Родны сэрцу кут. Пералясанка

Культура

У кожнага чалавека ёсць мясціны, якія яму асабліва дарагія, бо там прайшло дзяцінства, праляцелі юначыя гады. Туды, дзе б ні быў, заўсёды імкнецца твая душа. А ты, калі няма магчымасці з’ездзіць, то хоць у думках наведваеш іх раз-пораз.

 Для мяне асабіста такім куточкам на зямлі з’яўляецца вёска Пералясанка ці, правільней сёння будзе сказаць, хутар Нелюбы, што ў Валожынскім раёне. Бо ўсё ж такі якая гэта вёска – тры хаты. Яе няма ні на карце, нічога пра яе не прачытаеш і ў Беларускай энцыклапедыі. Як быццам і наогул не існуе.

Хаця ў мяне захаваўся план мясцовасці, датаваны 1926 годам, дзе гэтыя мясціны называліся ўрочышчам Пералясанка. Так і напісана “ПЛАН обрезок из урочища Перелесанка имения Воложин Виленской губернии Ошмянского уезда”. Мабыць, захаваўся ад майго прадзеда Антося Нелюба, які прыехаў сюды з Кібуцяў і служыў лесніком у пана. Дзесьці тут захаваліся і сляды леснічоўкі.

Відаць, спадабаліся яму гэтыя мясціны, бо так і застаўся ў той леснічоўцы жыць. Пасля купіў надзел зямлі, жаніўся, абзавёўся сямю дзецьмі. Дочкі выйшлі замуж, а тры сыны, Антось, Янка і Стась, з цягам часу пабудавалі сабе, а дакладна пасля вайны, бо немцы ў 1944-м усё спалілі, асобныя хаты, якія стаяць да сёння. Быў у прадзеда і родны брат Аляксей, значыць, род Нелюбаў з Кібуцяў пайшоў далей.

Чаму ён асеў менавіта тут – хто яго ведае, можа, прыгажосць прыроды яго зачароўвала, а можа, вабіў лес, які рос і расце адразу за плотам.

А мяне туды цягне, каб паслухаць цішыню, падыхаць чыстым паветрам, якога даўно пазбаўленыя гарады. А яшчэ адчуць неймаверную прастору; табе здаецца, што вось гэты лес і гэта поле, і ўдалечыні рэчка належаць менавіта толькі табе. Усё разам дае нейкія сілы, заражае станоўчай энергіяй.

Хаця даўно ўжо там мяне ніхто не чакае, няма з кім пагаварыць, падзяліцца сваімі радасцямі, расказаць пра боль, які, бывае, разрывае душу. Але такое яно наша жыццё – адышлі ў іншы свет бацькі, ды і самой ужо… Але не буду пра сумнае. Лепш раскажу пра людзей, якія тут жылі і жывуць і мне асабліва дарагія.

Першая хата на хутарку – наша. Яе пабудаваў мой дзед Антось, які быў выдатным сталяром – стол, лавы, шафа, шафка па сённяшні дзень стаяць і маюць нядрэнны выгляд. Шкада, што ён рана памёр, у 1948-м, яшчэ нават бацька не жаніўся, і мне не давялося яго пабачыць, пасядзець у дзяцінстве на яго каленях, паслухаць аповед пра жыццё-быццё. Відаць, вайна наклала адбітак, а яшчэ тое, што новая ўлада адабрала зямлю, усё “перакроіла” на свой лад.

Бабуля, яе звалі Алімпіяда, ці Алімка, у дзявоцтве Урбановіч, не раз успамінала, што аддала ўсё золата, якое далі ў пасаг бацькі (а яны на той час былі не з бедных), каб купіць надзел зямлі. А як цяжка было адбудоўвацца пасля вайны. З-за ўсяго гэтага, мабыць, захварэў на сухоты і памёр дзед. За гаспадара застаўся мой бацька, якому на той час было 23 гады. Была яшчэ дачка Ядзя, але за год да смерці свайго бацькі выйшла замуж у Брылькі за Івана Радыну, там і пражыла ўсё жыццё.

А бабуля ўвесь час жыла разам. Дапамагала гадаваць пасля сынавых дзяцей, гэта значыць, мяне з братам. Цікавая яна была жанчына. Пісьменная. Ведала шмат розных казак, асабліва чарадзейных, вершаў, паданняў. Любіла спяваць. Якую б работу ні рабіла, заўсёды з песняй. А яшчэ з добрым пачуццём гумару, рознымі прымаўкамі, прыгаворкамі.

Умела добра вязаць. Уся акруга насіла яе кофтачкі, вязаныя кручком. Адкрытая, шчырая душа ў яе была. Нікому не зайздросціла, умела дараваць, вызначалася сціпласцю і дабрынёй. Мая бабуля нарадзілася ў вёсцы Даманоўшчына, што на Валожыншчыне, у заможнай на той час сям’і, у якой было шасцёра дзяцей – тры браты і тры сястры. Два старэйшыя браты закончылі Віленскі ўніверсітэт, але памерлі адразу ж пасля заканчэння. А сям’ю меншага брата Фелікса, які жыў у бацькоўскім доме, меў чацвярых дзяцей, раскулачылі і вывезлі ў Казахстан. Дом забралі, і там шмат гадоў быў сельсавет, не ведаю, як цяпер. Ім яшчэ пашанцавала, усе па волі лёсу апынуліся ў Польшчы. Усе добра ўладкаваліся, але падчас прыезду да нас у госці адчувалася туга па родных мясцінах. У іх не было крыўды на бальшавікоў, але ўспаміны былі вельмі цяжкія, заўсёды плакалі.

Старэйшая сястра маёй бабулі Мальвіна жыла ў Маскве. Яе муж Дзмітрый Балашка родам з Валожыншчыны, закончыў Ленінградскую ваенную акадэмію. Быў рэпрэсіраваны.

Сярэдняя сястра Руфіна выйшла замуж за свайго дваюраднага брата Валодзю Урбановіча і жыла ў Белакорцы. Мелі траіх дзяцей, сыноў-двайнят і дачку. Адзін з сыноў працаваў настаўнікам, добра іграў на балалайцы, але ў маладым узросце загінуў. Другі, Эдуард, працаваў у Белакорцы начальнікам паштовага аддзялення. Дачка Люця, у замужжы Бярозкіна, жыла ў Мінску і выкладала фізіку ў адной са школ. Яе сын Васіль Бярозкін асеў дзесьці на Мядзельшчыне.

Мой бацька Браніслаў Антонавіч Нелюб працаваў брыгадзірам у калгасе, старшынёй Белакорацкага сельскага Савета, пасля ўзбуйнення і аб’яднання яго з Валожынскім – дырэктарам гарпалівазбыту ў Валожыне. Падчас брыгадзірства на яго палетках вырас рэкордны ўраджай жыта, за што быў прэміраваны паездкай на ВДНГ СССР і ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”.

Быў ён чалавекам з лёгкай душой, вясёлым, умеў расказаць так, што ўсе заходзіліся ад смеху, і сам пры гэтым так заразліва смяяўся, а анекдотамі “сыпаў”, як з рога ўсяго многа, добра спяваў. Першай заводзіў заўсёды “Зорку Венеру” на словы Максіма Багдановіча. Ведаў на памяць творы Коласа, Купалы і ўмеў іх добра дэкламаваць. А яшчэ быў добрым кіраўніком, адказным, сумленным чалавекам. І хаця меў адукацыю чатыры класы польскай школы, але валодаў зайздроснымі арганізатарскімі здольнасцямі, што не кожнаму такое і пасля ўніверсітэтаў дадзена.

А колькі пар ён злучыў – некалі ж у сельсавеце распісваліся. Гэта быў чалавек, як цяпер кажуць, з харызмай.

А колькі пар ён злучыў – некалі ж у сельсавеце распісваліся. Гэта быў чалавек, як цяпер кажуць, з харызмай.

Ды толькі дзякуючы бацьку і хутар наш застаўся. Бо ў 1960-х гадах вялася ж палітыка партыі аб зносе ўсіх хутароў і перасяленні хутаран у вёскі. Тут дапамагло знаёмства з высокімі чыноўнікамі, якія часта бывалі ў гасцях і таму закрылі вочы на гэта пытанне. Яму нават кватэру прапаноўвалі ў Валожыне, але Мяне з братам выхоўвала ў строгасці. Ёй не трэба было рабіць заўвагі па некалькі разоў, дастаткова было аднаго позірку. Я з ранняга дзяцінства добра засвоіла, што такое добра і што такое дрэнна.

Марыя БЕРАСНЕВА

 (Працяг будзе)



Добавить комментарий