ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

БЛІНЫ-ЛЯПЕШКІ З АДНАЕ ДЗЕЖКІ

Дзве жанчыны, якія абавязаны пагашаць дзяржаве затраты на выхаванне дзяцей, рашэнне суда ігнаруюць і ад работы ўхіляюцца. Аб чым і паведамілі ў РАУС кіраўнікі прадпрыемстваў. Кожная з прагульшчыц мае запазычанасць больш за 30 мільёнаў рублёў. Узрост гора-маці ўжо набліжаецца да пенсіённага, дзеці іх даўно павырасталі, а разлічыцца з даўгамі ўсё ніяк не атрымліваецца…

Крымінальная адказнасці за ўхіленне ад аліментаў на ўтрыманне дачкі пагражае і жыхару Валожына, якому былая жонка выставіла рахунак на 50 мільёнаў рублёў. Менавіта такая сума набегла за некалькі гадоў.

“КАРЭТА” ДА ДВАРЦА

Мужчыну, неаднойчы судзімага, апошні раз у жніўні гэтага года зноў пацягнула на подзвігі. Убачыўшы, што ў прыпаркаваным аўтамабілі “МАЗ” кабіна адкрыта, а ў замку запальвання тырчаць ключы, рашыў пракаціцца ад Ясьманаўцаў да Дварца. Але ці то не хапіла вадзіцельскага вопыту, ці падвяла затуманеная алкаголем галава, але самазвал каля малочнатаварнай фермы заўпарціўся і загруз. Угоншчык кінуў транспартны сродак і пайшоў пешшу.

На наступны дзень у яўцы з павіннай ён падрабязна апісаў свае прыгоды, якія кваліфікуюцца артыкулам Крымінальнага кодэкса як угон і могуць карацца пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін.

ДАЎСЯ Ў КОСЦІ

На разборкі сямейнага скандалу ў Гярвелях быў выкліканы ўчастковы інспектар міліцыі. Людзі сварыліся з-за грошай, якія зніклі невядома куды. Больш за ўсё абвінавачванняў гучала ў адрас сваяка, неаднойчы судзімага за ўжыванне і захоўванне наркатычных сродкаў. Той спрабаваў адмаўляцца, а калі аргументаў не хапіла, пусціў у ход кулакі. Участковы паспрабаваў уціхамірыць раз’юшанага мужчыну, надзець на яго наручнікі. У адказ работнік праваахоўных органаў атрымаў ад хулігана ўдар па назе. Вынік – складаны пералом…

ЗАЎЧАСНАЯ СМЕРЦЬ

У адной з вёсак раёна зафіксаваны факт самагубства мужчыны працаздольнага ўзросту. Ён даўно палохаў родных імкненнем накласці на сябе рукі. Жонка знайшла цела мужа з перарэзанымі венамі на руках і ранай на шыі…

ЛЮБІЎ БІЦЬ

У следчы камітэт перададзена справа на мужчыну, які падазраецца ў тым, што сістэматычна збіваў сваю сужыцельку, здзекаваўся над ёй, прычыняючы фізічныя і маральныя пакуты. І гэта пры тым, што жыў у кватэры сваёй ахвяры…

АЛКАГОЛЬНЫ ДЫВЕРСАНТ

Адразу некалькі грамадзян былі затрыманы ў райцэнтры з бутэлькамі самагону. Яны прызналіся, што гарэлку набылі ў знаёмага пенсіянера. Гэты мужчына ўжо даўно заваяваў сабе славу падпольнага гандляра. На яго долю прыходзіцца амаль 90 працэнтаў усіх правапарушэнняў у горадзе, звязаных з незаконным абаротам несанкцыянаванага алкаголю. Сума штрафаў, накладзеных на яго, ужо пераваліла за 40 мільёнаў рублёў. І, відаць, лічба неканчатковая…

КРЫМІНАЛЬНЫ АЎТАСЭРВІС

На аўтадарозе Мінск-Гродна невядомыя злачынцы падпільнавалі незамкнёны аўтамабіль, абакралі яго і пашкодзілі лабавое шкло.

Аб падобным здарэнні паведаміў яшчэ адзін аўтаўладальнік. Праўда, яго легкавушка стаяла на ўласным падворку, але гэта не перашкодзіла злодзею пранікнуць у салон і забраць сумку з дакументамі і грашамі.

У ПРЫГОДНІЦКІМ ЖАНРЫ

Ужо тыдзень, як адна непаўналетняя асоба не паказваецца дома. Аб прапажы дачкі паведаміла маці. Дзяўчына не першы раз выпраўляецца ў падарожжа без дазволу бацькоў. Ёй падабаюцца тыя кампаніі, дзе можна выпіць, пакурыць і весці сябе “незакамплексавана”.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий