Шэсць маршрутаў на турыстычнай карце раёна

Культура

На тэрыторыі Валожынскага раёна з’явілася чарговая сетка экскурсійных маршрутаў, распрацаваная па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

 Ролю тураператара ўзяў на сябе Валожынскі цэнтр дзіцячай творчасці. Тут сфарміравалі “турыстычны прадукт” – экскурсіі, праезд, кошты. Маршруты для вандровак вызначала настаўнік геаграфіі са спецыялізацыяй турызм і краязнаўства Валянціна Карнееўна Відзевіч – зараз метадыст цэнтра дзіцячай творчасці. Нядаўна турыстычнае ноу-хау яна прэзентавала дырэктарам і загадчыкам сярэдніх і дашкольных устаноў адукацыі раёна падчас іх сходу на базе СШ № 1 райцэнтра.

Вы наведвалі школу паласатых эльфаў пад Івянцом? Каталіся ў карэце па сельскіх дарогах? Ляпілі свістулькі альбо выцягвалі на ганчарным крузе збан з эластычнай гліны? Назіралі за жыццём дзікіх пушчанскіх зуброў? Кожны турыст знойдзе на Валожыншчыне нямала забаў!

Нават калі вы чакаеце ў госці замежных сяброў, можна цікава паказаць ім самабытную Беларусь, не выязджаючы за тэрыторыю раёна: маленькія вёскі ў акружэнні густых лясоў, каларытныя сельскія бабулі, таленавітыя рамеснікі, народныя музычныя калектывы… Усяго не пералічыць!

Пакуль на турыстычнай карце раёна сем населеных пунктаў, плюс – наведванне некалькіх аграсядзіб. Падарожнічаць выгадна вялікай кампаніяй. Турыстычнымі прапановамі ўжо зацікавіліся школьнікі.

 Экскурсія “Архітэктура Налібоцкага краю” па маршруце Валожын – Пяршаі – Івянец пазнаёміць з тыповай планіроўкай мястэчак XVIII-першай паловы XIX стагоддзяў, мураванымі і драўлянымі помнікамі архітэктуры. Гідам па Валожыне назначана настаўнік гісторыі СШ № 2 Аксана Іванаўна Пятровіч. Экскурсавод зверне вашу ўвагу на пачатак XV стагоддзя, калі “Хроніка Быхаўца” ўпершыню згадвае пра князёў Валожынскіх. Прапануе паглядзець на два аднолькавыя палацы графоў Тышкевічаў, у адным з якіх зараз размешчаны РАУС, а другі знаходзіцца на тэрыторыі воінскай часці. Райцэнтр славіцца мураваным касцёлам Св. Юзафа, пабудаваным у стылі класіцызму, царквой Святых Канстанціна і Алены – адным з самых вялікіх драўляных храмаў у Беларусі. Захаваўся тут і будынак вышэйшай яўрэйскай рэлігійнай навучальнай установы – іешывы, дзе на працягу XIX стагоддзя вучыліся слухачы з розных краін свету.

У Пяршаях вас сустрэне Алена Вікенцьеўна Шапавал – настаўнік гісторыі мясцовай школы. Яна пазнаёміць падарожнікаў з помнікам архітэктуры XX стагоддзя – касцёлам Святога Юрыя, пабудаваным на сродкі графа Тышкевіча. Распавядзе пра трагічны лёс ксяндзоў-манахаў, якія служылі тут падчас Вялікай Айчыннай вайны. Завядзе ў краязнаўчы музей Пяршайскай СШ, экспанаты якога раскажуць пра драматурга і пісьменніка В. Дуніна-Марцінкевіча, які жыў больш за 40 гадоў у маёнтку Малая Люцінка пад Пяршаямі.

 З гісторыяй Івянца вас пазнаёміць Таццяна Ігараўна Загавалка. Пакажа галоўныя старажытныя славутасці мястэчка – касцёл Св. Міхаіла Арханёла, касцёл Св. Аляксея. Распавядзе пра жыццё беларускага народнага ўмельца, разьбяра па дрэве Апалінарыя Пупко, які пакінуў пасля сябе сотні скульптур, карцін, малюнкаў. Не застанецца без увагі турыстаў і лёс рэвалюцыянера Ф. Э. Дзяржынскага, радзімай якога з’яўляецца Івянеччына. Кераміка, што праславіла івянецкіх майстроў нават за межамі нашай краіны, – адна з экскурсійных тэм. Падарожнікі змогуць наведаць музей А. Ф. Пупко (XX стагоддзе), Івянецкі музей традыцыйнай культуры, сядзібу П. Дарагунцава (пачатак XX стагоддзя).

 Маршрут “Сляды гісторыі роднага краю” праходзіць па месцах, багатых гістарычнымі і культурнымі падзеямі – Валожын – Сакаўшчына – Вішнева – Багданава. Адкрые яго экскурсія па райцэнтры. У Сакаўшчыне настаўнік гісторыі мясцовай школы Марына Васільеўна Чэрнік павядзе вас у Свята-Іллінскую царкву, пакажа Сакаўшчынскую ГЭС, распавядзе пра помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, прапануе наведаць краязнаўчы музей Сакаўшчынскай сярэдняй школы і дом, дзе нарадзіўся і вырас Віктар Антонавіч Каваленка – беларускі крытык і літаратуразнавец, акадэмік, заслужаны дзеяч Беларусі.

