Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

 

10 снежня ў пасёлку Багданаў будуць праводзіцца святочныя мерапрыемствы з нагоды 145-годдзя з дня нараджэння нашага земляка, вядомага мастака Фердынанда Рушчыца. Менавіта ў гэты дзень у мясцовым аддзяленні паштовай сувязі адбудзецца ўрачыстае гашэнне канвертаў з дапамогай спецыяльнага каляндарнага штэмпеля.

Мяркуецца, што ў аддзяленне паступіць 1000 мастацкіх канвертаў з партрэтам мастака і выявай карціны «Каля касцёла». Каляндарны штэмпель выраблены ў выглядзе палітры, на ім будзе ўказана дата гашэння і месца – АПС “Багданава”. Гэта мерапрыемства ўжо зацікавіла калекцыянераў з усёй рэспублікі, а, магчыма, і не толькі.

2 снежня работнікі культуры на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовічам наведаліся ў Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Напярэдадні Дня інвалідаў яны правялі дабрачынную акцыю: перадалі насельнікам рэчы, сабраныя работнікамі ўстаноў культуры, пачастункі.

З надыходзячымі Каляднымі і Навагоднімі святамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі павіншавала старшыня прафкама Н. П. Лоўчая.

Пры поўнай зале народны ансамбль народнай песні “Сваякі” выступіў з гадзіннай канцэртнай праграмай. Гледачы аддзячылі самадзейным артыстам шчырымі апладысментамі. Цёплыя словы за дабрачынны канцэрт і ўвагу выказаў і дырэктар установы В. У. Прыёмка.

 

Члены клубаў “Лэдзі” і “Залатая восень” раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па ўласнай ініцыятыве пабывалі ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Жанчыны вырашылі пазнаёміцца з дзецьмі, якіх штодня дастаўляюць сюды, каб праводзіць навучанне і рэабілітацыю. На той момант выхаванцаў было шасцёра з васьмі. Работнікі разам з дзецьмі паказалі гасцям клас для навучання, сацыяльна-бытавы і гульнявы пакоі. Тыя ў сваю чаргу падарылі дзецям ласункі і мяккія цацкі.

 

Нядоўга праіснаваў на новым месцы пункт прыёму шклатары, які “пераехаў” з асобнага аварыйнага памяшкання на вуліцу Кірава ў райцэнтры (былы магазін “Гарачы хлеб”).

Цяпер яго функцыі выконвае прадуктовы магазін “Сузор’е” па вуліцы Савецкай. Там дастаткова вялікія складскія памяшканні і невялікі прыток пакупнікоў. Як адзначылі ў магазіне, на сённяшні дзень прымаюцца толькі два віды бутэлек, ёмістасцю 0,5 і 0,7 літра, і паўлітровыя слоікі.

 

Другі год на базе аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе гурток “Сацыяльны турызм”, якім кіруе Крысціна Спічак. Заняткі не абмяжоўваюцца толькі віртуальным турызмам, члены гуртка займаюцца спартыўным турызмам (праводзяць выязныя спартакіяды, спаборніцтвы), пры магчымасці выязджаюць на экскурсіі па раёне і за яго межы. Наведваюць заняткі гуртка да 30 чалавек.

Падчас апошняга пасяджэння, якое называлася “Эверэст: за мяжой магчымага”, з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі пажылыя валожынцы здзейснілі ўзыходжанне на легендарную вяршыню. У бліжэйшы час іх чакаюць віртуальнае падарожжа ў Гродна і расказ пра загадку “Перавала Дзятлава”.

 

Работнікі раённай спажывецкай кааперацыі не на словах рыхтуюцца да Калядных і Навагодніх свят. Ужо 3 снежня ў продажы ў магазінах “Глобус” і “Гасцінец” з’явіліся пернікавыя ёлачкі вагой па 100 грамаў. Заглазураваныя зялёнай памадкай, прыбраныя каляровымі і залаціста-сярэбранымі ядомымі ўпрыгажэннямі, каштуюць яны ўсяго 4 тысячы 600 рублёў. Выпякаюць іх у мясцовым кандытарскім цэху аддзела грамадскага харчавання.

Кандытары плануюць пайсці далей, і з пернікавага цеста ствараць навагоднія яркія домікі, валёнкі і рукавічкі. Для гэтага толькі патрэбна набыць адпаведныя трафарэты. На кірмашах, якія запланаваны ў Валожыне на 24 і 30 снежня, а ў Івянцы – на 23 і 29 снежня, кааператары абяцаюць уразіць пакупнікоў вялікім выбарам кулінарных і кандытарскіх вырабаў, паўфабрыкатаў да святочнага стала.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *