Сакаўшчынскі сельскі Цэнтр культуры

Официально

Нядаўна Сакаўшчынскі сельскі Цэнтр культуры запрасіў на 9-е раённае свята фальклору “З крыніц жыватворных”. Гасцінныя гаспадары ўстановы ў асобе дырэктара Алены Феліксаўны Рыснік і яе калег шчыра сустракалі ўдзельнікаў свята, якія прыбывалі з розных куткоў раёна.

Да гэтага дня была падрыхтавана цікавая выстава гурткоўцаў СЦК і іх кіраўнікоў. Уразілі выставы вышыўкі Алены Феліксаўны Рыснік, лялькі, паясоў Наталлі Феліксаўны Хаванскай і яе выхаванцаў. Залу, сцэну і фае аформілі ў народным стылі.

Адзін за адным выходзілі на сцэну калектывы і асобныя выканаўцы. Гучалі працяжныя абрадавыя і жартоўныя песні, побытавыя танцы застаўлялі ісці ў скокі. У свяце прымалі ўдзел вядомы Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Гасцінец” Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці (кіраўнік Л. С. Пятроўская), старэйшы фальклорны калектыў “Сівічанка” (кіраўнік І. В. Лоўчая) Сівіцкай сельскай бібліятэкі-клуба і ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Бацькаўшчына” Дубінскога СЦК (кіраўнік Т. У. Каляда). Сярод музыкаў-самавукаў цешыў арыгінальнай ігрой на самаробных інструментах “чалавек-аркестр” Яўген Іванавіч Зінкевіч з в. Бабры і дэбютант свята жыхар райцэнтра, гарманіст Пётр Іванавіч Скапец. Амаль кожная клубная ўстанова прадставіла свае калектывы з народнымі песнямі, танцамі, жартамі. Завяршылася праграма выступленнем вакальнай групы хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” РЦК (кіраўнік Я. І. Харук).

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч адкрыў свята і на працягу яго, пасля выступленняў калектываў, уручаў дыпломы, знаходзячы кожнаму трапныя словы-пажаданні.

Пасля асноўнай праграмы свята адбыўся майстар-клас па развучванні побытавых танцаў сярод удзельнікаў і гледачоў, які правяла са сваім калектывам кіраўнік “Гасцінца” Лізавета Станіславаўна Пятроўская.

Ірына МАНДРЫК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *