Мамiн партрэт

Культура

Праблема сацыяльнага сіроцтва ў нашым грамадстве, на жаль, не знікае. Не так даўно ў судзе Валожынскага раёна разглядалася чарговая грамадзянская справа аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

Караліна была адзінай, доўгачаканай дачкой. Бацькі не маглі нацешыцца на любімае дзіця, такое прыгожае і разумнае. Яна ад нараджэння мела ўсё самае-самае: адзенне, цацкі, нават начны гаршчок у яе быў асаблівы, як ні ў каго. Усе капрызы дзяўчынкі выконваліся бацькамі безадгаворачна і без нараканняў. Калі здараліся якія-небудзь канфлікты з удзелам Караліны ў дзіцячым садзе ці пазней у школе, то бацькі і слухаць ніякіх довадаў не жадалі: вінаватым мог быць хто заўгодна, толькі не іх дачка.

Праблемы ў сям’і пачаліся, калі дзяўчынка вырасла, а прывычка жыць лёгка і бестурботна ў яе засталася. З універсітэта “вылецела” за пропускі на першым курсе, з працай у яе таксама не заладзілася, затое бавіць час у вясёлых кампаніях гатова была з раніцы да вечара. Маці перажывала, што ў любай дачушкі лёс не складваецца, можа таму цяжка захварэла і хутка памерла. Бацька, прыходзячы з работы, мыў посуд, рыхтаваў вячэру, прыбіраў у кватэры. Часам прасіў дачку хоць у нечым дапамагчы па доме, але тая толькі агрызалася ў адказ.

Надзеі на перамены да лепшага ў сям’ю прынёс Канстанцін, сур’ёзны малады чалавек, які так закахаўся ў прыгажуню, што нават яе дрэнны характар яго не пужаў. Амаль год Канстанцін глядзеў на любую праз “ружовыя” акуляры, потым стаў заўважаць нейкія хібы, але спадзяваўся, што з нараджэннем дзіцяці Караліна зменіцца ў лепшы бок. Разлічваў на гэта і Каралінін бацька. Але яны абое памыліліся.

Сын толькі раздражняў Караліну. Яна пачала сыходзіць з дому, каб не чуць надакучлівага дзіцячага плачу. Вярталася, ледзь трымаючыся на нагах ад гарэлкі. Канстанцін шкадаваў жонку, спрабаваў уратаваць яе ад згубнай цягі да алкаголю, нават запіраў у кватэры. Паміж маладымі ўсё часцей успыхвалі сваркі. Клопат пра малога цалкам лёг на плечы дзеда і бацькі. А пасля таго, як Караліна закрыла хлопчыка ў цёмнай кладоўцы на суткі, і ён напужаўся да клаўстрафобіі і боязі цемнаты, мужчыны перасталі пакідаць дзіця з гора-маці.

Каханне паміж Канстанцінам і Каралінай згасла пад націскам бытавых праблем і страты ўзаемных інтарэсаў. Канстанцін і не разумеў, як ён мог так памыліцца? Бачыў жа, што жонка не цікавілася нічым, акрамя ўласнай персоны, і ўсё адно верыў, што шчаслівым будзе толькі з ёй…

Пасля разводу Караліна пагадзілася, каб сын застаўся з былым мужам, а сама разышлася ва ўсю. Хоць жылі ў адным населеным пункце, але за год з дзіцем так і не пабачылася. Хлопчыка ўзялі на выхаванне бацькі Канстанціна, бо ён пераехаў у Мінск. Там ажаніўся ў другі раз, у сям’і нарадзіліся двайняты. Канстанцін і іх, і старэйшага сына любіць аднолькава і стараецца забяспечыць дзяцей матэрыяльна, атуліць іх ласкай і ўвагай.

А Караліна? Калі стала пытанне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў, мацярынскае сэрца засталося раўнадушным. “Апамятайся, некалі моцна пашкадуеш аб гэтым!” – ушчуваў Караліну бацька. Ён нават работу ёй знайшоў у кулінарным аддзеле супермаркета, чым вельмі абурыў дачку-гультайку: “Ты хочаш, каб я булкі пякла? Гэта ж цяжкая праца! Не, не буду…”

…Добра апранутая маладая жанчына, усё яшчэ прыгожая: чарнавокая, з шыкоўнымі, але не расчэсанымі валасамі, няўважліва слухала судовае рашэнне, згодна з якім яна пазбаўляецца мацярынства. Побач стаяў Канстанцін і яе бацька, які плакаў.

У гэты час у садзіку на занятках маленькі кучаравы хлопчык з прыгожымі карымі вачыма маляваў сваю сям’ю: тата, бабуля, два дзядулі. Без мамы. Бо няма яе ў яго жыцці…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий