Жыў мастак на Валожыншчыне

Культура

10 снежня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца – мастака, графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога.

Фердынанд Рушчыц нарадзіўся 10 снежня 1870 года ў маёнтку Багданаў Ашмянскага павета Віленскай губерні. Жывапісец, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Творчасць Рушчыца звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы і Літвы.

Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце (1890-1892) і акадэміі мастацтваў (1892-1897). Прафесар школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (1904-1907), Кракаўскай акадэміі мастацтваў (1907-1908). У 1919-1932 гадах – прафесар аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта. Лепшыя творы мастака – карціны “Зямля” (1898), “Млын” (1899), “Каля касцёла” (1899), “Вясна” (1907) і іншыя.

Дзіўна, але гэта так: Фердынанд Рушчыц для старэнькіх жанчын быў і не панам, уладальнікам маёнтка ў Багданаве, і не мастаком. Што яны, непісьменныя, сямнаццацігадовыя, разумелі ў далёкія дваццатыя ў мастацтве? Ведалі толькі, што любіў маляваць.

Ён быў для іх Чалавекам.

Колькі павагі жыло ў словах, колькі радасці палымнела ў вачах, колькі добрай катэгарычнасці ва ўспамінах!

У Багданаве жылі жанчыны, чые спрацаваныя на зямлі рукі памяталі цёплы поціск далоні мясцовага шляхціча Фердынанда Рушчыца. Дабрэйшага чалавека. Асветніка. Вучня Шышкіна і Куінджы па Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Прафесара жывапісу Кракаўскай акадэміі мастацтваў.

З ліста пані Яніны: “Мой бацька нарадзіўся ў Багданаве і быў адзіным сынам у сям’і. Атрымаў вельмі добрае выхаванне. З маладых гадоў, акрамя польскай, вывучаў таксама нямецкую, французскую мовы, шмат маляваў. Захаваліся малюнкі шасцігадовага Фердынанда. У 1892 годзе паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Меў там шмат таварышаў, але найбольш зблізіўся з Вільгельмам Пурвітам – латышскім пейзажыстам. Быў у добрых адносінах з Рыловым. У час вакацый выязджаў самастойна пісаць пейзажы. Майго бацьку цікавіў тады марскі пейзаж – ён двойчы пабываў у Крыме, на берагах Балтыі. Дыпломная работа бацькі аб’ядноўвала некалькі карцін, дзве з якіх былі кампазіцыямі, а трэцяя (“Вясна”) адлюстравала прыроду Багданава. Пазней яна была набыта П. Траццяковым для сваёй славутай галерэі… Багданава і ваколіцы былі для Рушчыца скарбонкай творчых задум і сюжэтаў для карцін. Тут былі напісаны найбольш вядомыя яго работы. Цікавы факт: млын каля вёскі Дзясятнікі выступае як дэталь у многіх карцінах і малюнках.

Бацька мой быў чалавекам эмацыянальным. Яго чаравала архітэктура Вільнюса, яго хвалявала народнае мастацтва, адміранне якога ён спрабаваў спыніць, бо бачыў яго велізарную эстэтычную каштоўнасць. У 1905 годзе ў час экскурсіі ў Шчорсы Рушчыц рабіў эскізы народных касцюмаў, якія ў той час насілі вясковыя жанчыны. На валожынскіх кірмашах скупляў саматканае палатно, прыгожыя жаночыя хусткі…”

Іншы раз я перачытваю ліст Яніны Рушчыц. І заўсёды думаю пра тое,   што жыццё яе бацькі – прыклад самаадданай працы ў мастацтве, рэалістычнага адлюстравання жыцця, сапраўднай павагі і любові да народа, яго традыцый і побыту. Ваколіцы Багданава з бясконцым сінім небам і журботна-ціхімі жураўлінымі ранкамі чаравалі Рушчыца-хлапчука, імі захапляўся Рушчыц-мастак, сюды, да бурштынавых бяроз, ён прыехаў і паміраць. “Дарагі пан Станіслаў, – пісаў Ф. Рушчыц 26 кастрычніка 1932 года С. Ларэнцу, – ляжу і не магу ўставаць. Доктар хоча забраць у бальніцу і там паняньчыцца са мной…” Рушчыц занямог сур’ёзна. Ён не мог ужо пісаць правай рукой. Працаваў левай і не ведаў, што толькі чатыры вясны накукуе яму ў вечаровым бары маладая зязюля. Чатыры – і ні дня болей…

Полем, па прыхопленай першымі маразамі зямлі, крочым з Марыяй Язэпаўнай Ясенчак на тое месца, дзе стаяў калісьці маёнтак Рушчыцаў. Цяпер тут нічога няма. Што не захавалі гады – данішчыла вайна. Астатняе сцёр з зямлі пажар у 1963 годзе. Толькі разбураныя скляпы, падмуркі, невялікі ручаёк ды старыя, як і гэтыя камяні, дрэвы напамінаюць аб тым, што раней тут жыў чалавек…

– Хоць і лічылася вёска за Рушчыцам, – гаворыць М. Ясенчак, – але людзей працы яны паважалі. Які ён быў пан… Так, адна назва! Фердынанд, дык ён зямлёй і не цікавіўся, усё болей па Расіі раз’язджаў. А я тады пры двары пакаёўкай працавала. Любілі мяне, маладую.

Надта шмат кніг меў Рушчыц. Вялікія такія кніжкі, прыгожыя. Бывала, прыйду з гулянкі-вечарынкі, спаць раніцай хочацца (жыла я ў маёнтку), а ён будзіць. “На, – кажа па-польску ці па-беларуску, усяляк умеў гаварыць, – табе, Маня, кніжку, чытай. Тады мне раскажаш, што там напісана”. А я саромлюся, бо непісьменная, усяго дзве зімы хадзіла ў школу. На каленях болей стаяла, чым грамаце вучылася…

З вышыні жыццёвай мудрасці жанчына згадвае перажытае:

– А маляваў як! – дзівіцца яна. – Як здаровы быў, дык кожны дзень з пэндзлем насіўся. Клён насупраць дома стаяў, гняздо бацянова на ім было, дык гняздо гэта Фердынанд намалюе, як жывое! Аж вока разліваецца, так хораша! Мы яму падставачку вынесем у сад ці да азярца, што каля дома было. Астравок на сярэдзіне меўся. На ім любіў працаваць Рушчыц… Хадземце, я вам зараз месца тое пакажу. Ву-унь яно, за горачкай. Толькі вады няма ў азярцы ўжо. Была, ды сплыла…

Сплыла вада. Згарэў дом, і паспелі ўжо загаіцца чорныя выжарыны. Маўчыць час. Маўчаць старыя дрэвы, што паўвека назад бачылі і чулі Рушчыца. Толькі чаму яны старыя? Якраз і не. Гэта людскі век адструменіў сваё, а дрэвы, яны вехі вечнасці. Яны ў самай красе і моцы. Ім яшчэ жыць і жыць. Жыць і маўчаць. Інакш не бывае. Адзіныя, хто можа прыпомніць той час і мастака, – гэта людзі.

 

Людміла Іванаўна Турак: “Калі што, крыкніце, бо я ўжо недачуваю, дзве вайны перажыла, гэта не жартачкі. Здароўя няма, але вам пра Рушчыца раскажу, што ведаю. Страшна міласцівым чалавекам ён быў. Калі згарыць хата ў каго, то лесу дарам дасць. Пад Новы год прыедзе, бывала, дамоў, людзей да сябе зазаве (ён любіў кампаніі), сталы загадае паставіць, павіншуе ўсіх са святам, дзецям падарункі раздасць. Не скупы быў Рушчыц… Бывае, спаткаеш пана на вуліцы і ўжо ідзеш, каб руку пацалаваць яму – мода раней такая была. Дык Рушчыц рукі не дасць, а сам мяне ў галаву пацалуе… Гаспадар мой Гаўрыла Андрэевіч у маёнтку сталяром быў. Паламаецца што дзе, дык ён адрамантуе. Курыў многа мужык мой, дык Фердынанд яму попельніцу падарыў. Яна і цяперака ёсць. Памяць…”

Уладзіслава Язэпаўна Гардзей: “Я вось вам што зараз раскажу. Можа, і не чулі яшчэ. Маёнтак Рушчыцаў стаяў трохі воддаль ад вёскі. Адзін дом быў мураваны, другі з дрэва. Той, дзе сталовая. Значыць, як заходзіш у сталовую, дык каля дзвярэй, па левай руцэ, рускія салдаты намаляваныя былі ў поўны рост, са стрэльбамі. Я і пытаюся ў Фердынанда: “Чаму, пан, намаляваў іх тут, ды яшчэ такіх прыгожых?” А ён мне: “Я, Уладзіслава, надта рускіх салдат люблю”. І як ішоў абедаць, дык заўсёды гаварыў: “Добры дзень, салдацікі”.

Яніна Людвікаўна Радзівіловіч: “Выйдуць кабеты вясковыя на зажынкі, дык і Фердынанд у поле праходзіць з жонкай. Мы вянкі з каласкоў плялі, ім дарылі. Пасля ўжо разам песні пяём. Хочаце паслухаць адну з іх? Ну, дык спяю зараз. Яе Рушчыц асабліва любіў…

Пажалі жыта,
Пажнём і ярку.

Прыйдзем да панавага

Фальварку.

Да фальварку новага,

Да пана добрага.

– Ці рад, пан, вянок прымаці

І гасцей дараваці?

Абдымі, пан, паню мацней,

Дык будзе жыта гусцей!”

– Ну, а зараз мы пакажам вам карціну Рушчыца, – сказалі мне ў Багданаве на развітанне.

– У вёсцы захаваліся яго работы? – не паверыў я.

– А што тут дзіўнага. Яго тут памятаюць і шануюць…

І павялі мяне па нешырокай вуліцы ў адну з вясковых хат. І паказалі вялікую карціну. І сказалі назву – “Святы Міхаіл”. І расказалі цікавую гісторыю яе стварэння. Усё расказалі: і дзе маляваў Фердынанд палатно, і калі, і хто бачыў гэта, і як перадаў людзям.

Я паверыў. Хацеў парадаваць Яніну Фердынандаўну і адправіць у Варшаву фотакопію. “Што да карціны, здымак якой вы дасылалі, то гэта не работа майго бацькі, – праз колькі часу адпісала мне Яніна. – І касцёл у Вішневе ён не афармляў, а толькі паказаў яго архітэктуру і інтэр’ер у некаторых карцінах і малюнках…”

Так рушацца легенды!

Але сам факт яе існавання мяне парадаваў і да шчымлівасці ўсхваляваў. Як жа трэба любіць мастака-земляка, каб вось так, усёй вёскай, шчыра верыць у тое, чаго не было! Я не стаў тады расчароўваць багданаўцаў. Няхай жыве ў іх сэрцах цудоўная казка, няхай радуе іх, няхай майскай вясёлкай зіхаціць адчуванне свята. Няхай родзіць і не бяднее на хлеб зямля, з якой чэрпаў тэмы і задумы самабытны мастак.

У аднолькавай ступені            ён любіў багда наўскіх працавітых сялян і руплівых палякаў з-пад Варшавы, шумныя вуліцы Кракава і маўклівыя руіны Крэўскага замка, маляўнічыя пагоркі Валожыншчыны і зялёныя дубровы Катавіцы.

Творчасць Ф. Э. Рушчыца ў роўнай ступені належыць абодвум народам-суседзям, народам-братам.

У спісе лепшых твораў нашага слыннага земляка асаблівае месца займае карціна “Зямля”, напісаная ім, калі яму споўнілася 28 гадоў. Таленавіты твор быў адразу набыты адным з тагачасных мецэнатаў і аматараў прыгожага мастацтва, да якога па атрыманне свайго шэдэўра на мастацкія вернісажы мусіў неаднаразова звяртацца з просьбамі малады маэстра.

Леанід АНОП
(Матэрыял надрукаваны з раённай хронікі «Памяць»)



Добавить комментарий