Прэвентыўная накiраванасць

Закон и порядок

У бягучым годзе значна актывізавалася дзейнасць праваахоўных органаў вобласці па ўжыванні мер прэвентыўнага характару ў мэтах папярэджання асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў супраць асобы ў сямейна-бытавой сферы. У якасці дзейснай меры папярэджання такіх злачынстваў з’яўляецца прыцягненне вінаватых асоб да крымінальнай адказнасці па артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

За пагрозы забойства, прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэння маёмасці агульнанебяспечным спосабам могуць быць прызначаны грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы, арышт, абмежаванне волі тэрмінам да 2 гадоў і пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

За 9 месяцаў 2015 года праваахоўнымі органамі вобласці распачата 116 такіх крымінальных спраў у дачыненні да 83 асоб. Крымінальная справа аб злачынстве, прадугледжаным артыкулам 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца справай прыватна-публічнага абвінавачвання і ўзбуджаецца не інакш як па заяве чалавека, які пацярпеў ад злачынства. Вытворчасць па такой справе можа быць спынена судом у выпадку прымірэння бакоў. Дзеючае заканадаўства дае права пракурору ўзбуджаць крымінальныя справы прэвентыўнай накіраванасці нават пры адсутнасці заявы таго, хто пацярпеў ад злачынства.

Крымінальныя справы па арт. 186 узбуджаюцца пракурорам па ўласнай ініцыятыве ў тым выпадку, калі злачынства здзейснена ў дачыненні да асобы, якая знаходзіцца ў службовай або іншай залежнасці ад абвінавачанага ці па якіх-небудзь іншых прычынах не здольна самастойна абараніць свае правы і законныя інтарэсы. Пры гэтым такая справа не падлягае спыненню па прымірэнні бакоў. У жніўні бягучага года, напрыклад, пракурор Старадарожскага раёна ўзбудзіў падобную справу ў дачыненні да непрацуючага С., 1983 года нараджэння, які ў стане алкагольнага ап’янення па месцы жыхарства распачаў сварку з жонкай, падчас якой пагражаў ёй забойствам і душыў. Мужчына быў асуджаны да 240 гадзін грамадскіх работ.

Вольга ТРУБІНА,

старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці



Добавить комментарий