Экскурсію па Вішневе можна пачаць песняй “Люблю наш край, старонку гэту…”, словы якой належаць беларускай паэтцы Канстанцыі Буйло, чый лёс звязаны з гэтым мястэчкам. Гід па Вішневе – педагог-арганізатар мясцовай СШ Таццяна Іосіфаўна Беланоўская таксама раскажа вам пра лаўрэата Нобелеўскай прэміі і экс-прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса, які тут нарадзіўся. Вы ўбачыце касцёл Звеставання Панны Марыі, пабудаваны ў XVII стагоддзі ў стылі ранняга барока з элементамі рэнесансу, і царкву Святых Касьмы і Даміяна, наведаеце магілу Канстанцыі Буйло і паэта-перакладчыка, краязнаўца Пятра Біталя, пабываеце ў будынку былога металургічнага завода.

Багданаву прынёс вядомасць жывапісец-пейзажыст Фердынанд Рушчыц. Пра мастака, які нарадзіўся тут у 1870 годзе і стаў затым сусветна вядомым, раскажа мясцовы экскурсавод.

 Праз Валожын – Доры – Ракаў праходзіць маршрут “Зямля валожынская – слаўная зямля”. Пасля агляднай экскурсіі па райцэнтры, адзін з пунктаў якой – прыпынак ля помніка Смуткуючай маці, вы адправіцеся ў вёску Доры, вядомую з другой паловы XV стагоддзя. Пра яе трагічны лёс нагадвае мемарыяльны комплекс “Загінуўшых чакаюць вечна”: тут у 1943 годзе ў драўлянай Пакроўскай царкве фашысты жывымі спалілі больш за 100 мірных жыхароў…

У Ракаве ўразіць касцёл Маці Божай Ружанцовай і Cвятога Дамініка, пабудаваны па ўсіх архітэктурных канонах сярэдневяковай готыкі, капліца Святой Ганны з брамай-званіцай, з-пад якой б’е цудадзейная крыніца. Лічыцца, што гэта вада дапамагае вылечыцца ад шматлікіх захворванняў. Настаўнік беларускай мовы Ракаўскай СШ Вольга Чаславаўна Багарэвіч зацікавіць турыстаў легендай пра сляпога старца, якому ў сне з’явілася Маці Божая і паказала дрэва, побач з якім трэба было капаць. Раніцай старац і сапраўды знайшоў крыніцу на тым месцы. Памыўшы твар крыштальна чыстай крынічнай вадой, чалавек пачаў бачыць… Спаса-Праабражэнская царква XVIII стагоддзя з помнікам-брамай, пабудаваным у гонар 25-годдзя адмены прыгоннага права, захоўвае ў сваіх сценах цудатворны абраз Божай Маці Ракаўскай. Затым падарожнікам прапануюць наведаць прыватную галерэю Фелікса Янушкевіча.

 На экскурсійным маршруце Валожын – аграсядзіба “Коні-поні” – Ракаў гістарычную праграму разнастаяць прапановамі турбізнесу. Фермерская гаспадарка “Коні-поні”, размешчаная ў вёсцы Міхалова, займаецца гадоўляй запражных коней і поні. Тут можна паглядзець на рэдкіх для Беларусі коней парод Шайры і Фрызы, а таксама Уэльскіх поні. Гаспадары прапануюць пакатацца ў карэце ці дыліжансе. Гарадскія дзеці будуць у захапленні ад птушынага двара і заапарка, дзе жывуць поні, казляняты, ягняты і трусы.

 Па такім жа прынцыпе арганізавана вандроўка Ракаў – Івянец – аграсядзіба “Ганка”. Пасля экскурсіі па старажытным Ракаве вас чакае знаёмства з Івянцом, дзе можна наведаць ганчарную майстэрню, кузню, майстэрні дрэваапрацоўкі і ткацтва.

Аграсядзіба “Ганка” прапануе забаўляльныя праграмы для дзяцей, выступленні тэатра “Батлейка”. Снежнай зімой тут можна пакатацца на санях, а ў цёплую пару – вярхом на кані. Летам заахвочваюць купацца ў чыстай, празрыстай вадзе ляснога возера з пясчаным дном, якое знаходзіцца недалёка ад сядзібы. У адным кіламетры ад “Ганкі” захаваліся сцены карчмы сярэдзіны XIX стагоддзя. А ў 4-х км, у вёсцы Дубравы, знаходзіцца “Дзявочая гара” з пахаваннямі IX-X стст., будынак старадаўняга вакзала. Паблізу, у вёсцы Вялiкiя Крывiчы – царква Аляксандра Неўскага (1865-1866 гг. пабудовы). Тут таксама захаваліся элементы першапачатковай брукаванай дарогі на Вільнюс (Старавіленскі гасцінец).

У Беларусі XIX стагоддзя налічвалася больш за чатырыста мястэчак. З тыповымі і добра захаванымі, праслаўленымі сваімі рамёствамі і знакамітымі людзьмі, вас пазнаёміць экскурсійны маршрут Ракаў – аграсядзіба “Свет пчол” – Івянец. У вёсцы Барок можна прылучыцца да старажытнага пчалярнага промыслу. Тут працуе патомны пчаляр Васіль Фралоў, які працягвае традыцыі, закладзеныя яго дзедам. Пасля экскурсіі па сядзібе гасцей чакае дэгустацыя свежага мёду і бліны з чаем.

Па жаданні ўдзельнікаў праграма турыстычных маршрутаў можа карэкціравацца.

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий