Першы блiн не комам

Спорт

На мінулым тыдні на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу “Брылькі” прайшла першая раённая спартакіяда гарпасялковага і сельсаветаў. Удзел прынялі 8 каманд. У якасці ганаровых гасцей на цырымонію адкрыцця былі запрошаны начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышова, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў М. У. Хвядчэня.

З ідэяй памерацца сіламі і спрытам менавіта прадстаўнікам сельскай мясцовасці выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Некаторыя нават не верылі, што мерапрыемства акажацца такім прадстаўнічым. Але настойлівасць, з якой падышлі да справы супрацоўнікі ФАЦ “Надзея”, запаліла сэрцы спартсменаў-аматараў імкненнем да перамогі. За кожным выканкамам быў замацаваны спецыяліст цэнтра, які і рыхтаваў каманды па пяці відах спорту: паркавы валейбол, кіданне мяча ў баскетбольнае кальцо, дартс, набіванне футбольнага мяча, скачкі ў даўжыню.

Трэніроўкі захапілі ўсіх. Адна са старшынь сельвыканкама пазней прызналася, што адкрыла для сябе дартс. “Бачыла, як у яго гуляюць, але і ўявіць не магла, наколькі гэта захапляльна!”

Ды і іншыя практыкаванні і гульні мелі сваіх прыхільнікаў, сваіх майстроў. Каманда Івянецкага пасвыканкама па валейболе паказала зладжаную гульню, яна не пакінула сапернікам ніякіх шансаў на перамогу. Самымі трапнымі пры пападанні мячом у баскетбольнае кальцо аказаліся вішнеўцы, а вось прадстаўнікі Гародзькаўскага сельсавета былі мацнейшымі і пры набіванні футбольнага мяча і ў скачках у даўжыню.

Не сумавалі ў той дзень і балельшчыкі. Надоўга запомніцца гледачам матч па валейболе паміж камандамі Івянца і Ракава. Ён хоць і не ўплываў на канчатковы вынік, але затое якое было відовішча! Тут прысутнічала ўсё, што робіць гульню цікавай: хуткасць, нечаканасць камбінацый.

Хвалюючым момантам стала падвядзенне вынікаў. У асабістых спаборніцтвах (дартс) табліца пераможцаў выглядае так: 1-е месца – старшыня Івянецкага гарпасвыканкама Т. Я. Ліпніцкая, 2-е – прадстаўнік Пяршайскага сельвыканкама С. М. Бубневіч, 3-е – старшыня Валожынскага сельвыканкама Д. К. Карачун. У агульнакамандным заліку на вышэйшую прыступку падняліся спартсмены-аматары Гародзькаўскага сельвыканкама, “серабро” ў пяршайцаў, івянчанам дасталося трэцяе месца.

Пераможцы павезлі дадому кубак, граматы і прызы. Спонсарамі выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму, а таксама раённы Савет дэпутатаў. Галоўным прызам, як лічаць арганізатары спартакіяды, стала тое, што ўсе ўдзельнікі атрымалі зарад бадзёрасці, выдатны настрой і жаданне на наступны год палепшыць свае спартыўныя дасягненні.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму



Добавить комментарий