Праект сацыяльнай iнтэграцыi пры падтрымцы Еўрапейскага саюза

Официально

У партнёрстве з Еўрапейскім Саюзам Валожынскі раён зробіць прыкметны крок па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для людзей з асаблівасцямі фізічнага здароўя. Гэты праект пілотны. Калі ён пацвердзіць сваю эфектыўнасць і жыццядзейнасць, то ў будучым наш вопыт распаўсюдзяць іншыя рэгіёны краіны.

Першым быць заўсёды няпроста. Але, нягледзячы на  першапачатковыя апаскі каардынатараў праекта, падрыхтоўчы этап новай справы ў нашым раёне прайшоў даволі арганізавана. За кароткі тэрмін быў аформлены вялікі пакет неабходных дакументаў, праведзены розныя ведамасныя ўзгадненні, завершана ліцэнзаванне ў Міністэрстве эканомікі, выкананы іншыя абавязковыя працэдуры. А папрацаваць на падрыхтоўчым этапе давялося нямала. І гэта апраўдана. Агульны кошт праекта па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў фінансавым выражэнні не можа не ўражваць: ён ацэнены ў 1 мільён 110 тысяч еўра. Уклад Еўрапейскага Саюза – 999900 еўра. Перыяд рэалізацыі: кастрычнік 2015 – кастрычнік 2018 года.

Партнёры праекта – Валожынскі райвыканкам, грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў», Беларускае грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы», Фонд садзейнічання развіццю дыялога і супрацоўніцтва «Інтэракцыя».

Кожная новая справа, вядома, вымагае не толькі шмат часу, але і фізічных сіл, здароўя. Невыпадкова ў арганізатараў праектнай дзейнасці па лініі Еўрасаюза нават усталявалася такая арыгінальная традыцыя – дарыць асноўным дзелавым партнёрам перад пачаткам маштабнай сумеснай працы ўпакоўку аспірыну… ад галаўнога болю. Але ў рабоце з валожынцамі ад гэтай звычкі ім прыйшлося адмовіцца, бо падрыхтоўчы этап прайшоў арганізавана, без траты лішніх нерваў, без перажыванняў і галаўнога болю. Райвыканкам выступіў асноўным каардынатарам спраў на падрыхтоўчым этапе ўвасаблення амбіцыйнага праекта.

…У нашым раёне жыве каля 2 тысяч чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Сацыяльная праслойка і ўзроставы статус гэтых людзей самы разнастайны.

Такіх людзей нямала і ў Беларусі ў цэлым. Невыпадкова ў апошнія гады даволі пашыраным стаў тэрмін замежнага паходжання «інклюзія». Ён азначае даступнасць, працэс ліквідацыі розных бар’ераў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, іх падтрымку для максімальнага раскрыцця патэнцыялу.

Праект «Валожын без бар’ераў» выконвае гуманную місію: у нашым рэгіёне з улікам выдзеленых вялікіх фінансавых сродкаў будзе створана камфортнае асяроддзе для людзей, абдзеленых лёсам. У ходзе рэалізацыі праекта каля 200 будынкаў сацыяльна-культурнага, бытавога прызначэння пройдуць маніторынг на іх даступнасць для людзей з інваліднасцю.

Пандусамі, спецыяльнымі поручнямі плануецца ў бліжэйшыя гады абсталяваць установы горада, куды найчасцей наведваюцца грамадзяне.

У нашай краіне на праблему стварэння безбар’ернага асяроддзя прадбачліва звярнулі ўвагу ўжо некалькі гадоў таму. Тое-сёе зроблена і ў нашым горадзе. Але асноўная праца яшчэ наперадзе. Таму далейшае развіццё дзяржаўных комплексных праграм па безбар’ерным асяроддзі і еўрасаюзаўскі праект цяпер будуць ажыццяўляцца ў Валожыне ў цеснай узаемасувязі, арганічна дапаўняючы адзін аднаго.

Значную палёгку людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў вырашэнні іх праблем аказвае Беларускае таварыства інвалідаў і яго шматлікія структурныя падраздзяленні. Нямала робіць у гэтым накірунку і раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Стала досыць запатрабаваным і дзённае аддзяленне для інвалідаў і маладых інвалідаў, якое размешчана ў райцэнтры на вуліцы Набярэжнай. Усе гэтыя набыткі і стануць цяпер добрай стартавай пляцоўкай для ўкаранення еўрасаюзаўскага праекта па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў райцэнтры. У прыватнасці, у будынку па вуліцы Набярэжнай, дзе цяпер размешчана аддзяленне для дзённага знаходжання інвалідаў і маладых інвалідаў, у бліжэйшыя два гады будзе праведзена маштабная рэканструкцыя. Тут на другім паверсе абсталююць першы ў Беларусі хосцел на 20 месцаў.

Хосцел (англ. нostel – інтэрнат) – гэта сістэма размяшчэння пастаяльцаў на кароткі ці працяглы тэрмін, прадстаўленне ім спальнага месца, іншых паслуг. Гэта могуць быць інваліды-калясачнікі, слабавідушчыя людзі, з дрэнным слыхам, людзі пажылога ўзросту з рознымі сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. Часова спыніцца тут змогуць і турысты з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама мамы з малымі дзецьмі, іншыя катэгорыі людзей. На другім паверсе цэнтра запланавана абсталяваць кухню, санвузлы з адпаведным абсталяваннем, пакоі для адпачынку і ўсё неабходнае для камфортнага знаходжання пастаяльцаў. Тут у недалёкім будучым размесціцца і канферэнц-зала са спецыяльным абсталяваннем для слабавідушчых і слабачуючых, запрацуе і інфармацыйны пункт. Прычым важная і такая дэталь: абслугоўваць наведвальнікаў хосцела будуць людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Адпачываючыя ў Валожынскім хосцеле змогуць апрабаваць і экалагічную сцежку ў Налібоцкай пушчы, спецыяльна абсталяваную для людзей з інваліднасцю. Гэта сцежка стане часткай турыстычнага прадукту «Даступны Валожын», які будзе прадстаўлены ў час прома-тура, а таксама на турыстычнай выставе ў Мінску.

Скарыстаць шанц укласці фінансы, выдзеленыя па лініі Еўрасаюза, у стварэнне безбар’ернага асяроддзя, у арганізацыю даступнага адпачынку інвалідаў на сваіх тэрыторыях змогуць і пяць аграсядзіб раёна, якія займаюцца аказаннем паслуг сельскага турызму. У час аб’яўленага конкурсу будуць адабраны заяўкі некалькіх прэтэндэнтаў, якія атрымаюць шанц на выдзяленне ім грантаў у памеры 5 тысяч еўра кожнаму.

Плануецца, што праз два гады на базе нашага раёна ў рамках праекта Еўрасаюза пройдзе фестываль сацыяльнай інтэграцыі, у якім прымуць удзел паўтысячы чалавек. Праграму фестывалю падрыхтуюць 60 валанцёраў – удзельнікаў інклюзіўнага лагера.

Перш, чым укараніць праект безбар’ернага асяроддзя, яго арганізатары старанна вывучалі вопыт падобнай дзейнасці ў Еўропе, Амерыцы. Багаты відэаматэрыял быў прадастаўлены і на стартавай канферэнцыі праекта «Валожын без бар’ераў» у кінатэатры «Юнацтва». Сюды 4 снежня завіталі намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бібік, работнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, менеджар праектаў Еўрапейскага Саюза Наталля Стасевіч, старшыня і намеснік старшыні БГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Уладзімір Патапенка і Сяргей Драздоўскі, старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова, менеджар праекта, прадстаўнік фонду «Інтэракцыя» Ірына Іванова і іншыя.

Амаль да канца 2018 года пры вялікай фінансавай падтрымцы на Валожыншчыне будуць увасабляцца дзясяткі розных мерапрыемстваў: арганізацыйных, будаўнічых, асветніцкіх, інфармацыйных. Рэалізаваць задуманы праект – гэта будзённы клопат адпаведных структур, якія ўзаемадзейнічаюць з Еўрасаюзам у розных сферах дзейнасці, у тым ліку і ў турызме. Мэта праекта – павысіць патэнцыял органаў улады раёна, недзяржаўных арганізацый і пастаўшчыкоў сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю, а таксама развіццё сацыяльнай інтэграцыі.

Задача ставіцца такая: інваліды павінны адчуваць сябе на роўных з іншымі членамі грамадства. Яны павінны без цяжкасцей інтэгравацца ў грамадства, жыць, працаваць, адпачываць без скідак на праблемы са здароўем. Наш горад лічыцца запатрабаваным турыстычным месцам. Таму мясцовыя жыхары, а таксама суайчыннікі, замежныя грамадзяне, якія прыедуць сюды з пазнавальнай мэтай, нягледзячы на праблемы з фізічным здароўем, не павінны сутыкнуцца з мноствам нязручнасцей. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі па ўсяму шляху свайго руху павінны адчуваць, што пра іх паклапаціліся, што ім у час знаходжання ў нашым горадзе будзе ўтульна і камфортна.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий