Скалечаная лiпа

Культура

У кожнага з нас часам узнікае жаданне падзяліцца сваімі думкамі ці ўражаннямі з добрымі сябрамі, напрыклад, з чытачамі нашай любімай мясцовай газеты “Працоўная слава”. Вось і ў мяне з’явілася такая нагода.

…Шмат гадоў таму мой малодшы брацік Іосіф, будучы яшчэ падлеткам, пасадзіў каля хаты ліпу, а яго сябар Адам – прыгажуню бярозку. Падраслі тыя саджанцы, закрасавалі нам на радасць.

Так усё жыццё і прайшло пад шум бярозы і ліпы. Ужо няма ў жывых майго любімага брата, а высокая ліпа, пасаджаная яго рукамі, адорвае людзей гаючым водарам і прахалодай у сонечны дзень.

Але неяк часцей сталі чутны размовы на нашай вуліцы Янкі Купалы, што надакучыла старая ліпа сваім лісцем, кветкамі, якія падаюць і засмечваюць вялікую тэрыторыю. У лістападзе з’явіліся два малайцы з брыгады “Альпініст” і ўчынілі неверагоднае: зрэзалі верхавіну ў ліпы. Болем адзывалася сэрца, калі вочы бачылі папсаванае дрэва. Пройдзе шмат часу, пакуль наша ліпа ўзніме прыгожыя галінкі да неба.

Ці задумваецца хто аб тым, што дрэвы таксама хочуць жыць, што яны жывыя, што і яны выконваюць на зямлі нейкую місію…

Хрысціна МАРКОЎСКАЯ, жыхарка Валожына



Добавить комментарий