На лёд – без прыгод

Закон и порядок

Неўзабаве паверхню рэк і азёр скуе лёд. Райарганізацыя Таварыства выратавання на водах лічыць неабходным нагадаць пра правілы бяспекі на нетрывалым пакуль покрыве.

Гэта рашэнне падмацавана і патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 420 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дырэктыву № 1” ад 12 кастрычніка 2015 года. Дакумент быў распрацаваны і прыняты ў асноўным з-за таго, што людзі па-ранейшаму залішне легкадумна ставяцца да ўласнай бяспекі. Гэта пацвярджаецца і статыстычнымі данымі. За апошнія 5 гадоў толькі ў нашым раёне на вадзе загінулі 19 чалавек. І ў гэтым ёсць пэўная віна саміх небарак, многія з якіх паводзілі сябе вельмі неабачліва. А наперадзе – перыяд, асабліва небяспечны для дзяцей, рыбакоў і проста аматараў “пахадзіць па лёдзе”. Першы лёд на вадаёмах – вельмі тонкі і нетрывалы. Трэба памятаць, што бяспечным для чалавека лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 10 см у прэснай і 15 см у салёнай вадзе. Моц ільду саслаблена ў вусцях і прытоках рэк, месцах хуткай плыні, падводных ключоў, сцёкавых вод, а таксама там, дзе шмат расліннасці. Калі тэмпература паветра трымаецца вышэй за 0 градусаў больш за тры дні, трываласць ільду памяншаецца на 25%. Яе можна вызначыць і візуальна: лёд блакітнага колеру трывалы, белы – у два разы слабейшы.

Калі чалавек праваліўся ў ваду, яму нельга панікаваць, рабіць рэзкія рухі. Варта стабілізаваць дыханне, раскінуць рукі ў бакі і паспрабаваць зачапіцца за край ільду. Потым асцярожна налегчы на яго грудзьмі і закінуць адну, а затым другую ногі на лёд. Калі лёд вытрымаў, перакочваючыся, павольна паўзіце да берага, прычым у той бок, адкуль прыйшлі (там лёд ужо правераны на трываласць).

Той, хто аказвае дапамогу, павінен скарыстацца любой доўгай палкай, дошкай ці вяроўкай. Можна звязаць разам шалікі, рамяні, адзенне. Паўзком, шырока расстаўляючы пры гэтым рукі і ногі і штурхаючы перад сабой выратавальныя сродкі, асцярожна рухацца да палонкі. Спыніцеся ад пацярпелага на адлегласці некалькіх метраў і працягніце яму палку ці кіньце вяроўку, затым асцярожна выцягніце небараку на лёд і разам паўзком выбірайцеся з небяспечнай зоны. Пацярпелага дастаўце ў цёплае месца, зніміце з яго вопратку, энергічна разатрыце цела (да пачырванення скуры) змочанай у спірце анучкай або рукамі, напаіце гарачым чаем. Ні ў якім разе не давайце такому чалавеку алкаголь, гэта можа прывесці яго да лятальнага канца.

Юльян БАЛДОЎСКІ,

старшыня РА ГА “ТВВОД”



Добавить комментарий