага ветру, які назіраўся ў раёне ў красавіку і ліпені бягучага года і нанёс шкоду маёмасці грамадзян і некаторых прадпрыемстваў, з заявамі аб пакрыцці расходаў звярнуліся 265 страхавальнікаў.

З нагоды прафесійнага свята хацелася б павіншаваць не толькі падначалены калектыў, але і ўсіх тых, хто з намі супрацоўнічае, верыць нам і давярае. Няхай у вашым жыцці будзе як мага менш страхавых выпадкаў, а сумесная работа прынясе карысць і надасць упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Сяргей БРАЖАЛОВІЧ,

дырэктар прадстаўніцтва

Белдзяржстраху па Валожынскім раёне



Добавить комментарий